«Новы год, ядзім пад салют у небе». Як жыхары Ізраілю перажылі ноч пад іранскімі ракетамі


У ноч на 14 красавіка Іран запусціў у напрамку ізраільскай тэрыторыі «масіўны рой» з больш чым 300 дронаў-камікадзэ, крылатых і балістычных ракет. Сістэмы абароны Ізраілю і яго саюзнікаў у рэгіёне перахапілі пераважную большасць ракет і беспілотнікаў. Дзясяткі з іх былі збітыя за межамі краіны. Даведаліся, што рабілі жыхары Ізраілю, пакуль сістэмы абароны і ВПС ЦАХАЛ адбівалі ўдары.

Судзячы па паведамленнях у інтэрнэце і сацыяльных сетках, падобныя інцыдэнты – не штосьці новае для жыхароў Ізраілю, людзі ў большасці сваёй абвыклі да падобнай роды небяспекі, гатовыя да яе і рэагуюць спакойна.

Жыхары Ізраілю ў бомбасховішчы.
Фота: даслаў Алег Барадзін

Іван, жыхар Ізраілю:

«Я прачнуўся ад «бумаў», досыць гучных, і адразу зразумеў, што гэта наш «купал». Розум змагаўся з пачуццямі. Усё ж досвед успрымання «купала» зусім новы і спрасонку была ілюзія, а раптам пранясе, у добрым сэнсе. Яшчэ праз пару тройку хвілін раздалася сірэна на вуліцы і ў тэлефоне. Апрануліся і перайшлі да дзяцей у мамад. Я ўключыў на тэлефоне 9-й канал, сын з дачкой скролілі Тэлеграм і дадатак службы тылу. За акном яшчэ разы два-тры «бумкала». На 9-м сказалі, што па ўсім Ізраілі ад прылётаў пацярпеў адзін хлопчык у бедуінскім пасёлку. Хвілін праз 20 пайшлі спаць. Нас не зламаць, Хорціца не дапітая… Усім нам мірнага неба».

Агляд
У сацсетках паказалі, як «Жалезны купал» адбіваўся ад атакі Ірану на Ізраіль
2024.04.14 11:29

Алег Барадзін, адзін з лідараў Беларускай асацыяцыі палітвязняў, які жыве ў Ізраілі:

«Толькі што нас бамбілі. Дроны даляцелі і да нашага гораду. Ён глыбока ў тыле. Сірэны не было. Я адзін не спаў. Убачыў у акне серыю яркіх выбліскаў. Адна, дзве, дзесяць, дваццаць. Забегаю ў дзіцячую, жонка ўжо паднімае дачку, я за сынам і дзецьмі бегам у міклад (грамадскае бамбасховішча). Пакуль беглі – усё неба ў агнях і выблісках ад перахопаў. Цяпер сядзім у мікладзе. Дроны падлятаюць групамі, мяркуючы па ўспышках па 25-30 штук. Інтэрвал паміж атакамі 5 хвілін. Толькі што скончылася трэцяя хваля. У небе чутны гул самалётаў. Чакаем канца нападу.

Мы хутка забеглі ў міклад. Яно стаіць каля нашага дома за 20 метраў. Людзей было няшмат – каля 15 чалавек, бо не было сірэны. Людзі спалі. Наша хата знаходзіцца на акраіне горада, на паўднёвым захадзе. Мы бліжэй да Газы.

Цяжка было 7 кастрычніка, калі Хамас напаў з Газы і зладзіў генацыд і масавую разню безабаронных жыхароў, тады мы патрапілі пад жорсткі ракетны ўдар. Прасядзелі ў бамбасховішчы паўдня, увесь двор быў абсыпаны асколкамі, нават адным асколкам зачапіла руку, калі выходзіў са сховішча, а асколак упаў з даху. Вось тады было сапраўды страшна, дзеці плакалі, гэтае выццё сірэны, перапоўненае людзьмі бамбасховішча.

У Ізраілі мы з сямʼёй з 20 сакавіка 2023 года. Пасля таго як адсядзеў свае суткі ў Гомельскім ІЧУ за фотаздымку расейскіх салдат у Гомлі, збег з краіны ў Грузію, як даведаўся пра заведзеную крымінальную справу, потым узʼяднаўся з сямʼёй і ўжо прыехалі ў Ізраіль. Гэта ўжо трэцяя хваля за ўвесь час што мы знаходзімся ў Ізраілі, калі даводзіцца сядзець у бамбасховішчы.

Здымак экрану з сайту www.flightradar24.com, інфармацыя па стане на 9 раніцы, паводле Менску

Менавіта зараз цяжка казаць пра сапраўдную вайну. Трэба дачакацца рэакцыі ізраільскіх уладаў на дадзеную атаку і цвяроза прынятае рашэнне, а не галаслоўную браваду ў дадзены момант.

Ёсць істотная розніца паміж гэтым нападам іранцаў і хамаскім бязмежжам. Зараз гэта сапраўды больш падобна на баявыя дзеянні – у сваёй масе атака дронаў і ракет была накіравана на стратэгічныя грамадзянскія і ваенныя абʼекты Ізраілю, а тое, што было 7 кастрычніка – гэта чыстай вады жывёльны генацыд, калі тэрарысты ХАМАС проста выразалі людзей, здзекаваліся над палоннымі, жыўцом спальвалі маленькіх дзяцей, гвалтавалі жанчын усіх узростаў.

Але да рэальнай вайны ўсё ж справа не дойдзе. Я магу выказаць здагадку яшчэ шэраг зваротных нападаў як Ізраілю, так і Ірану, але не вайну…

Ізраільскі народ вельмі моцны духам. Колькі разоў я пераконваюся – гэтых людзей не зламаць. Ізраіль зараз як ніколі адзіны ў сваіх рашэннях, намерах, задачах і дзеяннях. Шчыра спадзяюся, што і беларусы як нацыя неўзабаве змогуць узняцца да такога ўзроўню адзінства і салідарнасці».

Hавiны
Адзін пацярпелы і «нязначная шкода авіябазе»: вынікі нападу Ірану на Ізраіль
2024.04.14 09:13

Як яшчэ перажывалі гэтую ноч жыхары Ізраілю:

«Мой муж кажа, спі давай. А ў мяне і так была мігрэнь, зараз яшчэ млоснасць падключылася, як тут заснуць».

«Я далёка зараз, у Нямеччыне, а да мужа не датэлефанавацца – ён гук на ноч у тэлефоне адключае, яму ў 4 уставаць. Я яму ўжо напісала ўсё, што можна. Калі я зʼехала, ён мне прапанаваў затрымацца ў Еўропе да Песаха – я пасля аперацыі, доўгае аднаўленне, а, казаў, у Песах можа пачацца, я занадта слабая, маўляў. А зараз вось».

«Мая дачка кінулася галаву фарбаваць экстранна».

«Мой муж заснуў, а я трывожны заплечнік сабрала і таксама заснула б, але дзетка баіцца і не спіць…»

«Мне і на працу ў шэсць уставаць, трэба б спаць, але схапіла спіну на нервовай глебе».

«Я таксама спаць сабраўся, калі даляцяць – даведаемся. Калі не, то і слава Богу».

Хтосьці здымаў стрэс ежай і алкаголем:

«Новы год, блін. Ядзім пад салют у небе».

«Я дзве порцыі марожанага зʼела перад сном. І яшчэ потым яблык».

«Вось у мяне дзіця ўсё ніяк спаць не ішла, ела і ела. Апошнюю порцыю мяска з агурочкам ужо ў ложку даядала».

Раніцай у нядзелю многія віншавалі адно аднаго з перажытай ноччу.

Генадзь, Ізраіль:

«Справіліся…  Добрай раніцы. Добрай на 100 %. Такая праца СПА дадае аптымізму. «Купал» зладзіўся. І гэта неверагодна крута. Упершыню была такая колькасць ракет і дронаў – і справіўся».

Абнаўляецца
Ізраіль адбіўся ад нападу Ірану і абяцае адпомсціць. ЗША не хочуць атакаваць Тэгеран
2024.04.13 22:43

Ася Саковіч belsat.eu

 

Стужка навінаў