Еўразвяз вылучыць на падтрымку беларускай культуры 5 мільёнаў еўраў


Еўразвяз вылучыць на падтрымку беларускай культуры 5 мільёнаў еўраў. Паведамленне аб гэтым з’явілася ў тэлеграм-канале Святланы Ціханоўскай.

Аліна Коўшык і Міхаэль Зіберт.
Фота: Светлана Тихановская / Telegram

Пра рашэнне аб вылучэнні сродкаў стала вядома падчас пасяджэння працоўнай групы па інфармацыі і медыях у межах Кансультатыўнай групы «ЕЗ – Беларусь».

З беларускага боку ў працы групы брала ўдзел прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету па нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык.

«Я вельмі рада перадаць словы кіруючага дырэктара Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Міхаэля Зіберта, што на падтрымку беларускай культуры асобна будзе выдзелена 5 мільёнаў еўра. Мы будзем паведамляць, калі гэтыя грошы будуць даступныя і як іх можна будзе выкарыстаць. Мы вельмі ўдзячныя Еўрасаюзу за дапамогу і разуменне важнасці гэтай тэмы для ўсіх нас!» – адзначыла Аліна Коўшык.

Таксама яна паведаміла, што падчас працы групы абмяркоўваліся стратэгічныя камунікацыі, падтрымка Еўразвязам незалежных беларускіх медыяў, процідзеянне прапагандзе, а таксама шляхі папулярызацыі еўрапейскіх каштоўнасцяў у беларускім грамадстве.

Нагадаем, што нядаўна стала вядома аб тым, што Еўразвяз вылучае дадатковыя 30 мільёнаў Еўраў на падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасці і дэмакратычных сілаў, аб чым зрабіў заяву вярхоўны прадстаўнік Еўразвязу па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль. Такім чынам, з 2020 году дапамога беларускім дэмсілам дасягне 140 мільёнаў еўраў.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў