Расейцы развіваюць поспех на аўдзееўскім кірунку. Што вядома?


«Белсат» падводзіць вынікі 784-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 17 красавіка чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Салдаты 63-й брыгады ЗСУ хаваюць артылерыйскую ўстаноўку 2С3 «Акацыя», самаходную гаўбіцу 152-га калібру расейскай вытворчасці, на агнявых пазіцыях у Данецкай вобласці, Украіна. 13 красавіка 2024 года.
Фота: Wojciech Grzedzinski / Anadolu Press / Abaca Press / Forum

Купянскі і ліманскі кірункі (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

У Міністэрстве абароны РФ заявілі пра заняцце больш выгадных рубяжоў і пазіцыяў у ваколіцах населеных пунктаў Сынькоўка і Загаруйкаўка ў Харкаўскай вобласці, а таксама каля Стэльмахаўкі ў Луганскай.

Між тым у Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі, што цягам апошніх содняў праціўнік не праводзіў наступальных дзеянняў на купянскім кірунку.

На суседнім ліманскім кірунку, паводле ўкраінскага камандавання, войскі РФ правялі шэраг атак каля населеных пунктаў Торскае, Церны, Грыгораўка, Верхнякаменскае і Выемка на Данеччыне, а таксама ў ваколіцах Белагораўкі і на тэрыторыі Серабранскага лясніцтва на Луганшчыне – паўсюль без істотных прасоўванняў па фронце.

На асобных з вышэйзгаданых участкаў ЗСУ контратакуюць.

Бахмуцкі кірунак (лінія фронту ў ваколіцах аднайменнага гораду ў Данецкай вобласці)

На бахмуцкім кірунку ініцыятыва таксама застаецца за Узброенымі сіламі РФ, асноўная актыўнасць якіх засяроджаная ў ваколіцах гораду Часаў Яр.

Генштаб ЗСУ піша пра адбіццё шматлікіх атак праціўніка каля гораду, а таксама побач з сёламі Іванаўскае і Клішчыеўка.

Тэлеграм-канал паведамляе, што ранкам 17 красавіка УС РФ узялі пад поўны кантроль сяло Багданаўка (на паўночным усходзе ад Часавага Яру), заняўшы дамы ў паўночна-заходняй частцы населенага пункту.

Таксама сцвярджаецца, што на паўднёвым фланзе ідзе паступова прасоўванне ў бок каналу Северскі Данец – Данбас. Такім чынам расейцы імкнуцца абысці горад з двух бакоў.

Іншая прарасейская крыніца – «Фронтовая птичка» – сцвярджае, што УС прасоўваюцца ў суседнім ад Багданаўкі сяле Калінаўка.

Праўкраінскі тэлеграм-канал «Бахмутський Балу» піша, што ў ваколіцах Часавага Яру ідуць цяжкія баі, але пакуль ЗСУ ўдаецца стрымліваць праціўніка.

Аўдзееўскі і навапаўлаўскі кірункі (на поўначы, захадзе і паўднёвым захадзе ад Данецку)

На аўдзееўскім кірунку ўкраінскі бок фіксуе 11 безвыніковых атак праціўніка за содні каля населеных пунктаў Ачарэтына, Новакалінавае, Бэрдычы, Сямёнаўка, Няйталава і Первамайскае.

Між тым аналітыкі праекту Deepstate гавораць, што войскі РФ прасунуліся ў сяле Ачарэтына.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Рыбарь» сцвярджае, што УС РФ рухаюцца ў Новакалінавым, а таксама намагаюцца заняць выступ па фронце паміж сёламі Первамайскае і Невельскае.

Канал «Военкор Котенок» піша, што Узброеныя сілы РФ амаль цалкам занялі Бэрдычы і Сямёнаўку

Мінабароны РФ адзначае контратакі ЗСУ па ўсёй лініі сутыкнення.

На навапаўлаўскім кірунку асноўная актыўнасць расейскіх вайскоўцаў лакалізуюцца ў ваколіцах Краснагораўкі і Новаміхайлаўкі.

«Рыбарь» сцвярджае, што ў першым населеным пункце пад кантролем расейцаў знаходзіцца прынамсі палова прыватнага сектару з поўдня ад лініі мясцовай чыгункі.

Байцы 46-й брыгады ЗСУ гавораць, што расейцы прасоўваюцца ў горадзе, закідваючы пяхоту да лініі сутыкнення на бранятэхніцы. Пры гэтым самім жа расейцам цяжка замацавацца на новых пазіцыях, паколькі перад гэтым яны руйнуюць ударамі авіяцыі ўсе капітальныя пабудовы.

«Военкор Котенок» паведамляе, што ў Новаміхайлаўцы за ўкраінцамі застаўся адзін назіральны пункт у заходняй частцы сяла па вуліцы Міру, у астатнім – населены пункт кантралюецца войскамі РФ.

Акрамя гэтага крыніца фіксуе выбіццё ЗСУ з суседняга сяла Пабеда.

На самым поўдні кірунку, паводле тэлеграм-каналу «Воин DV», УС РФ істотна прасунуліся каля сяла Уладзіміраўка, а таксама занялі асобныя пазіцыі праціўніка каля суседняга Мікольскага. Такім чынам Узброеныя сілы РФ намагаюцца прасунуцца з паўднёвага ўсходу да гораду Вуглядар.

Бярдзянскі, арэхаўскі і херсонскі кірункі (захад Данецкай, а таксама Запарожская і Херсонская вобласці)

На бярдзянскім кірунку расейцы атакуюць на так званым урэмеўскім выступе (на мяжы Данецкай і Запарожскай вобласцяў) каля сёлаў Ураджайнае і Старамаёрскае. «Воин DV» фіксуе поспехі войскаў РФ ў ваколіцах Старамаёрскага. Пры гэтым каля суседняга Ураджайнага ЗСУ намагаліся контратакаваць, але былі загадзя выяўленыя і спыненыя.

У цэнтральнай частцы Запарожскай вобласці баявыя дзеянні ідуць на выступе па фронце з поўдня ад гораду Арэхаў.

«Рыбарь» сцвярджае, што расейцы рухаюцца ў лесапасадках на паўночным захадзе ад сяла Вэрбовае. Таксама адзначаецца выбіццё ЗСУ з часткі пазіцыяў на заходніх ускрайках Работына. Пры гэтым удакладняецца, што ў апошнім сяле ідуць сустрэчныя баі.

Праўкраінскія тэлеграм-каналы «Офіцер» і «Говорять Снайпер» пішуць, што сітуацыя ў Работыне стабільна напружаная, але пакуль сілам абароны ўдаецца знішчаць групы праціўніка, якія намагаюцца замацавацца ў зруйнаваным сяле.

У Херсонскай вобласці расейцы прынамсі пяць разоў атакавалі на левым беразе Дняпра, імкнучыся выбіць праціўніка з займаных плацдармаў, але поспеху не дасягнулі.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu

Стужка навінаў