Туск адзначыў, што нішто не спыніць падтрымання Польшчаю Украіны


28 студзеня ў Варшаве прайшлі польска-ўкраінскія міжурадавыя кансультацыі. Як заявіў прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск на супольнай з прэмʼер-міністрам Украіны Дзянісам Шмыгалём прэс-канферэнцыі, незалежна ад таго, хто пры ўладзе, ніхто і нішто не падзеліць палякаў, калі ідзецца пра дапамогу Украіне.

Дзяніс Шмыгаль і Дональд Туск.
Фота: kmu.gov.ua

Дональд Туск паабяцаў падтрымліваць Украіну матэрыяльна і вайскова, фінансава, дыпламатычна, у рамках працэсу ўваходу Украіны ў Еўразвяз і стасункаў з NATO.

«І тут вы можаце разлічваць на Польшчу як і раней, сёння і ў будучыні», – сказаў польскі прэм’ер.

Паводле яго, такая палітыка будзе «незалежна ад таго, хто пры ўладзе». І незалежна ад пытанняў, «якія нам даводзіцца ўладкоўваць кожны дзень».

«Часам гэта складаныя пытанні. Нават сярод самых блізкіх сяброў узнікаюць канфлікты, розныя інтарэсы, пункты гледжання. Мы можам гаварыць пра гэта вельмі сумленна, без якога-небудзь прыхаванага парадку дня, мяне вельмі натхняе такая атмасфера», – сказаў Туск.

Польскі прэм’ер падкрэсліў, што «ў свеце, ва Украіне, у Польшчы няма такой сілы, якая магла б падарваць нашае сяброўства, нашую салідарнасць, нашую супрацу, асабліва перад абліччам агульнай пагрозы расейскай агрэсіі супраць Украіны і агрэсіўнай палітыкі Расеі адносна ўсёй еўрапейскай і заходняй супольнасці».

Як адзначыў Дзяніс Шмыгаль, бакі абмеркавалі ў тым ліку такія складаныя тэмы, як сітуацыя на мяжы і гандаль у аграсектары, а таксама вызначалі напрамак залагоджвання гэтых пытанняў. Украіна чакае ад Польшчы канкрэтных адказаў на прапанаваныя крокі. Ужо большая частка з іх выкананая, сказаў Шмыгаль.

Ён таксама заявіў, што чакае забароны Еўракамісіяй транзіту і экспарту тавараў з Расеі і Беларусі.

Аналітыка
Беларусь можа страціць сотні мільёнаў еўраў ад збожжавых санкцыяў ЕЗ. Але ці гэта балюча?
2024.03.22 19:46

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў