Затрыманне праз тры гады за гудкі з машыны падчас пратэстаў


«Белсат» вядзе сумную хроніку рэпрэсіяў, што бесперапынна адбываюцца ў Беларусі цягам апошніх гадоў.

Дваіх братоў затрымалі за тое, што падчас пратэстаў 2020 года ў Менску яны сігналілі са сваёй машыны. Акрамя таго, на «пакаяльным відэа» адзін з затрыманых кажа, што напісаў каментар «хороший автозак — это перевернутый автозак».

Скрыншот з відэа, які нібыта стаў доказам таго, што два браты сігналілі пратэстоўцам падчас пратэстаў 2020 года.
Фота: тэлеграм-канал сілавікоў

Суд Баранавіцкага раёна і г. Баранавіч 11 красавіка вынес прысуды 9 мясцовым жыхарам за ўдзел акцыях пратэсту 2020 года. На лаве падсудных апынуліся Алена Стахейка, Вольга Тадро, Эдуард Апановіч, Аляксей Лескавец, Дзмітрый Абрамовіч, Алег Арцюх, Алег Сяргееў, Дзмітрый Хута, Вячаслаў Шкуцька. Іх асудзлі паводле паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса («Арганізацыя або актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак») ад аднаго да паўтара года калоніі.

Сілавікі зладзілі аблаву ў Жлобіне. Гэта вынікае з праўладных тэлеграм-каналаў, дзе з’явіліся «пакаяльныя відэа» траіх затрыманых. Іх абвінавачваюць ва ўдзеле ў акцыях пратэсту 2020 года. Верагодна, на іх завялі крыміналку.

15 красавіка адбыўся суд над гульцом «Што? Дзе? Калі?» Фёдарам Шведавым. Працэс праходзіў у Гарадзенскім абласным судзе. Фёдару выставілі абвінавачанне ў фінансаванні трох «экстрэмісцкіх арганізацый» на агульную суму ў 105 рублёў 88 капеек. Уладальніку «Хрустальнай савы» пагражае да 8 гадоў зняволення.

28 сакавіка у Браславе прайшоў суд над старшынём мясцовага АСВОДа Аляксеем Бузо. Яго асудзілі паводле арт. 19.11 КаАП за падпіску на «экстрэмісцкія» групы STOP LUKA і «Тэлеканал Белсат» у «Аднакласніках». Аляксею прызначылі 15 содняў арышту з канфіскацыяй тэлефона.

Стала вядома пра затрыманне журналіста «Вячэрняга Бабруйска» Дзяніса Носава. Яго абвінавачваюць рассылцы сваім сябрам спасылак на «экстрэмісцкія рэсурсы». Вядома, што Дзянісу прызначылі 15 содняў.

18 красавіка ў Гомельскім абласным судзе пачнецца суд над Анатолем Кірэйчыкам — 74-гадовым пенсіянерам з Хойнікаў. Судзіць яго будць за каментары пад фотаздымкамі прадстаўнікоў улады. Падчас ператрусу ў мужчыны дома знайшлі боепрыпасы. Пенсіянер расказаў следчым, што калекцыянаваў іх. Кірэйчыка будуць судзіць паводле арт. 188 КК («Паклёп»), арт. 369 КК («Публічная абраза прадстаўніка ўлады»), арт. 391 КК («Абраза суддзі») і ч. 2 арт. 295 КК («Незаконнае захоўванне боепрыпасаў»).

Следчы камітэт пачаў спецыяльнае вядзенне супраць бізнесмена з Полацка Уладзіміра Захарава. Мужчыну хочуць судзіць завочна. Уладзіміру інкрымінуюць наступныя артыкулы: ч. 3 арт. 243 КК («Ухіленне ад выплаты падаткаў, збораў»), ч. 2 арт. 243-1 КК («Ухіленне ад выканання абавязкаў падатковага агента па пералічэнні падаткаў, збораў»), ч. 1 арт. 243-3 («Ухіленне ад выплаты страхавых узносаў»), арт. 369-1 («Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь»). Захарава запрашаюць вярнуцца ў Беларусь і з’явіцца ва Упраўленне СК па Віцебскай вобласці.

Стала вядома пра затрыманне жыхаркі Берасця Валянціны Жукоўскай за ўдзел у пратэснай акцыі 10 жніўня 2020 году. Адметна, што ў 2021-м жанчына ўжо была асуджаная да 1,5 года «хатняй хіміі» па «карагоднай справе».

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў