Баі на поўдні і ўсходзе без істотных зменаў па фронце. Што адбываецца ва Украіне?


«Белсат» падводзіць вынікі 781-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 14 красавіка чытайце ў нашым аглядзе.

Украінскія вайскоўцы.
Фота: Генеральний штаб ЗСУ / General Staff of the Armed Forces of Ukraine / Facebook

Купянскі і ліманскі кірункі (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі, што цягам апошніх содняў сілы абароны краіны адбілі шэраг атак праціўніка ў ваколіцах населеных пунктаў Верхнякаменскае, Выемка, Спірнае і Раздолаўка на поўначы Данецкай вобласці, а таксама каля Белагораўкі на Луганшчыне.

Пры гэтым у Міністэрстве абароны РФ заявілі, што іхныя вайскоўцы палепшылі сваё становішча па пярэднім краі на асобных участках фронту на паўночным усходзе Украіны.

Таксама ў ведамстве адзначылі, што ЗСУ контратакавалі каля сяла Выемка, але поспеху не дасягнулі.

Бахмуцкі кірунак (лінія фронту ў ваколіцах аднайменнага гораду ў Данецкай вобласці)

На бахмуцкім кірунку ініцыятыва па-ранейшаму застаецца за Узброенымі сіламі РФ, якія наступаюць на захадзе і поўдні ад аднайменнага раённага цэнтру.

Украінскі Генштаб піша пра шматлікія безвыніковыя атакі праціўніка каля населеных пунктаў Часаў Яр, Іванаўскае, Вопытнае, Клішчыеўка і Андрэеўка.

Між тым расейскі ваенкор Сямён Пегаў гаворыць, што войскі РФ прасоўваюцца з поўначы ад гораду Часаў Яр, а таксама на поўначы ад сяла Клішчыеўка.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Рыбарь» мяркуе, што УС РФ палепшылі тактычнае становішча на паўночным захадзе ад Клішчыеўкі.

Прасоўванні расейскіх вайскоўцаў на кірунку пацвярджае і праўкраінскі «Говорять Снайпер».

У сваю чаргу аналітыкі праекту Deepstate пішуць, што войскі РФ цалкам кантралююць сяло Багданаўка (на паўночным усходзе ад гораду Часаў Яр), хоць Мінабароны Украіны адмаўляе гэта.

Аўдзееўскі і навапаўлаўскі кірункі (на поўначы, захадзе і паўднёвым захадзе ад Данецку)

На аўдзееўскім кірунку наступальная актыўнасць расейцаў, паводле Генштабу ЗСУ, фіксуецца на захадзе ад аднайменнага гораду ў ваколіцах населеных пунктаў Новакалінавае, Новабахмутаўка, Бэрдычы, Танэнькае, Первамайскае і Невельскае.

Разам з тым Мінабароны РФ сцвярджае, што іхныя вайскоўцы палепшылі становішча каля сяла Новакалінавае.

Па інфармацыі тэлеграм-каналу «Рыбарь», цяпер баі ідуць на паўднёвых ускрайках населенага пункту.

Байцы Збройных сілаў, якія трымаюць абарону на кірунку, гавораць, што сітуацыя застаецца кантраляванай, хоць расейцы і маюць істотную перавагу ў жывой сіле і тэхніцы і паступова прасоўваюцца на захад. Адзначаецца, што пры гэтым праціўнік мае вялізныя страты, большая частка з якіх адбываецца пры спробах перакінуць дадатковыя сілы да пярэдняй лініі. У гэты ж час самыя ЗСУ маюць праблемы з ратацыяй, што адмоўна ўплывае на стан байцоў.

На навапаўлаўскім кірунку расейцы наступаюць каля населеных пунктаў Краснагораўка, Георгіеўка і Новаміхайлаўка. Пегаў гаворыць, што каля Краснагораўкі баі маюць сустрэчны характар. Істотных зменаў лініі сутыкнення не фіксуецца.

Бярдзянскі, арэхаўскі і херсонскі кірункі (захад Данецкай, а таксама Запарожская і Херсонская вобласці)

На бярдзянскім кірунку расейцы ціснуць на так званым урэмеўскім выступе (на мяжы Данецкай і Запарожскай вобласцяў) каля сёлаў Ураджайнае і Старамаёрскае.

Мінабароны РФ піша пра паляпшэнне становішча ў ваколіцах Ураджайнага. Прарасейскі тэлеграм-канал «Воин DV» удакладняе, што пад кантроль УС РФ перайшоў адзін з апорных пунктаў.

У цэнтральнай частцы Запарожскай вобласці баявыя дзеянні лакалізуюцца ў ваколіцах гораду Арэхаў.

Расейскае камандаванне заявіла пра лакальныя поспехі каля сяла Чароўнае (на ўсходзе ад гораду).

Іншыя прарасейскія крыніцы фіксуюць працяг баёў у сяле Работына, а таксама на паўночным захадзе ад суседняга Вэрбовага.

Праўкраінскі тэлеграм-канал «Офіцер» звяртае ўвагу на тое, што расейцы за апошнія паўтара месяца паступова занялі так званую шэрую зону каля Вэрбовага, і цяпер, імаверна, плануюць адсюль наступаць у бок Работына, дзе іхныя штурмавыя групы ніяк не могуць прасунуцца.

У Херсонскай вобласці баявыя дзеянні ідуць на левым беразе Дняпра, дзе расейцы намагаюцца выбіць праціўніка з займаных плацдармаў. Пакуль лінія сутыкнення застаецца нязменнай.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu 

Стужка навінаў