У амбасадзе Беларусі ў Ізраілі патлумачылі, чаму не інфармавалі беларусаў пра атаку Ірану


У адрозненні амбасадаў заходніх краінаў пасольства Беларусі ў Ізраілі аніяк не праінфармавала сваіх грамадзянаў пра небяспеку атакі, якую ўночы з 13 на 14 красавіка ўчыніў Іран.

Амбасада Беларусі ў Ізраілі.
Фота: Embassy of the Republic of Belarus in the State of Israel / Facebook

На сайце беларускай амбасады ў Ізраілі апошняя навіна стаіць за 7 красавіка (па-беларуску – наагул за 21 сакавіка). Папярэджанняў пра якуюсьці небяспеку там няма. Пры гэтым пасольства ЗША, напрыклад, з 11 па 14 красавіка апублікавала ажно тры папярэджанні пра небяспеку. Не рассылала беларускае пасольства і смс-паведамленняў сваім суайчыннікам, як гэта рабілі амбасады заходніх краінаў, з заклікамі знаходзіцца ў бамбасховішчах.

Карэспандэнт «Белсату» патэлефанаваў у беларускую амбасаду ў Ізраілі, каб спытаць пра прычыны гэтага.

«Гэта кампетэнцыя службы тылу. І Вы таксама, як і я, і мы тут выконваем рэкамендацыі службы тылу. Нічога новага, як вы разумееце, беларуская амбасада, альбо якая іншая прыдумаць не можа. Таму нам з вамі разам трэба выконваць рэкамендацыі службы тылу», – заявіў консул.

Ён адзначыў, што на старонцы амбасады ў Facebook ёсць папярэджанне адносна наведвання Ізраілю агулам – і гэтага дастаткова. Праўда, адзначым у сваю чаргу, знайсці старонку амбасады Беларусі ў Ізраілі ў Facebook не так і лёгка. Спасылка, якая змешчаная на сайце пасольства, пераводзіць на старонку, якая не абнаўлялася з 2019 года. Яшчэ адна старонка напярэдадні атакі Ірану распавядала не небяспеку беларусам, а пра палёт Марыны Васілеўскай у космас. У амбасадзе параілі сачыць за нейкай з іх.

Супрацоўнік амбасады прадстаўляцца не захацеў. Паводле яго, ведання таго, што ён консул, «дастаткова».

«Мы прывыклі не спадзявацца на беларускую амбасаду ў такіх выпадках», – адзначыла ў сваю чаргу ў каментары «Белсату» грамадзянка Беларусі ды Ізраілю, журналістка detaly.co.il Дар’я Гершберг.

У ноч на 14 красавіка Іран запусціў па Ізраілі больш за 300 беспілотнікаў і ракетаў.

Абноўлена
Ізраіль адбіўся ад нападу Ірану і абяцае адпомсціць. ЗША не хочуць атакаваць Тэгеран
2024.04.13 22:43

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў