Прадстаўнік Паспалітага рушэння Сяржук Кедышка заявіў, што пакідае арганізацыю


Прадстаўнік патрыятычна-спартовай абароннай арганізацыі Паспалітае рушэнне Сяржук Кедышка пакідае арганізацыю. Пра гэта ён апавёў у пачатку эфіру на «Еўрарадыё»: прычына – у канфлікце пры прыняцці рашэнняў.

Сяржук Кедышка. Здымак з відэа. Крыніца: Паспалітае Рушэньне / YouTube

«Я для сябе вырашыў, што не магу больш быць прадстаўніком арганізацыі ў той якасці, у якой мяне бачыла беларускае грамадства. Я як кіраўнік меў уплыў на рашэнні, якія прымаліся ў арганізацыі. На дадзены момант я бачу, што мае рашэнні ўжо не маюць той вагі. Кожны раз, калі я агучваў свае ініцыятывы, я вымушаны быў спрачацца са сваімі паплечнікамі», – заявіў Кедышка.

А таксама патлумачыў свой сыход тым, што ў арганізацыі кожная ідэя ідзе не са згоды і меркавання, а са спрэчкамі: «Часам рашэнні проста ігнаруюцца, і па факце я пасля даведваюся, што было прынята іншае рашэнне. Калі я не магу кіраваць, то навошта буду за гэтую пасаду трымацца».

Аднымі з праблемных пытанняў былі тыя, што датычылі фінансавання і наладжванне кантактаў з іншымі структурамі:

«Каб ішло нейкае развіццё, мы мусім знаходзіць новыя кантакты дзеля фінансавання. У дадзены перыяд часу стала пытанне супрацы з пэўнымі структурамі. Я асабіста супраць супрацоўніцтва з імі. У мяне ёсць абгрунтаванне чаму».

Кедышка дадаў, што людзі з ягонай арганізацыі прымаюць іншае рашэнне, абыходзячы яго як кіраўніка ці аднаго з тых, хто гэта пачынаў, гэтак выказваючы непавагу да ягонага меркавання і меркавання іншых:

«І пасля гэтыя людзі зробяць нешта, з іхнага меркавання, на карысць Паспалітага рушэння, а да мяне як публічнай асобы будуць пытанні. Я не хачу трапіць у становішча, калі буду вымушаны адказваць за рашэнні, да якіх я не маю дачынення».

Аднак заўважае, што, магчыма, памыляецца, і менавіта тыя людзі змогуць наладзіць стасункі з партнёрамі, з якімі ў яго камунікацыя на ўдалася: «Навошта я буду замінаць гэтай справе. Таму я вырашыў проста адысці без канфлікту, выканаўшы ўсе патрабаванні».

Кедышка не паведаміў, чым будзе займацца далей.

Інтэрв’ю
Прадстаўнік Паспалітага рушэння: Нам дапамагаюць фінансава і Валеры Сахашчык, і Зянон Пазняк
2023.02.09 16:59

Паспалітае рушэнне ўзнікла ў верасні 2022 года пад эгідаю прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінету ў пытаннях абароны і нацыянальнай бяспекі Валерыя Сахашчыка і неўзабаве было прызнанае «экстрэмісцкім фармаваннем». Гэта не вайсковая, а спартова-адукацыйная арганізацыя, але сярод іншага яна збіралася адраджаць беларускія вайсковыя традыцыі. Харугвы рушэння ствараюцца толькі за межамі Беларусі, на гэты момант у ініцыятыве –  восем харугваў (Варшаўская, Гданьская, Вроцлаўская, Беластоцкая, Лодзкая, Познанская, Віленская і Ковенская).

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў