У БДУІР скарачаюць набор і склад кафедраў. Паразмаўлялі са студэнтамі і выкладчыкамі


Вядучы беларускі ўніверсітэт у сферы інфармацыйных тэхналогіяў апублікаваў план прыёму абітурыентаў на 2021 год. Тэлеграм-канал «Мирный БГУИР» зрабіў на аснове гэтых звестак інфаграфіку, якая паказвае скарачэнне прыёму. Аўтары адзначаюць: шмат якія паказнікі прыёму ў студэнты і магістранты нават ніжэйшыя, чым у 2017 годзе, і скарачэнне набору датычыць пераважна платнага аддзялення, нягледзячы на заявы ўніверсітэту пра нястачу сродкаў. Змены таксама закрануць і склад кафедраў: пасады чатырох кіраўнікоў кафедраў скарачаюцца. А вечаровае аддзяленне ліквідуецца наагул.

«У сувязі са звальненнямі праз палітычную сітуацыю колькасць выкладчыкаў зменшылася: адпаведна, няма каму чытаць лекцыі»

Былая выкладчыца кафедры гуманітарных дысцыплінаў БДУІР Мая Гаўручанкова распавядае, што гісторыя і паліталогія, якія яна выкладала, былі моцна скарочаныя яшчэ ў мінулым годзе:

– Замест 8 лекцыяў і 4 семінараў пакінулі 1-2 семінары і 2 лекцыі. Што за гэты час можна расказаць, абмеркаваць, якія веды даць і навошта наагул такая імітацыя навучання патрэбная, я ніколі не разумела.

Акцыя «Вершы на прыступках» каля БДУІР. Менск, Беларусь. 15 верасня 2020 года.
Фота: ТК / belsat.eu

Чалец стачкаму БДУІР Аляксандр Клюеў кажа, што раней адміністрацыя БДУІР казала аб праблемах з фінансаваннем, але паабяцала нікога не звальняць:

– Семестр заканчваецца – і зʼяўляюцца планы на новы навучальны год: скарачаецца набор студэнтаў і на магістратуру. Як вынік, скарачаюцца гадзіны для выкладчыкаў, што можа быць адною з прычынаў «аптымізацыі» складу кафедраў. Але застаецца пытанне: чаму сярод студэнтаў больш скарачаецца не бюджэтнае, а платнае аддзяленне, якое папросту прыносіць грошы? Моцна скарачаюць факультэт камп’ютарных сістэмаў і сетак, які заўсёды быў флагманам БДУІР, самым іміджавым факультэтам. Але гэты статус азначае і большую самастойнасць. Гэта ніколі не падабалася адміністрацыі ВНУ.

Акцыя «Вершы на прыступках» каля БДУІР. Менск, Беларусь. 15 верасня 2020 года.
Фота: ТК / belsat.eu

Некалькі студэнтаў на ўмовах ананімнасці распавялі, што наборы мяняюцца кожны год, і звычайна гэта было ў бок павелічэння:

– Два гады таму на праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогіяў набралі 8 групаў дзённага навучання, гэта вельмі шмат. У сувязі са звальненнямі праз палітычную сітуацыю колькасць выкладчыкаў зменшылася – адпаведна, няма каму чытаць лекцыі. Праз гэта і каб не было перанасычанасці рынку спецыялістамі і скарачаюць набор.

«Кафедры гуманітарныя ў тэхнічнай ВНУ заўсёды на другіх ролях і «пад пагрозаю»

Мая Гаўручанкова звяртае ўвагу на тое, што гаворка пра магчымае скарачэнне набораў не новая і, хутчэй за ўсё, гэткія захады кіраўніцтва ўніверсітэту ўдараць найперш па няпрофільных для праграмістаў прадметах.

– Што датычыць маёй кафедры, то, вядома, усе былі занепакоеныя скарачэннем гадзінаў тады, і я ўпэўненая, што заклапочаныя скарачэннем набору студэнтаў цяпер. Кафедры гуманітарныя ў тэхнічнай ВНУ заўсёды застаюцца на другіх ролях і «пад пагрозаю». Гаворка пра магчымае скарачэнне складу кафедры ішла і раней, і ўсе вельмі перажывалі. Асабліва пенсіянеры і людзі без навуковай ступені, а тых ды іншых шмат на кафедры.

У БДУІР скарачаюць набор і склад кафедраў. Інфаграфіка: «Мирный БГУИР» / Telegram
інфаграфіка, графіка, вну, БДУІР, студэнты, выкладчыкі,
У БДУІР скарачаюць набор і склад кафедраў. Інфаграфіка: «Мирный БГУИР» / Telegram
інфаграфіка, графіка, вну, БДУІР, студэнты, выкладчыкі,
У БДУІР скарачаюць набор і склад кафедраў. Інфаграфіка: «Мирный БГУИР» / Telegram
інфаграфіка, графіка, вну, БДУІР, студэнты, выкладчыкі,

Студэнты распавядаюць, што некаторыя выкладчыкі выступаюць за скарачэнне набору, бо гэта дазволіць пазбегнуць лішку кадраў на рынку працы.

– Студэнты мала чаго могуць сказаць пра гэтую сітуацыю. Мы можам паглядзець на звесткі, зрабіць нейкі аналіз для сябе, але мы не маем такой глыбокай экспертызы, як выкладчыкі. Сярод выкладчыкаў цяпер вельмі розныя меркаванні. Адразу пачаліся спрэчкі, шмат хто гаворыць, што скарачэнні – гэта нармальна і ад гэтага толькі палепшыцца якасць навучальнага працэсу, другія – што гэта ўсё ж дрэнныя тэндэнцыі, якія могуць сведчыць пра стан эканомікі ўва ўсёй краіне, – тлумачыць Аляксандр Клюеў.

«У нас ёсць інфармацыя, што яшчэ шмат хто з выкладчыкаў хутка плануе звольніцца, нават з адміністрацыі»

Студэнты і выкладчыкі згаджаюцца, што так ці інакш на сітуацыю ў БДУІР паўплывалі падзеі ў Беларусі пасля апошніх прэзідэнцкіх выбараў. У БДУІР таксама баставалі студэнты і выкладчыкі, якіях пасля адлічылі і звольнілі.

– Яшчэ да зʼяўлення планаў набору можна было бачыць некаторыя тэндэнцыі як у студэнцтве, так і сярод выкладчыкаў, – распавядае Аляксандр Клюеў. – Студэнты, нават якія не ходзяць на пратэсты, сталі часцей гаварыць пра тое, што калі гэтае нечалавечае стаўленне да нас будзе працягвацца, то можна зʼязджаць з краіны, нават без дыплому БДУІР. Мы айцішнікі, нам прасцей пераехаць. Некаторыя выкладчыкі таксама паступова пераходзяць у IT. Робяць усё, каб выкладанне не было іхным асноўным спосабам зарабіць.

Будынак БДУІР на вуліцы Петруся Броўкі. Менск, Беларусь.
Фота: АВ / Белсат

Паводле Маі Гаўручанковай, тое, што адбываецца, падобна адначасова і да помсты ІТ-сектару ў цэлым, і да скарачэння колькасці паспяховых і забяспечаных айцішнікаў на будучыню.

– Але мне здаецца, маладыя людзі хутка адаптуюцца да гэтай праблемы: цяпер ёсць вялікая колькасць якасных курсаў, лабараторыяў, відэаўрокаў, з дапамогаю якіх можна атрымаць патрэбныя веды і без афіцыйнага дыплому. Магчымасцяў для самаадукацыі шмат, таму ўсе, хто хоча сысці ў гэтую вобласць, усё адно гэта зробяць. Можа, яшчэ і час заашчадзяць.

Як распавядаюць студэнты БДУІР, адлічэнні і звальненні працягваюцца дасюль. Шмат хто вымушаны зʼязджаць з краіны.

– Калі не памыляюся, на гэты момант каля дзесяці выкладчыкаў былі звольненыя, – кажа Аляксандр Клюеў. – Найгучнейшаю была сітуацыя, калі на асабістае жаданне сышла дэкан ФКСіС Марыя Лукашэвіч. У нас ёсць інфармацыя, што яшчэ шмат хто з выкладчыкаў хутка плануе звольніцца, нават з адміністрацыі. Некаторыя будуць вымушаныя звольніцца на асабістае жаданне пад ціскам з боку сілавых структураў. Таксама больш за 20 студэнтаў былі адлічаныя, шмат застаюцца пад пагрозай адлічэння. Хлопцам стараюцца адразу пасля адлічэння ўручыць позву ў армію.

Гісторыі
«Прыехаў куратар з КДБ і сказаў, каб мяне прыбралі». Гісторыі беларусаў, якіх звольнілі за палітычныя погляды
2021.04.06 14:47

МД belsat.eu

Стужка навінаў