Дзяржаўнае тэлебачанне Ірану выдала відэа пажару ў Чылі за вынікі ўдару па Ізраілі


Дзяржаўнае тэлебачанне Ірану некалькі разоў паказала відэа пажару двухмесячнай даўніны ў Чылі, сцвярджаючы, што гэта сведчанне паспяховага паражэння цэляў у Ізраілі. Пра гэта паведамляе Бі-Бі-Сі.

Відэа паказалі некалькі разоў падчас эфіру, прысвечанага масаваму паветранаму ўдару Ірану па Ізраілі. На ім была знятая аўтамагістраль на фоне моцнага пажару, які асвятліў начное неба. Акрамя таго, на ім чуваць, як жанчына нешта гаворыць па-іспанску.

Дзяржаўнае тэлебачанне назвала гэта сведчаннем таго, што іранскія беспілотнікі і ракеты толькі што паспяхова прарваліся праз паветраную абарону Ізраілю і знішчылі загадзя вызначаныя цэлі.

У Бі-Бі-Сі знайшлі арыгінальнае відэа, апублікаванае ў TikTok у лютым падчас маштабнага ляснога пажару каля чылійскага гораду Віння-дэль-Мар.

Некалькі навінавых агенцтваў Ірану таксама апублікавалі відэа з аналагічнымі ілжывымі заявамі.

Нагадаем: у ноч на 14 красавіка Іран запусціў па Ізраілі больш за 300 дронаў-камікадзэ і дзясяткі крылатых ракетаў. У Тэгеране заявілі, што ўдар па Ізраілі больш паспяховы, чымся чакалася, і працягваць атакі не збіраюцца.

Аднак насамрэч наступствы нападу нязначныя. Ізраіль сцвярджае, што 99 % запушчанага збілі, загінулых няма, ёсць толькі пацярпелыя ад падзення аскепкаў. Прычым  асноўная маса беспілотнікаў і ракетаў была перахопленая знішчальнікамі яшчэ да таго, як яны дасягнулі ізраільскай паветранай прасторы.

Каментар
«Мы перахапілі б і болей». У Ізраілі заявілі, што гатовыя да атакі, і назвалі Іран тэрарыстамі
2024.04.14 15:23

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў