Лукашэнка прызначыў новых міністраў транспарту і ЖКГ. Іх месцы пуставалі доўгі час


Аляксандр Лукашэнка 28 ліпеня прызначыў новых міністраў транспарту і жыллёва-камунальнай гаспадаркі, пасады якіх былі вольныя доўгі час. Пра гэта паведамляе прэс-служба Лукашэнкі. Таксама прызначаны шэраг іншых чыноўнікаў і кіраўнікоў прадпрыемстваў.

Нарада Лукашэнкі 28 ліпеня 2023 года.
Фота: president.gov.by

Міністрам транспарту і камунікацыяў зрабіўся Аляксей Ляхновіч. Раней ён займаў пасаду першага намесніка міністра. Папярэдні міністр Аляксей Аўраменка раптоўна памёр на пачатку ліпеня.

«Што датычыць Міністэрства транспарту і камунікацыяў, ну вы ведаеце, што ў нас і ўнутры краіны хапае пытанняў. І ва ўзаемаадносінах з нашымі галоўнымі партнёрамі. І Расея, і Кітай. Асабліва Расея – транзіт і гэтак далей. Шмат пытанняў, якія ёсць», – сказаў Лукашэнка новаму міністру транспарту.

Міністрам жыллёва-камунальнай гаспадаркі зрабіўся Генадзь Трубіла, які раней таксама быў першым намеснікам міністра. У канцы траўня папярэдняга міністра Андрэя Хмеля перавялі на пасаду старшыні Гарадзенскага гарвыканкаму.

Таксама знялі з пасады міністра сельскай гаспадаркі Ігара Брыло, ён адпраўлены памочнікам Лукашэнкі ў Віцебскую вобласць. Новага міністра сельскай гаспадаркі на ягонае месца пакуль не прызначылі.

Акрамя таго, Лукашэнка змяніў кадры сярод абласных чыноўнікаў, на шэрагу прадпрыемстваў і ў Берасцейскім дзяржаўным універсітэце:

  • Юрыя Голубева прызначылі рэктарам Берасцейскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Пушкіна;
  • Алега Жэбіна – генеральным дырэктарам ААТ «Нафтан»;
  • Віталя Асіпенку – генеральным дырэктарам ААТ «СветлагорскХімвалакно»;
  • Аляксея Беўзюка – дырэктарам ААТ «Агат – сістэмы кіравання» – кіроўнай кампаніі холдынгу «Геаінфармацыйныя сістэмы кіравання»;
  • Алега Буянава – генеральным дырэктарам рэспубліканскага ўнітарнага вытворча-гандлёвага прадпрыемства «Аршанскі льнокамбінат»;
  • Юрыя Аляксея – гендырэктарам РУП «Нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм» (раней ён узначальваў «Горадняаблкінавідэапракат»);
  • Андрэя Рамашко – намеснікам міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі;
  • Дзяніса Каржыцкага – першым намеснікам старшыні дзяржаўнага камітэту навукі і тэхналогіяў;
  • Віктара Рагускага – намеснікам старшыні Менскага аблвыканкаму (пытанні будаўніцтва і ЖКГ);
  • Сяргея Лабадзінскага – чальцом Берасцейскага аблвыканкаму;
  • Алену Богдан – намесніцай дзяржсакратара Пастаяннага камітэту Саюзнай дзяржавы. Раней яна займала пасады намесніцы міністра аховы здароўя і кіраўніцы камітэту аховы здароўя Менгарвыканкаму.

 

Стужка навінаў