Берасцейская пракуратура нарошчвае тэмпы выяўлення «экстрэмісцкіх матэрыялаў»


Пракуратура Берасцейскай вобласці цягам І квартала 2024 года накіравала ў суды 119 заяваў наконт прызнання інфармацыйных рэсурсаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Такой статыстыкай пахваліліся ў прэс-службе пракуратуры Берасцейскай вобласці, піша БелТА.

Будынак пракуратуры Берасцейскай вобласці.
Крыніца: bouks.by

У прыватнасці, экстрэмісцкімі матэрыяламі была прызнаная прадукцыя 63 Telegram-чатаў і каналаў, 11 старонак у Instagram, 6 інтэрнэт-сайтаў, 9 акаўнтаў у TikTok, 6 акаўнтаў «ВКонтакте», 15 акаўнтаў у Facebook, 5 друкаваных выданняў, 2 акаўнты ў сацыяльнай сетцы X (Twitter), а таксама 5 YouTube-каналаў, паведамляе БелТА.

Акрамя таго, тэрытарыяльныя пракуроры накіравалі ў Берасцейскую абласную экспертную камісію хадайніцтвы для ацэньвання інфармацыйнай прадукцыі іншых 12 інфармацыйных крыніцаў на наяўнасць у іх прыкметаў «экстрэмізму». Пасля таго, як будуць атрыманыя экспертныя высновы, пракуратурай будзе прымацца пастанова наконт накіравання ў суд адпаведных заяваў.

Як бачна, Берасцейская пракуратура сур’ёзна нарошчвае тэмпы працы ў выяўленні «экстрэмісцкіх матэрыялаў»: так, за першыя шэсць месяцаў 2023 года яна накіравала ў суды 74 заявы наконт прызнання інфармацыйнай прадукцыі экстрэмісцкімі матэрыяламі, а за дзевяць месяцаў 2023-га –  104 заявы.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў