99-ы дзень пратэстаў: Марш смелых. Глядзіце наш жывы эфір


15 лістапада – 99-ы дзень супрацьстаняння беларусаў з уладамі. Сённяшні Марш смелых праходзіць пад лозунгам «Я выходжу». Гэта былі апошнія словы Рамана Бандарэнка, аўтара муралу ды-джэяў перамен, які выйшаў у свой двор паглядзець, як незнаёмцы ў цывільным зрываюць бел-чырвона-белыя стужкі. Хлопца збілі на дзіцячай пляцоўцы, забралі ў аддзяленні міліцыі, адкуль трапіў у шпіталь, дзе памёр, не прыходзячы ў прытомнасць.

Са станцыі метро «Пушкінская» ад мемарыялу Аляксандру Тарайкоўскаму людзі маюць прайсці да плошчы Пераменаў, каб ушанаваць памяць Рамана Бандарэнкі.

Кветкі на Грушаўцы. Менск, Беларусь. 15 лістапада 2020 году.
Фота: ТК / Белсат

17.00. Сілавікі да гэтага часу застаюцца на плошчы Пераменаў. Вайскоўцы і амапаўцы ходзяць па дамах, затрымліваюць людзей. На плошчу прыехалі працаўнікі ГУБАЗІК.

16.45. Плошчу Пераменаў зруйнавалі.

16.40. Агулам зачыстка плошчы Пераменаў цягнулася каля 10 хвілінаў. Затрыманых апынулася вельмі шмат. Сілавікі ў мяхі скідваюць стужкі, намёты, сцягі, лампадкі, усё, што прынеслі людзі сюды.

16.33. На плошчы людзей не засталося. Сілавікі знішчаюць плошчу.

16.30. На плошчы Пераменаў сілавікі зрываюць плакаты, разбіваюць лампадкі. Людзей выцягваюць са счэпкі і адводзяць у аўтазакі.

16.25. Пачаліся затрыманні на плошчы, сілавікі хапаюць людзей

16.10. Сілавікоў нашмат больш, чым абаронцаў плошчы. Цяпер на плошчы каля 500 асобаў.

16.05. Перапынілася онлайн-трансляцыя belsat.eu з плошчы Пераменаў, выглядае, што адключылі інтэрнэт.

16.00. Плошчу Пераменаў атачылі з усіх бакоў, сілавікі наступаюць на людзей.

15.55. Сілавікі ізноў прыбылі да плошчы Пераменаў, магчыма, будзе зачыстка. Людзі адступаюць з вуліцы Чарвякова. Верагодна, што сілавікі перакінулі да плошчы ўсе сілы.

15.35 .На плошчы Пераменаў засталіся пратэстоўцы. Сілавікі з’ехалі.

15.30. Праваабаронцам «Вясны» вядомыя 221 прозвішча затрыманых сёння па ўсёй Беларусі. Сярод іх 13 журналістаў.

15.25. Сілавікі з’язджаюць з плошчы Пераменаў.

15.20. Сілавікі адступаюць ад плошчы Пераменаў. Але з боку вуліцы Харужай пад’язджаюць аўтазакі і шмат амапаўцаў у чорным. Тым часам людзі выйшлі на вуліцу Чарвякова.

15.15. Моманты з акцыі каля метро «Пушкінская».

Акцыя пратэсту ў Менску 15 лістапада.
Фота: АВ / Vot Tak TV
Акцыя пратэсту ў Менску 15 лістапада.
Фота: АВ / Vot Tak TV
Акцыя пратэсту ў Менску 15 лістапада.
Фота: АВ / Vot Tak TV
Акцыя пратэсту ў Менску 15 лістапада.
Фота: АВ / Vot Tak TV
Акцыя пратэсту ў Менску 15 лістапада.
Фота: АВ / Vot Tak TV

15.10. Сілавікі зайшлі на плошчу Пераменаў. Людзі спрабуюць супрацьстаяць ім.

Праваабаронцам вядомыя імёны 185 затрыманых сёння падчас акцыяў пратэсту.

15:00. Сілавікі ўжо на плошчы Пераменаў, атачаюць людзей. Людзі сталі ў ланцуг і не пускаюць да мемарыялу.

На Чарвякова прыехаў вадамёт, сілавікі рыхтуюцца да штурму. Відавочцы з вуліцы Чарвякова перадаюць, што сілавікі збівалі людзей у краме «ГИППО».

14:45. У спісах праваабаронцаў ужо 161 затрыманы.

На станцыі метро «Пушкінская» засталіся некалькі дзясяткаў чалавек. Сілавікі ідуць у бок мемарыялу Аляксандру Тарайкоўскаму. Верагодна, будуць яго знішчаць.

Менск. Уся вуліца Чарвякова, ад вуліцы Машэрава да плошчы Пераменаў, заблакаваная прыватнымі аўто. Людзі працягваць падыходзіць туды з розных бакоў.

Людзі не сыходзяць з плошчы Пераменаў. Скандуюць: «Адзін за ўсіх і ўсе за аднаго!»

На Пушкінскай у дварах сілавікі выбарачна вычэпліваюць мінакоў, нават дзяцей, перадае карэспандэнт.

На Пушкінскай хлопец страціў прытомнасць. Двое сілавікоў спраўджваюць ягоны стан.

Затрыманы журналіст БелаПАН Андрэй Шаўлюга.

Горадня. Затрыманы вядомы фатограф Яўген Бузук.

Магілёў. Тут затрымалі каля 10 чалавек, у тым ліку аднаго няпоўнагадовага. Людзі больш не сабраліся ў адну калону. Невялікімі групамі ці паасобку яны працягваюць гуляць па цэнтру гораду.

14:30. На Пушкінскай страляніна і выбухі. На плошчы Пераменаў пасля разгону сілавікамі пакуль масавых затрыманяў не назіраецца.

Каля тысячы чалавек рухаецца з Альшэўскага міма ГЦ «Карона» да плошчы Пераменаў. Людзі не ідуць па праезджай частцы. Кіроўцы падтрымліваюць іх сігналамі аўта.

Уся вуліца Чарвякова, ад вуліцы Машэрава да Плошчы Пераменаў, заблакаваная прыватнымі аўто. Людзі працягваць падыходзіць туды з розных бакоў.

14:10. Людзі, якія сабраліся ў двары плошчы Пераменаў, скандуюць «Жыве Беларусь!» і «Адпускай!». Частка становіцца ў счэпку на вуліцы Чарвякова. Чутны выбух. Сілавікі пачалі абстрэл па людзях, кідаюць у натоўп светлашумавыя гранаты.

Віцебск. Калона разышлася. Былі асобныя затрыманні.

Бабруйск. Тут у чарговы раз адноўлены мемарыял Рамана Бандарэнкі.

Праваабаронцам вядомыя імёны 103 затрыманых падчас акцыі пратэсту, 84 асобы былі затрыманыя ў Менску.

13:50. На плошчы Пераменаў некалькі тысяч людзей. Людзі выйшлі на праезджую частку, каб запавольваць рух сілавікоў. ДАІ перакрывае пад’езды да месца збору людзей. У людзей шмат бел-чырвона-белых сцягоў.

Хлопцы сталі на даху трансфарматарнай будкі і запалілі бел-чырвона-белыя фаеры.

Плошча Пераменаў. Менск, 15 лістапада.
Фота: Belsat.eu

Калона людзей вырушыла з Зялёнага луга ў бок Пушкінскай.

Праваабаронцы паведамляюць пра 61 затрыманага на Маршы смелых.

13:40. Менск. Сілавікі шукаюць пратэстоўцаў у дварах вул. Альшэўскага. На Альшэўскага людзі адсядзеліся па пад’ездах і зноў павыходзілі на вуліцу, рушылі ў бок Кальварыйскай, але там дарогу перакрылі сілавікі са шчытамі.

Магілёў. У цэнтры калона разбітая на 2 часткі. Людзі спрабуюць аб’яднацца, аўтазакі зʼязджаюцца на Ленінскую.

Аўтазакі ў Магілёве

Горадня. Зачыстка сілавікамі вуліцы Савецкай.

Затрыманне мірнага дэманстранта ў Горадні

Берасце. Мінімум пяць затрыманых. Двух хлопцаў затрымалі на Савецкай. Хлопца і дзяўчыну з банерам, на якім было напісана «Я выходжу, стреляй!», затрымалі каля ЦУМу, яшчэ адзін хлопец быў затрыманы ў гатэлі «Інтурыст». Вядома, што яго завуць Раман Леванюк. Людзі сабраліся ў касцёле на Леніна, побач арганізаваны мемарыял памяці Рамана Бандарэнкі. Невялікай групай людзі пайшлі па цэнтру Берасця. Цяпер людзі шпацыруюць невялікімі групамі.

13:25. На Пушкінскую зноў прыехаў вадамёт. Сілавікі са шчытамі шыхтуюцца на праезджай частцы насупраць кінатэатру «Аўрора», перадае наш карэспандэнт.

Пасля двух выбухаў светлашумавых гранат на Пушкінскай восем бусаў з сілавікамі ў спартыўнай форме праехалі ўздоўж Прытыцкага за ўцекачамі ў бок метро «Спартыўная». Былі яшчэ выбухі светлашумавых гранат на Спартыўнай.

Услед за імі шэраг спецназаўцаў у аліўкавай форме з адным вадамётам папярок Прытыцкага рушыў у бок Спартыўнай.

13:15. Затрыманні насупраць мемарыялу Тарайкоўскаму. Некалькі чалавек пагрузілі ў аўтобусы. Бусы, аўтазакі і вадамёт паехалі ў бок Спартыўнай. Калону разагналі. Дзяўчыны плачуць, перадае наш карэспандэнт. Каля «Макданольдса» на Пушкінскай стаіць машына хуткай дапамогі.

Марш 15 лістапада
Затрыманні на Маршу смелых ля станцыі метро Пушкінская. Менск, Беларусь. 15 лістапада 2020 году.
Фота: АВ / Vot Tak TV / Белсат

Калі людзі сфармавалі калону на Пушкінскай, сілавікі пачалі кідаць светлашумавыя гранаты. Таксама сюды прыехалі вадамёты.

Горадня. Некалькі соцень пратэстоўцаў зараз ля Фарнага касцёлу скандуюць «Я выходжу!» і «Жыве Беларусь!»

Магілёў. Па пешаходнай вуліцы Ленінскай ходзіць шмат людзей. Вуліцу патрулююць амапаўцы, міліцыянты і людзі ў цывільным. Уздоўж вуліцы лётае дрон. На ўсіх пад’ездах да Ленінскай стаіць спецтранспарт з сілавікамі. Ля кінатэатру «Радзіма» стаіць аўтазак. Амапаўцы падыходзяць да жанчын, якія нясуць кветкі, і пачынаюць з імі размаўляць.

13:00. Вялікая калона ў некалькі тысяч чалавек рушыла з боку ст. м. «Пушкінская» праз скрыжаванне з Альшэўскага ў бок плошчы Пераменаў.

Марш 15 лістапада
Затрыманні на Маршу смелых ля станцыі метро Пушкінская. Менск, Беларусь. 15 лістапада 2020 году.
Фота: АВ / Vot Tak TV / Белсат

Двое мужчын выскачылі на дарогу на вуліцы Прытыцкага і пачалі пінаць міліцэйскае аўта, якое ехала ў бок метро «Спартыўная». Рух на Прытыцкага і праспекце Пушкіна перакрыты з усіх бакоў.

На Прытыцкага светлашумавой гранатай была параненая жанчына.

З боку «Макдональдса» на «Пушкінскай» – 16 аўтаў міліцыі і бусы сілавікоў. Працягваюцца кропкавыя затрыманні.

Віцебск. Вуліцу Леніна, па якой ідзе калона, перакрылі. Магчыма, будзе хапун.

Бабруйск. Тут цалкам зачысцілі мемарыял Рамана Бандарэнкі каля помніка ахвярам рэпрэсіяў. У 11:30 пад’ехаў бус з міліцыяй, падышлі хлопцы ў цывільным з мяшкамі і пачалі туды кідаць кветкі і знічы. Тых, хто быў каля помніка, брутальна затрымалі – неслі ў бус за рукі-ногі. Імёны затрыманых : Віктар Чарныш, Андрэй Сініца, Уладзіслаў (прозвішча невядомае). Кажуць, што затрыманнем кіраваў намеснік начальніка УУС Бабруйскага гарвыканкаму Андрэй Малахаў.

У Бабруйску зачысцілі мемарыял Рамана Бандарэнкі каля помніка ахвярам рэпрэсіяў

12:50. Праваабаронцам ужо вядомыя прозвішчы сямі затрыманых. Хапун у дварах на ст. м. «Пушкінская».

Некалькі дзясяткаў тысячаў сабраліся на Прытыцкага. Людзі скандуюць «На дарогу» і выходзяць на праездную частку, каб рушыць у бок плошчы Пераменаў, паведамляе наш карэспандэнт. Адкрытага гвалту журналіст не бачыў. Некалькі хлопцаў пад рукі адвялі ў бус.

Марш 15 лістапада
Затрыманні на Маршу смелых ля станцыі метро Пушкінская. Менск, Беларусь. 15 лістапада 2020 году.
Фота: АВ / Vot Tak TV / Белсат

Таксама вялікі натоўп ідзе з боку Каменнай горкі ў бок Пушкінскай.

Да Ракаўскага кірмашу пад’ехалі 5 бусаў і два аўтазакі, з якіх выскачылі амапаўцы. Людзі схаваліся на тэрыторыі Ракаўскага кірмашу. Апамапўцы зʼехалі. Людзі паспрабавалі сабрацца ў калону і рухаюцца цяпер па сходах па двух баках па вуліцы Прытыцкага ў бок метро Пушкінская. Усяго каля 2000 чалавек.

Марш 15 лістапада
Затрыманні на Маршу смелых ля станцыі метро Пушкінская. Менск, Беларусь. 15 лістапада 2020 году.
Фота: АВ / Vot Tak TV / Белсат

Людзей, якія выйшлі ўшанаваць памяць Рамана Бандарэнкі, хапаюць і ў рэгіёнах.

У Віцебску затрымалі фатографа Tut.by і «Народнай волі» Алеся Пілецкага.

12:40. Каля кінатэатру «Аўрора» людзей разагналі. Людзі бягуць у бок Ракаўскага кірмаша. Калона з боку ст. м. Спартыўная прайшла і ідзе ў бок плошчы Пераменаў. Людзі крычаць «забойцы», «уроды».

Аўтазакі рушылі ў бок плошчы Пераменаў.

12:30. З боку мемарыяла Тарайскога 11 бусаў з сілавікамі. За кінатэатрам «Аўрора» – аўтобусы і два аўтазакі. Там жа знаходзіцца каля сотні амапаўцаў, перадае наш карэспандэнт. Ад кінатэатра «Аўрора» людзей адціснулі ў бок Ракаўскага кірмаша, перадае наш карэспандэнт.

Супраць людзей на «Пушкінскай» сілавікі ўжылі слезацечны газ.

Горадня. Каля месца збору ўжо дзяжураць аўтазакі.

12:12. Затрыманыя журналісты «ТАСС» і «Белта». На «Пушкінскай» пакуль не бачна людзей з нацыянальнай сімволікай. Людзі прыходзяць на станцыю метро маленькімі групамі. Мінакоў затрымлівае АМАП і адводзіць у бусы.

У дварах на вуліцы Чарвякова, дзе знаходзіцца плошча Пераменаў, больш за 1000 чалавек.

Плошча Пераменаў. Фота ад чытачоў belsat.eu

Людзі працягваюць збірацца.

12:00. На Пушкінскай пакуль не бачна калоны людзей. Невялікія групы людзей стаяць ля метро. З боку Арлоўскай у бок праспекта Жукава праехалі 6 сініх бусаў. Людзі чакаюць калону, якая, як кажуць, мусіць рухацца з боку Каменнай горкі. Усе крамы ў пераходзе станцыі метро «Пушкінская» зачыненыя, перадае наш карэспандэнт.

Тры бусы з амапаўцамі стаяць насупраць мемарыяла Тарайкоўскага. Людзі туды баяцца падыходзіць.

Стужка навінаў