Краіны G7 папярэдзілі Іран пра санкцыі за продаж Расеі балістычных ракетаў


Дзяржавы «Вялікай сямёркі» паабяцалі адказаць «хутка і скаардынавана», калі Іран наважыцца прадаць Расеі балістычныя ракеты. Пра гэта гаворыцца ў заяве лідараў краінаў G7, якую цытуе агенцыя «The Associated Press».

Тэхніка на вайсковых вучэннях у Іране. 19 студзеня 2024 года.
Фота: Iranian Army Office / Zuma Press / Forum

«Мы надзвычай занепакоеныя паведамленнямі аб тым, што Іран разглядае магчымасць перадавання балістычных ракетаў і звязаных з імі тэхналогіяў у Расею пасля таго, як ён даў расейскаму рэжыму беспілотныя апараты, што выкарыстоўваюцца ў нападах на мірных жыхароў Украіны», – заявіла «Вялікая сямёрка». Гэты нефармальны клуб аб’ядноўвае ЗША, Вялікую Брытанію, Нямеччыну, Канаду, Францыю, Італію і Японію.

Лідары запэўнілі, што «гатовыя адказаць хутка і скаардынавана, у тым ліку новымі і істотнымі захадамі», калі Іран не адмовіцца ад планаў дапамагчы Крамлю балістычнымі ракетамі.

Паводле крыніцы ў адміністрацыі прэзідэнта ЗША, адна з прапановаў новых санкцыяў – забарона на рэйсы ў ЕЗ для нацыянальнага авіяперавозніка «Iran Air», піша «The Associated Press».

Раней прадстаўніцтва Ірану ў ААН заяўляла, што ў ісламскай рэспубліцы няма аніякіх юрыдычных абмежаванняў на тое, каб прадаваць балістычныя ракеты, аднак адначасова адзначала, што «маральна абавязаная ўстрымацца ад угодаў са зброяй падчас расейска-ўкраінскага канфлікту, каб не распальваць вайну».

Зрэшты, гэты «маральны абавязак» не перашкодзіў Ірану забяспечыць Расею дронамі-камікадзэ «Shahed».

Агенцтва «Reuters» раней паведаміла, што Тэгеран ужо паставіў балістычныя ракеты ў Расею, аднак Белы дом пацверджанняў гэтай інфармацыі яшчэ не мае.

Hавiны
Медыі: Іран перадаў Расеі 400 балістычных ракетаў
2024.02.22 10:44

Тым часам у Берліне 15 сакавіка адбылася сустрэча ў фармаце «Ваймараўскага трохкутніка» з удзелам канцлера ФРГ Оляфа Шольца, прэзідэнта Францыі Эманюэля Макрона і прэм’ер-міністра Польшчы Дональда Туска.

Макрон у сваім акаўнце ў сацсетцы X.com апублікаваў заяву на трох мовах – французскай, нямецкай і польскай – пра тое, што тры краіны разам «поўныя рашучасці падтрымаць Украіну на ўсіх узроўнях і ў доўгатэрміновай перспектыве, каб ніколі не дазволіць Расеі перамагчы»:

«Дзеля нашай бяспекі, дзеля Еўропы. Наша адзінства – наша моц».

А Туск напісаў, што «паведамленні пра смерць «Ваймараўскага трохкутніка» моцна перабольшаныя».

На сумеснай прэс-канферэнцыі пасля перамоваў кіраўнік польскага ўрада адзначыў, што палітыкі абмяркоўвалі «бяспеку нашага кантынента, нашых краінаў у кантэксце вайны».

«Мы прытрымліваемся адзінай думкі ў тым, хто нясе поўную адказнасць за трагічныя падзеі ва Украіне, хто з’яўляецца агрэсарам і хто заслугоўвае нашай абсалютнай дапамогі. Мы хочам выдаткаваць свае грошы, хочам усімі спосабамі дапамагчы тут і цяпер, каб сітуацыя ва Украіне ў бліжэйшыя тыдні і месяцы паляпшалася, а не пагаршалася», – сказаў Дональд Туск.

Канцлер ФРГ Оляф Шольц, прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск і прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон. Берлін, Нямеччына. 15 сакавіка 2024 года.
Фота: Bundeskanzler / X.com

Оляф Шольц заявіў пра дамоўленасць купляць больш зброі для Украіны:

«З гэтага моманту мы будзем закупляць яшчэ больш зброі для Украіны, а менавіта на ўсім сусветным рынку, па-другое, мы будзем пашыраць вытворчасць вайсковай тэхнікі, таксама праз супрацу з партнёрамі ва Украіне, па-трэцяе, мы створым новую кааліцыю магчымасцяў рэактыўнай артылерыі далёкага дзеяння ў фармаце “Рамштайн”».

Адначасова бундэсканцлер падкрэсліў: «Мы падтрымліваем Украіну, аднак мы не ваюем з Расеяй. Нашая агульная мэта – каб Украіна эфектыўна абараняла сябе ад расейскай агрэсіі».

Эманюэль Макрон паабяцаў «рабіць усё неабходнае і столькі, колькі неабходна, каб не даць Расеі выйграць вайну з Украінай». «Мы будзем працягваць падтрымку Украіны і ўкраінскага народу столькі, колькі гэта спатрэбіцца», – запэўніў французскі прэзідэнт.

Палітыкі дамовіліся наступным разам сустрэцца ў Польшчы, перамовы запланаваныя на пачатак лета.

Аналітыка
Чаму вайна ва Украіне зайшла ў тупік, і чым гэта можа скончыцца?
2024.02.24 06:45

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў