На крок далей ад ЕЗ: парламент Грузіі прагаласаваў за скандальны закон аб «замежных агентах»


Грузінскі парламент у сераду, 17 красавіка, зацвердзіў у першым чытанні законапраект «Аб празрыстасці замежнага ўплыву». Як паведамляюць мясцовыя СМІ, яго падтрымалі 83 дэпутаты, якія ўдзельнічалі ў пасяджэнні. Апазіцыя байкатавала галасаванне, прэзідэнтка паабяцала накласці вета на праект. У Еўропе папярэджваюць, што яго прыняцце аддаліць Грузію ад уступлення ў ЕЗ.

Дэманстранты сабраліся ля парламенту Грузіі ў знак пратэсту супраць паўторнага ўвядзення законапраекта аб «Аб празрыстасці замежнага ўплыву» ў Тбілісі, Грузія. 16 красавіка 2024 года.
Фота: Mirian Meladze / Anadolu Press / abacapress.com / East News

Спрэчны закон «Аб празрыстасці замежнага ўплыву» у Грузіі з’яўляецца аналагам расейскага закона аб «замежных агентах». У пачатку красавіка кіруючая партыя «Грузінская мара» абʼявіла аб намеры зноў вынесці на галасаванне зменены варыянт законапраекту, які быў адкліканы год таму пасля масавых пратэстаў у Тбілісі з удзелам дзясяткаў тысяч чалавек, піша «Deutsche Welle».

Законапраект яшчэ мае прайсці два чытанні ў парламенце, а затым, каб закон набыў моц, яго мае падпісаць прэзідэнтка. Але прэзідэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі паабяцала ў інтэрв’ю «BBC» накласці вета на праект.

Дакумент у цяперашнім выглядзе прадугледжвае, што арганізацыі, якія атрымліваюць не менш як 20 працэнтаў свайго фінансавання з-за мяжы, павінны рэгістравацца ў органах улады. Калі ў першапачатковым варыянце закона такія арганізацыі павінны былі класіфікавацца як «замежныя агенты», то ў цяперашнім праекце размова ідзе аб «арганізацыях, якія прадстаўляюць інтарэсы замежнай дзяржавы».

Ухіленне ад рэгістрацыі цягне за сабой штраф у памеры 25 000 лары (каля 9 тысяч еўра), магчымы і паўторныя штрафныя санкцыі.

Адным са спрэчных палажэнняў праекту зʼяўляецца артыкул, які дазваляе міністэрству юстыцыі Грузіі праводзіць праверку, накіраваную на «выяўленне арганізацыі, якая праводзіць інтарэсы замежнай сілы». Падставай для гэтага можа стаць пісьмовы зварот прыватных асоб.

Грузінская апазіцыя рэзка крытыкуе законапраект. Яны абвінавачваюць кіруючую партыю ў працы на Расею і сцвярджае, што законапраект падрыхтаваны ў Маскве. У аўторак, 16 красавіка, на праспекце Руставелі ля будынку парламента сабраліся каля 15 тысяч чалавек, якія пратэставалі супраць прыняцця закона. Для разгону акцыі спецназ ужыў слёзатачывы газ.

Краіны ЕЗ і ЗША рэзка крытыкуюць законапраект. Прыняцце закона аб «замежных агентах» аддаліць Грузію ад уступлення ў Еўразвяз, заявіў старшыня Еўрапейскай рады Шарль Мішэль.

Разбор
Бойка ў парламенце і пратэсты на вуліцы. У Грузіі зноў прымаюць закон пра замежных агентаў
2024.04.15 17:15

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў