У Маскве арыштаваны дзявяты фігурант справы аб тэракце ў «Crocus City Hall»


Басманны раённы суд Масквы арыштаваў дзявятага фігуранта справы аб тэракце ў «Crocus City Hall» – 24-гадовага Назрымада Лутфулоі.

Канцэртная заля «Крокус Сіці Хол» пасля тэракту. Скрыншот з відэа sledcom.ru

Назрымад Лутфулоі ўзяты пад варту да 22 траўня. Ягоная адвакатка Маргарыта Хорава паведаміла, што ейны падабаронны часткова прызнаў віну. Яму інкрымінуюць п. «б» ч.3 арт.205 КК РФ – «Здзяйсненне тэракту ў складзе арганізаванай групы, што пацягнула за сабой смерць».

Лутфулоі нарадзіўся ў 2000 годзе ў Таджыкістане. Мае вышэйшую адукацыю, але на момант затрымання нідзе не працаваў. Быў часова зарэгістраваны ў гостэле ў раёне станцыі метро «Шчолкаўская». Не жанаты, дзяцей не мае.

Мужчына быў затрыманы яшчэ ў дзень тэракту за «задзірлівыя і дзёрзкія паводзіны» каля будынку гандлёвага цэнтру падчас атакі на канцэртную залу – ён на падвышаных танах размаўляў з сілавікамі ў ачапленні, паведамляла РИА Новости са спасылкай на судовыя дакументы. Яго арыштавалі на 15 содняў, а цяпер прад’явілі абвінавачванні паводле артыкулу аб тэракце.

Пра затрыманне яшчэ аднаго чалавека ў рамках расследавання па справе аб нападзе на «Crocus City Hall» надоечы паведаміў Следчы камітэт Расеі:

«Устаноўлены і затрыманы яшчэ адзін падазраваны, які ўдзельнічаў у схеме фінансавання тэрарыстаў. Следства будзе хадайнічаць перад судом аб абранні ў яго дачыненні меры ўтрымання ў выглядзе заключэння пад варту», – гаварылася ў паведамленні прэс-службы СК.

Абноўлена
Памёр грамадзянін Беларусі, які быў паранены падчас тэракту ў Падмаскоўі
2024.03.29 10:47

26 сакавіка стала вядома, што Басманны суд Масквы арыштаваў Алішэра Касімава – восьмага фігуранта справы аб тэракце. Касімаў – 32-гадовы ўраджэнец Кіргізіі, мае грамадзянства Расеі, выхоўвае траіх няпоўнагадовых дзяцей, ён здаваў кватэру іншым фігурантам справы.

Раней Басманны суд арыштаваў семярых фігурантаў справы аб тэракце – пяцярых грамадзянаў Таджыкістану і дваіх нарадзінцаў Таджыкістану, якія маюць грамадзянства Расеі.

Увечары 22 сакавіка перад пачаткам канцэрту гурта «Пікнік» у падмаскоўны ГЗЦ «Crocus City Hall« уварваліся некалькі мужчын у камуфляжы і пачалі страляць па наведніках і персаналу. У будынку ўзнік пажар. Паводле апошніх дадзеных, загінулі 144 чалавекі.

23 сакавіка дырэктар ФСБ Расеі Аляксандр Бортнікаў паведаміў Уладзіміру Пуціну пра затрыманне 11 чалавек, у тым ліку чатырох тэрарыстаў, якія ўдзельнічалі ў здзяйсненні тэракту.

Адказнасць за тэракт узяла на сябе тэрарыстычная арганізацыя «Ісламская дзяржава». Афіцыйны прадстаўнік «Ісламскай дзяржавы» 29 сакавіка зноў паўтарыў, што арганізацыя бярэ адказнасць за тэракт у падмаскоўным «Crocus City Hall», піша ізраільскае інфармацыйнае агенцтва «9 канал». У той жа час Расея імкнецца пераканаць увесь свет, што да тэракту мае дачыненне менавіта Украіна.

Пра затрыманне таксама дзевяці чалавек, датычных да тэракту ў «Крокусе», паведаміў таксама Дзяржаўны камітэт нацыянальнай бяспекі Таджыкістану, паведамляе Reuters са спасылкай на крыніцу ў службе бяспекі Таджыкістану.

Меркаванні
Можна адрэзаць вуха чужому чалавеку, але кусаць локці давядзецца сабе
2024.03.28 09:00

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў