У СІЗА Берасця памёр былы дэсантнік, якога вінавацілі ў «абразе» Лукашэнкі


У Следчым ізалятары Берасця, не дажыўшы да суда, памёр палітвязень Аляксандр Кулініч. Пра гэта паведамляе Zerkalo са спасылкай на свае крыніцы. Мужчыну вінавацілі ў «абразе» самаабвешчанага кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.

Аляксандр Кулініч.
Фота: mediazona.by

Падпалкоўніка запасу Аляксандра Кулініча затрымалі 29 лютага ў Берасці. Яго абвінавацілі ў абразе Аляксандра Лукашэнкі. З таго часу яго трымалі ў берасцейскім СІЗА № 7. Суд над ім меўся адбыцца 16 красавіка, але 9 красавіка мужчына памёр.

Аляксандр Кулініч нарадзіўся ў Маладзечне 11 красавіка 1972 года. Ён быў падпалкоўнікам запасу, служыў у 38-й асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой Берасцейскай брыгадзе ПДВ. Апошнім часам працаваў індывідуальным прадпрымальнікам, займаўся харчовымі дабаўкамі.

Цела палітвязня ўжо выдалі сваякам. Яго пахаваюць у дзень ягонага нараджэння, 11 красавіка, у Маладзечне.

Раней набліжаныя да сілавікоў каналы заяўлялі, што Кулініч апублікаваў больш як 1000 каментароў адносна сітуацыі ў краіне. Яны таксама публікавалі кадры з ягоным затрыманнем. З каментароў вядома, што палітвязень крытыкаваў сітуацыю ў краіне, прывязанасць Беларусі да Расеі, выступаў супраць вайны ва Украіне.

Каментары Аляксандра Кулініча.
Фота: Вясна / Правы чалавека ў Беларусі / Telegram

Ужо шостая смерць палітвязня

Гэта ўжо трэцяя смерць палітвязня ў Беларусі ў 2024 годзе. У лютым у калоніі памёр былы актывіст Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Леднік. Ён быў асуджаны нібыта за паклёп на Лукашэнку. А ў віцебскай калоніі № 3 у ноч з 8 на 9 студзеня памёр 50-гадовы палітвязень Вадзім Храсько.

У пачатку траўня 2023 года таксама ў «Віцьбе» памёр 61-гадовы блогер і грамадскі актывіст Мікалай Клімовіч. Усіх трох адправілі ў калонію з цяжкімі захворваннямі, а прычынамі смерці стала нясвоечасовае наданне ім належнай медычнай дапамогі.

Ноччу 11 ліпеня 2023 года ў рэанімацыі памёр 57-гадовы палітзняволены мастак Алесь Пушкін. У яго была прабадная язва, і яму своечасова не надалі дапамогі ў гарадзенскай турме № 1. Мастака ўжо ў непрытомным стане прывезлі ў больніцу, на аперацыйным стале ў яго спынілася сэрца.

Першы вядомы выпадак смерці палітычнага зняволенага за кратамі ў Беларусі – смерць 50-гадовага актывіста з Бярозаўкі Вітольда Ашурка 21 траўня 2021 года ў шклоўскай калоніі № 17. Афіцыйная прычына – спыненне сэрца, хоць, паводле сваякоў, да зняволення на здароўе мужчына не скардзіўся. На відэа з калоніі Вітольд Ашурак выглядаў знясіленым і ледзь трымаўся на нагах. Калі родным аддалі цела палітвязня, то галава была практычна цалкам забінтаваная. Следчы камітэт заявіў, што смерць палітвязня не мела крымінальнага характару, і да гэтага часу не завёў крымінальнай справы.

Святлана Ціханоўская – аб смерці Аляксандра Кулініча

Смерць палітвязня пракаментавала абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская.

«Проста не хочацца верыць, што гэта – ужо шостая смерць беларуса ў турме. Невыносна нават уяўляць, у якіх умовах людзі знаходзяцца за кратамі, калі іх змест прыводзіць да такіх трагедый. Мяне не пакідае боль ад думак пра загінулых у няволі – у тым ліку таму, што больш за год я нічога не ведаю пра лёс свайго мужа», – заявіла яна.

Ціханоўская падкрэсліла, што палітвязню не быў забяспечаны належны медычна догляд і ахова здароўя:

«Як не была раней забяспечана дапамога загінулым у турмах Алесю Пушкіну, Ігару Ледніку, Вітольду Ашурку. Як не забяспечваецца сёння Рыгору Кастусёву, Марыі Калеснікавай і Алесю Бяляцкаму, стан якіх пагаршаецца штодня».

На думку лідаркі, рэжым «гатовы зноў і зноў забіваць людзей, толькі каб прадэманстраваць сваю ўсёдазволенасць». Яна заклікала еўрапейскіх партнёраў і ўсю міжнародную супольнасць да актыўных дзеянняў, «каб запусціць працэс вызвалення тых, хто апынуўся за кратамі праз палітычны пераслед».

Агляд
Беларускі мартыралог. Яны загінулі за часы лукашызму
2023.07.13 07:00

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў