Невядомыя раней дакументы аб захопе самалёта авіякампаніі «Ryanair»


Альянс расследавальнікаў Беларусі (АРБ) выявіў некалькі невядомых раней дакументаў у справе аб захопе самалёта авіякампаніі «Ryanair» рэйсу Афіны – Вільня 23 траўня 2021 года.

Летась расследаванне Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі (ІКАО) пацвердзіла, што гэта быў акт паветранага пірацтва, за які адказны беларускі рэжым.

Нядаўна журналістам-расследавальнікам удалося атрымаць невядомыя раней дакументы, у выніку чаго высветліліся новыя дэталі.

Для пачатку звернем увагу на тое, як дзее рэжым ў аналагічных выпадках. Для гэтага перанясемся ў сакавік 2021 года. Месца здарэння: міжнародны аэрапорт «Берасце».

9 сакавіка 2021 года а 8:40 у дзяжурную службу аддзелу ўнутраных справаў на транспарце паступае паведамленне з берасцейскага аэрапорту, што на электронную пошту атрыманае апавяшчэнне аб мініраванні і патрабаванне выкупу.

Дакумент, перададзены рэдакцыі

Паведамленне паступіла 6 сакавіка 2021 года. Тры дні ніхто ніяк не рэагаваў і проста не чытаў электроннай пошты. Толькі 9 сакавіка 2021 года, згодна патрабаванням працэдуры бяспекі, у аэрапорт фармальна накіраваліся супрацоўнікі Міністэрства ўнутраных справаў, Следчага камітэту, Дзяржаўнага камітэту судовых экспертызаў і сапёры. Правялі эвакуацыю грамадзянаў, нічога не выявілі і распачалі крымінальную справу паводле артыкулу 340 Крымінальнага кодэксу Беларусі «Заведама непраўдзівае паведамленне аб небяспецы».

Гэта значыць, для рэагавання на электроннае паведамленне аб рыхтаванні тэракту спатрэбілася тры дні.

І гэта не адзінкавы выпадак ці нейкая асаблівая нядбайнасць, характэрная для Берасцейскай вобласці. Аналагічным чынам рэагуюць на паведамленні пра пагрозу выбухаў у іншых аэрапортах Беларусі.

Для пацверджання перанясемся ў міжнародны аэрапорт «Магілёў». 9 сакавіка 2021 года а 10:13 у дзяжурную службу аддзелу ўнутраных справаў на транспарце паступіла паведамленне з аддзелу пазаведамаснай аховы аб тым, што 6 сакавіка 2021 года а 4:45 на электронную пошту Магілёўскага аэрапорту атрыманая інфармацыі аб мініраванні.

Дакумент, перададзены рэдакцыі

Зноў-такі толькі праз тры дні ў аэрапорт паехала цэлая брыгада супрацоўнікаў Міністэрства ўнутраных справаў, Следчага камітэту, Дзяржаўнага камітэту судовых экспертызаў і сапёраў.

Тут, у адрозненне ад Берасця, грамадзянаў не эвакуявалі, зрабілі агляд, небяспечных прадметаў не выявілі і распачалі крымінальную справу паводле таго ж артыкулу 340 Крымінальнага кодэксу.

Рэагаванне на паведамленне аб рыхтаванні тэракту заняло ўсё тыя ж тры дні.

Ніхто не пацярпеў у выніку такой аператыўнасці толькі таму, што паведамленні аб небяспецы былі непраўдзівымі. Калі б яны аказаліся рэальнымі – чалавечых ахвяраў было б не пазбегчы.

Цяпер вернемся да падзеяў 23 траўня 2021 года, калі сілавікі захапілі «Боінг 737-800» авіякампаніі «Ryanair» рэйсу Афіны – Вільня. Для гэтага прывядзем паведамленне з унутранай перапіскі МУС з гэтай нагоды.

Дакумент, перададзены рэдакцыі

У сістэме зафіксаванае толькі адно паведамленне, у якім а 13:00 ужо канстатуецца факт абвешчанага сігналу «Бедства». Гэта, а таксама час пасадкі самалёта, мабыць, адзінае, што адпавядае справаздачы ІКАО аб выяўленні фактаў: старонка 16 дакладу аб расследаванні.

У паведамленні МУС пазначана, што эвакуяваныя 123 пасажыры. Аднак у п. 2.1.4 расследавання ІКАО адзначаецца, што на борце было 126 пасажыраў.

Акрамя гэтага, АРБ звяртае ўвагу і на тое, чаго няма ў афіцыйнай зводцы МУС: адсутнічае згадка пра прычыны, што былі падставаю для абвяшчэння сігналу «Бедства». У прыватнасці, ва ўнутранай перапісцы МУС адсутнічае згадка пра якія-небудзь электронныя лісты з пагрозамі або заявамі пра мініраванне. На гэтым моманце неабходна спыніцца падрабязней.

Падставаю для пачатку перамоваў з экіпажам «Боінга» і абвяшчэння сігналу «Бедства» быў званок намесніка генеральнага дырэктара ў справе бяспекі, кадраў і рэжыму аэрапорту а 12:28  аб тым, што ў шэраг аэрапортаў, у тым ліку ў Нацыянальны аэрапорт «Менск», паступіла паведамленне аб бомбе на борце. Аднак адзінае дакументальна пацверджанае паведамленне аб мініраванні рэйсу паступіла на электронную скрыню менскага аэрапорту а 12:56 (старонка 76 справаздачы).

Пасля беларускі бок будзе сцвярджаць, што быў яшчэ адзін ліст а 12:26, ад якога застаўся толькі скрыншот. Адпраўку гэтага паведамлення не змаглі пацвердзіць і ўлады Швейцарыі – краіны, дзе месцяцца серверы паштовага сэрвісу «Protonmail», праз які былі адпраўленыя паведамленні.

У беларускіх аэрапортах рэагаванне на паведамленні аб мініраванні звычайна займае тры дні, а ў выпадку з самалётам, на якім ляцелі Раман Пратасевіч і Соф’я Сапега, – лічаныя хвіліны.

У рамках нашага міні-расследавання мы знайшлі яшчэ дакумент, што пацвярджае пастановачны характар усіх дзеянняў 23 траўня 2021 года. Адзінае, што ў выніку аказалася абсалютна правільным, – гэта завядзенне крымінальнай справы паводле таго ж артыкулу 340 Крымінальнага кодэксу («Заведама непраўдзівае паведамленне аб небяспецы»). Галоўнае – не выйсці на саміх сябе.

Выказваем удзячнасць «Кіберпартызанам» за дапамогу ў рыхтаванні матэрыялу.

У Telegram з’явіўся фэйкавы чат-бот, які нібыта ёсць каналам зваротнай сувязі з намі. У звязку з гэтым Альянс расследавальнікаў Беларусі афіцыйна заяўляе, што не мае ніякіх ботаў. Для сувязі і перадачы інфармацыі АРБ выкарыстоўвае выключна электронную пошту: arb2021@protonmail.com.

Тэлеграм-канал «Альянс расследователей Беларуси»

 

Іншыя расследаванні АРБ можна паглядзець тут.

Падтрымаць каманду АРБ:

  • Paypal: arb2021@protonmail.com
  • Bitcoin: bc1qyr365v0y6mgzljldhyfu5gx9nwemylfzzrh0zc
Стужка навінаў