Едзеце ў Польшчу на травеньскія? ДПК папярэджвае – чакаць ля мяжы прыйдзецца вельмі доўга


Увесь апошні тыдзень каля прапускнога пункта «Берасце» назіраюцца чэргі з аўтобусаў. У залежнасці ад дня ўезду ў Польшчу чакала ад 17 да 32 аўтобусаў. Менш за ўсё ў аўторак, больш – у выходныя. Днём 15 красавіка стаяць 25 аўтобусаў. І будзе горш, паведамляе Дзяржпамежкамітэт. «Белсат» даведаўся, чаму.

пограничный пункт, Тересполь-Брест, памежны пункт, «Тэрэспаль – Берасце», польско-беларусская граница, беларуска-польская мяжа, Польшча, Польша, Беларусь
Памежны пераход «Тэрэспаль – Берасце» з польскага боку. Тэрэспаль, Польшча. 9 красавіка 2024 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

У чатах, дзе абмяркоўваюць праходжанне межаў з ЕЗ, людзі пішуць, што стаяць даводзіцца больш за паўсодняў.

«Аўтобус “Берасце – Варшава” выезд з вакзалу ў 11:10, у 17:00 заехалі да беларусаў, былі 13-мі на 100-метроўцы. У гадзіну ночы па Менску прайшлі пашпартны кантроль РП. Разам 13 гадзін 30 хвілін», – піша адзін з карыстальнікаў пра сваю паездку, якая пачалася 14 красавіка.

Яшчэ адна жанчына распавядае, што выехала з Берасця 15 красавіка а 00:20 і толькі а 13:00 трапіла на пашпартны кантроль на польскім пераходзе.

«13 гадзін і думаю яшчэ пашанцавала», – дзеліцца яна.

У чаце цікавяцца, наколькі загадзя варта выязджаць, калі плануеш у Варшаве сесці на самалёт. Некалькі чалавек рэкамендуюць выязджаць за двое сутак.

Раней «Белсату» распавялі ў даведачнай «Менсктрансу», што часу сапраўды трэба закладваць пабольш, калі вы хочаце трапіць на сустрэчу ў пэўны час або ў аэрапорт. Праўда, раілі прыгатавацца чакаць гадзін 10 каля мяжы з Польшчай.

Дзяржпамежкамітэт Беларусі скардзіцца на «калапс аўтобусаў на мяжы».

Чарга з тых, хто чакае ўезду ў Польшчу 15 красавіка.
Фота: gpk.gov.by

«Пачынаючы з 2 красавіка перад пунктам пропуску Тэрэспаль (Берасце) фіксуецца рост чаргі аўтобусаў, – піша прэс-служба Дзяржпамежкамітэту. – Пры гэтым кантрольныя службы Польшчы мэтанакіравана ігнаруюць нормы пропуску і афармляюць усяго 42% аўтобусаў ад сутачнай нормы.

12 красавіка, у перыяд з 08: 00 да 14: 00 на польскую тэрыторыю прайшло ўсяго 4 аўтобусы з 42 магчымых».

«Белсат» з’ездзіў да пункта пропуску «Тэрэспаль» 9 красавіка. Сапраўды з боку Беларусі магло выязджаць толькі па адным аўтобусе за дзве-тры гадзіны.

«Польскі бок не робіць дзеянняў для развязання сітуацыі. Акрамя таго, па меры набліжэння сезону адпачынкаў сітуацыя з чэргамі аўтобусаў будзе пагаршацца», – папярэджвае Дзяржпамежкамітэт.

Памежная служба Польшчы распавяла «Белсату», што праводзіць больш пільны дагляд праз «пагрозу нелегальнай міграцыі». Афіцэраў з пункта ў Тэрэспалі даводзіцца накіроўваць на стрымліванне мігрантаў у лясах.

Тым часам растуць і чэргі з грузавога транспарту. Усяго 15 красавіка каля 2500 фур чакаюць уезду ў ЕЗ. З іх у Літву – больш за 1450, яшчэ больш за 1000 – у Польшчу.

Аўтамабільныя чэргі ля ўезду ў Польшчу зніклі. У іх на мінулым тыдні ў некаторыя дні стаяла больш за 500 аўтамабіляў.

Каментар
«Адказ на міграцыйны крызіс». Польшча абвінаваціла ўлады Беларусі ў чэргах на мяжы
2024.04.05 12:53

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў