У Польшчы знайшлі паўмільёна пачкаў беларускіх кантрабандных цыгарэтаў


У Падляскім ваяводстве службоўцы спынілі цяжкавік, які, паводле дакументаў, мусіў перавозіць пластыкавыя вырабы. У фуры знайшлі 540 тысячаў пачак беларускіх цыгарэтаў, паведамляе Польская падатковая служба. Кіроўцу, грамадзяніна Латвіі, затрымалі.

Кантрабандныя беларускія цыгарэты, знойдзеныя ў цяжкавіку ў Падляскім ваяводстве Польшчы.
Фота: Krajowa Administracja Skarbowa

Груз цяжкавіка спраўдзілі ў вёсцы Будзіска. 52-гадовы кіроўца, грамадзянін Латвіі, паказаў дакументы, згодна з якімі ён перавозіў пластыкавыя вырабы. Падчас дэталёвага правярання высветлілася, што насамрэч у фуры было 520 тысячаў беларускіх цыгарэтаў.

«Калі б гэтыя цыгарэты трапілі на нелегальны рынак, дзяржаўны бюджэт страціў бы амаль 14 млн злотых», – паведамляе Польская падатковая служба.

У эквіваленце гэта $ 3,5 млн.

Супраць кіроўцы распачатая справа, яго затрымалі. Яму пагражае пазбаўленне волі на тэрмін да 10 гадоў.

Кантрабандныя беларускія цыгарэты, знойдзеныя ў цяжкавіку ў Падляскім ваяводстве Польшчы.
Фота: Krajowa Administracja Skarbowa

У паведамленні адзначаецца, што знайсці кантрабанду дапамог службовы сабака.

Польскія мытнікі рэгулярна выяўляюць беларускія цыгарэты. Напрыклад, у лютым афіцэры знайшлі 241 тысячу пачкаў у таварным цягніку. А ў сакавіку перахапілі кантрабанду цыгарэтаў з Беларусі, якую адправілі паветраным шарам.

Разбор
Шэрыя схемы тытунёвага бізнесу: як прыструніць беларускую цыгарэтную мафію
2024.02.29 12:54

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў