З нагоды Дня Волі будзе канцэрт у Варшаве, канферэнцыя ў Празе і трансляцыя для Беларусі


Аб’яднаны пераходны кабінет і партнёры адкрылі збор грошай на арганізацыю канцэрту да Дня Волі ў Варшаве – асобную імпрэзу ад канцэрту, які задумалі арганізатары БНР-106 для гледачоў з Беларусі. На варшаўскім канцэрце 24 сакавіка маюць граць Піт Паўлаў, Atesta і Dzieciuki.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Святочны канцэрт да 105 гадавіны абвяшчэння БНР. Варшава, Польшча. 25 сакавіка 2023 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Варшаўскі канцэрт арганізуюць Аб’яднаны пераходны кабінет, Беларуская асацыяцыя палітвязняў «Да волі», суполка «Беларусы Варшавы», Беларускі моладзевы хаб і Музей Вольнай Беларусі.

Імпрэзу збіраюцца правесці 24 сакавіка. Спачатку будзе мітынг з удзелам беларускіх, польскіх і ўкраінскіх палітычных грамадскіх дзеячаў, пачатак а 14:00 на пляцы Трох крыжоў (plac Trzech Krzyży). Затым пройдзе марш да помніка Мікалаю Каперніку (Pomnik Mikołaja Kopernika), дзе беларусы Варшавы праводзяць штотыднёвыя акцыі. А фінальнай часткай будзе канцэрт на Замкавым пляцы (plac Zamkowy) перад Каралеўскім замкам. Выступіць маюць Піт Паўлаў, гурты Atesta, Dzieciuki і іншыя.

На імпрэзе плануюць сабраць каля чатырох тысяч чалавек. Для арганізацыі канцэрту хочуць сабраць ахвяраванні на суму 4,5 тысячы еўраў: 3000 на мантаж сцэны, 1100 – на ганарары музыкам, 400 – на друк банераў і ўлётак, а таксама іншыя арганізацыйныя моманты. Ахвяраваць сумы ад € 5 можна тут.

Паўлаў, дарэчы, зайграе 24 сакавіка яшчэ адзін канцэрт – «Дзень Волі на Woli», ужо разам з гуртом N.R.M. у варшаўскім раёне Воля.

Прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету ў нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык расказала «Белсату», што 25 сакавіка ў Варшаве таксама пройдуць адкрытыя і закрытыя імпрэзы да Дня Волі, у тым ліку імпрэза для замежных дыпламатаў.

Важныя падзеі для святкавання Дня Волі адбудуцца і ў Празе, сталіцы Чэхіі. Там, расказала Коўшык, будзе адбывацца Канферэнцыя беларусаў свету, а таксама адкрыецца пражскі офіс дэмакратычных сілаў.

«Я думаю, што ў Новай Беларусі гэты дзень абавязкова будзе выходным, будзе святкавацца на належным узроўні, бо гэта сапраўдны дзень беларускай незалежнасці», – дадала Коўшык пра Дзень Волі.

Коўшык згадала, як святкавала Дзень Волі яшчэ са школьных гадоў. Але рэжым Аляксандра Лукашэнкі, адзначыла яна, вынес урок са святкавання 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі, калі ўсе пабачылі, што гэта сапраўды народнае свята. Цяпер рэжым змагаецца не толькі з Днём Волі, але з усім, што нагадвае пра незалежнасць і магутнасць Беларусі, пра ідэнтычнасць беларусаў. Паводле яе, рэжым праводзіць цяпер палітыку татальнай русіфікацыі і каланізацыі Беларусаў, «зачысткі» беларускай культуры і мовы. У Беларусі проста не дазволяць публічна адсвяткаваць Дзень Волі і іншыя беларускія святы.

Да Дня Волі ладзіцца і канцэрт ад каманды БНР-100, на які таксама збіраюць грошы.

Каментар
На Дзень Волі задумалі канцэрт БНР-106 у фармаце «late night show», пачалі збор грошай
2024.03.01 09:00

Як растлумачыў «Белсату» прадстаўнік каманды Антон Матолька, канцэрт БНР-106 разлічаны найперш на онлайн-трансляцыю для беларусаў у Беларусі, колькасць месцаў для гледачоў на ім будзе абмежаваная. Тым часам Кабінет плануе зладзіць канцэрт у Варшаве для вялікай колькасці наведнікаў – гэта іншы фармат.

Матолька дадаў, што каманда БНР-100 падтрымлівае канцэрт у Варшаве і імпрэзы ў іншых гарадах і заклікае спрыяць любой такой актыўнасці на Дзень Волі.

Аліна Коўшык пацвердзіла: Кабінет трымае кантакт з арганізатарамі БНР-106. Але імпрэзы «не перасякаюцца»: БНР-106 арыентаваны перадусім на онлайн, варшаўскі канцэрт – перадусім на жывую прысутнасць.

Тэст
А што святкуем? Правер, ці ведаеш галоўнае пра Дзень Волі
2023.03.25 10:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў