Улады забыліся, што абяцалі пачаць рамонт Чырвонага касцёлу ў Менску


Кіраўніцтва Менскага гарвыканкаму летась абяцала пачаць рамонтныя працы ў Чырвоным касцёле ў першым квартале 2024 года. І хоць гэты перыяд падыходзіць да заканчэння, аніякага рамонту ў будынку не праводзіцца, паведамляе Katolik.life.

«Сілавікі» блакуюць уваход у Чырвоны касцёл у Менску. 2020 год. Крыніца
фота: «Вясна» / Telegram

«Ніякіх прыкметаў пачатку працаў пакуль не назіраем, і на гэты конт нам нічога не паведамлялі. Падчас Вялікага посту парафіяне маліліся, каб гарадскія ўлады захацелі адкрыць для вернікаў касцёл на Вялікдзень», – адзначылі прыхаджане касцёлу.

Нагадаем: паводле афіцыйнай версіі Міністэрства надзвычайных сітуацыяў, уночы 26 верасня 2022 года, а 03:35, у Касцёле Святых Сымона і Алены ў Менску спрацавала пажарная сігналізацыя. Нібыта загарэлася электраправодка і была пашкоджаная маёмасць на плошчы каля 20 кв. м. Тады практычна разам з ратаўнікамі прыбылі АМАП і Следчы камітэт, якія забралі са збудавання камп’ютары і сістэму відэаназірання.

Неўзабаве адмысловая камісія пастанавіла «часова забараніць эксплуатацыю будынку», каб аднавіць працу сістэмаў пажаратушэння, электрычнага абсталявання і праводкі, абследаваць канструкцыі. Аднак вернікі падкрэслівалі, што ў выніку загарання амаль нічога не пацярпела. Пасля гэтага КУП «Менская спадчына» скасавала дамову арэнды, а ад каталіцкай супольнасці запатрабавалі вызваліць будынак для правядзення рамонту. Таксама пасля пажару ў прадстаўнікоў касцёлу ўзніклі цяжкасці з уваходам у будынак, яны не маглі забраць нават сваіх асабістых рэчаў.

Намеснік старшыні Менгарвыканкаму Арцём Цуран заявіў у кастрычніку 2023 года, што рэканструкцыя храму нібы «вядзецца паводле плану, працы не спыняліся ні на адзін дзень». Паводле яго, ужо было падрыхтаваная праектная дакументацыя і ў першым квартале 2024 года мусілі пачацца працы ў будынку. І толькі пасля іх сканчэння касцёл думаюць вярнуць вернікам.

Hавiны
Рамонтныя работы ў Чырвоным касцёле пачнуцца толькі ў наступным годзе
2023.10.25 18:16

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў