Дапамога Украіне і Ізраілю: у Сенаце ЗША заявілі пра дасягненне кансэнсусу


Лідар большасці ў Сенаце ЗША, дэмакрат Чак Шумэр заявіў пра дасягненне кансэнсусу адносна дапамогі Украіне і Ізраілю: Кангрэс мае дзеяць хутка, каб адправіць дапамогу абедзвюм краінам, піша «ABC News».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: wirestock / Freepik

Паводле Чака Шумэра, адпаведны кансэнсус быў дасягнуты падчас нядзельнай тэлефоннай размовы прэзідэнта Джо Байдэна і лідараў Кангрэсу.

Шумэр выказаў спадзеў на прэс-канферэнцыі ў Нью-Ёрку, што на гэтым тыдні ўдасца нешта зрабіць для дапамогі абедзвюм краінам. Ён адзначыў, што найлепшы спосаб скіраваць дапамогу Ізраілю і Украіне – гэта прыняцце Палатаю прадстаўнікоў адобранага Сенатам дадатковага закону аб нацыянальнай бяспецы, які прадугледжвае дапамогу абедзвюм краінам.

Сенат прыняў пакет на суму 95 мільярдаў долараў у лютым, але спікер Палаты прадстаўнікоў Майк Джонсан не вынес яго на галасаванне.

Раней у нядзелю Байдэн правёў размову з лідарам большасці ў Сенаце Шумэрам, спікерам Палаты прадстаўнікоў Майкам Джонсанам, лідарам меншасці ў Палаце прадстаўнікоў Гакімам Джэфрызам і лідарам меншасці ў Сенаце Мітчам МакКонэлам.

Лідар большасці ў Палаце прадстаўнікоў Стыў Скаліс заявіў, што на гэтым тыдні Палата прадстаўнікоў зменіць свой графік, каб «разгледзець законы, якія падтрымліваюць нашага саюзніка, Ізраіль, і прыцягваюць да адказнасці Іран і яго тэрарыстычных паслугачоў», але пакуль незразумела, што гэта будуць за законы і наколькі яны могуць адрознівацца ад законапраекту, прынятага Сенатам.

Спікер Палаты прадстаўнікоў ЗША Майк Джонсан заявіў у нядзелю, што палата паспрабуе яшчэ раз прагаласаваць за ваенную дапамогу Ізраілю ў адказ на шырокамаштабны напад Ірану. Але ён не ўдакладніў, ці будзе пакет падтрымання Украіны аб’яднаны з дапамогай Ізраілю і ці будзе прагаласаваны на гэтым тыдні.

Старшыня Камітэту ў справе выведкі Палаты прадстаўнікоў Майк Тэрнэр чакае, што галасаванне ў справе дапамогі Украіне адбудзецца на гэтым тыдні і яе прымуць.

Жорсткія кансерватары перасцераглі Джонсана ад залучэння фінансавання Украіны ў любы пакет дапамогі Ізраілю.

Аналітыка
Крызіс заходняй дапамогі: якую зброю чакае Украіна і колькі яшчэ можа без яе пратрымацца?
2024.03.11 06:00

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў