У журналіста Зміцера Лупача правялі другі за тыдзень ператрус. Абшуквалі вясковую хату


Журналіст Зміцер Лупач даўно выехаў з Беларусі. Аднак на гэтым тыдні сілавікі вырашылі правесці ператрусы ў кватэры і хаце, якія засталіся ў Зміцера ў Беларусі. 8 снежня абшукалі вясковую хату, за два дні да гэтага, 6 снежня – кватэру журналіста ў Глыбокім, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Журналіст Зміцер Лупач.
Фота: КК / Белсат

Хату ў вёсцы Завараты Глыбоцкага раёну Зміцер Лупач атрымаў у спадчыну. Бываў там журналіст зрэдку, апошнія два з паловай гады ўвогуле жыве не ў Беларусі. У хаце ніколі не было ніякай кампутарнай тэхнікі, аднак менавіта яе шукалі там сілавікі.

«У той хаце няма ніякіх кампутараў, хіба толькі старая мэбля і кнігі, якія я не забраў у сваю кватэру ў Глыбокім. Так што забіраць там не было чаго. Але пра гэтую хату адмыслова распытвалі маю сястру – яна пацікавілася ў следчых, які лёс маёй кватэры пасля апошняга ператрусу», – распавёў Зміцер.

Ператрус у глыбоцкай кватэры журналіста адбыўся 6 снежня 2023 года. Сілавікі трапілі туды з дапамогай супрацоўнікаў МНС – іх выклікалі, каб узламаць дзверы. Пасля ператрусу кватэру апячаталі. Сястра журналіста паспрабавалі высветліць, ці пакінулі жытло замкнёным. Аказалася, што кватэра на замку, праз што ўзнікла пытанне, адкуль у сілавікоў знайшліся для гэтага ключы. Апячаталі жытло Змітра Лупача, як можна меркаваць па надпісах на пячатках, супрацоўнікі ГУБАЗіК.

На якой падставе і з чыёй санкцыі сілавікі праводзяць ператрусы ў жыллёвых памяшканнях, што належаць журналісту, пакуль незразумела. Непасрэдна перад ад’ездам у ліпені 2021 года Змітра Лупача затрымлівалі на трое содняў у межах крымінальнай справы, распачатай за нібыта распальванне міжнацыянальнай варожасці (арт.130 КК РБ).

Hавiны
Ціханоўская пра масавыя ператрусы: «Злачынцы тыя, хто ператвараюць Беларусь у турму»
2023.11.28 18:34

З канца лістапада ў Беларусі прайшла хваля ператрусаў у тым ліку ў людзей, якія выехалі за мяжу. 28 лістапада сілавікі перавярнулі кватэры людзей, якія звязаныя з Каардынацыйнай радай, таксама прыйшлі да бацькоў некаторых з актывістаў. Да 8 снежня агулам прайшло больш за 200 ператрусаў.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў