У ЗША нарэшце запланавалі галасаванне за дапамогу Украіне і Ізраілю. Што ў праектах


Даволі імаверна, што закон аб дапамозе Злучаных Штатаў Украіне, якая «правісала» з восені 2023 года, ухваляць ужо ў бліжэйшы час. Асобна ад гэтага маюць галасаваць за дапамогу Ізраілю. «Белсат» расказвае, што ў праекце і чаму менавіта цяпер падобна, што закон будзе прыняты.

Сцягі Украіны і ЗША
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Сцягі Украіны і ЗША на канферэнцыі па вучэннях «Rapid Trident 2014» у Явараве, Украіна. 19 верасня 2014 года.
Фота: Joshua Leonard / U.S. Army photo / Flickr

Спікер Палаты прадстаўнікоў Злучаных Штатаў – ніжняй палаты парламенту, дзе бальшыню мае Рэспубліканская партыя – Майк Джонсан апублікаваў 17 красавіка асобныя законапраекты аб дапамозе Украіне (PDF), Ізраілю (PDF) і Інда-Ціхаакеанскаму рэгіёну (PDF), у тым ліку Тайваню.

Джонсан таксама абяцаў супартыйцам, што неўзабаве апублікуе чацвёрты праект аб нацыянальнай бяспецы. Праект мае ўключаць забарону TikTok, палажэнне аб аплаце дапамогі з выкарыстаннем канфіскаваных расейскіх актываў, новыя санкцыі і іншыя захады супраць Расеі, Кітаю і Ірану.

Раней меркавалася, што дапамога Украіне і Ізраілю будзе прынятая адным пакетам. Сенат – верхняя палата парламенту, дзе бальшыню мае Дэмакратычная партыя – ухваліў пакет на суму 95 млрд долараў Украіне, Ізраілю і Тайваню яшчэ ў лютым, але спікер Джонсан не вынес яго на галасаванне Палаты прадстаўнікоў.

Майк Джонсан
Спікер Палаты прадстаўнікоў Злучаных Штатаў Майк Джонсан.
Фота: Speaker.gov

Яшчэ 16 красавіка прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі абураўся зацягваннем працэсу. Але апублікаваныя 17 красавіка асобныя пакеты даюць надзею на ўхваленне дапамогі Украіне.

Галасаванне па пакетах дапамогі запланаванае на суботу, 20 красавіка. Джонсан даў заканадаўцам тры дні на праўкі, мае вынесці іх на галасаванне, нягледзячы на супрацьстаянне скрайне правай часткі ягонай Рэспубліканскай партыі.

Hавiны
Зяленскі абурыўся зацягваннем разгляду дапамогі Украіне ў Кангрэсе ЗША: «Ганьба для свету»
2024.04.17 07:49

Што ў пакетах

Агулам пакеты ўключаюць дапамогу на суму 95,3 млрд долараў. Пакет для Інда-Ціхаакіянскага рэгіёну – на 8,12 млрд. Пакет для Ізраілю – на 26,38 млрд, з якіх 9,1 млрд вылучаюць на гуманітарныя патрэбы (але не на падкантрольныя тэрарыстам «Хамас» улады сектару Газа і не на Блізкаўсходняе агенцтва Арганізацыі аб’яднаных нацыяў, супрацоўнікаў якога падазраюць у супрацы з тэрарыстамі), а таксама 4 млрд на супрацьпаветраную абарону.

Пакет для Украіны – на 60,84 млрд. Гэта падобна да раней ухваленых Сенатам сумаў. З гэтага 23,2 млрд вылучаюць на папаўненне амерыканскіх вайсковых запасаў, яшчэ 13,8 млрд на новыя кантракты па набыцці амерыканскай зброі і 13,4 млрд на рамонт ці замену ўжо перададзенага абсталявання, 7,9 млрд – на эканамічную падтрымку.

Эканамічная частка выдаецца як пазыка. На гэтым настойваў лідар рэспубліканцаў Доналд Трамп. Але палову з гэтай пазыкі могуць спісаць, калі Украіна не будзе ў стане вярнуць поўную суму.

Hавiны
Медыі даведаліся пра «мірны план» Трампа: ён хоча прымусіць Украіну аддаць Крым і Данбас
2024.04.07 22:01

Пакет прадугледжвае сярод іншага перадачу Украіне далёкабойных балістычных ракет ATACMS. Ракеты ATACMS раней ужо пастаўлялі ва Украіну, але ва «ўрэзанай» версіі з меншай далёкасцю і з касетнай баявой часткай, эфектыўнай супраць толькі некаторых лёгка абароненых цэляў. Але новыя пастаўкі больш далёкабойнай версіі могуць скасаваць, калі ракеты раптам спатрэбяцца «дзеля нацыянальнай бяспекі ЗША». Гэта фактычна значыць, што ракеты могуць і не паставіць.

Такім чынам, сума ў пакеце вялікая, але пакет не прадугледжвае надзвычайных паставак зброі для Украіны, якія маглі б пераламіць сітуацыю на фронце. Ды зусім без падтрымкі з боку ЗША Украіне, падобна, давялося б адступаць праз дэфіцыт снарадаў і супрацьпаветранай абароны.

Аналітыка
Тры сцэнары эскалацыі. Як вайна можа прыйсці ў Беларусь?
2024.04.01 08:26

Чаму падобна, што пакет для Украіны ўхваляць

Дапамога Украіне і Ізраілю выклікала працяглыя спрэчкі між рэспубліканцамі і дэмакратамі. Ухваляць дапамогу адным пакетам, як прапанавалі дэмакраты, не хацелі рэспубліканцы, якія патрабавалі (а некаторыя патрабуюць і цяпер) з’яднаць з ухваленнем пакету павелічэнне фінансавання абароны межаў ЗША (галоўным чынам – мяжы з Мексікай). Калі да згоды «Украіна + Ізраіль + мяжа» ўсё ж прыйшлі, скрайне правая частка рэспубліканцаў на чале з Трампам заблакавала праект.

Заканадаўчая ўлада ў ЗША падзеленая амаль па-роўнаму між Рэспубліканскай і Дэмакратычнай партыяй, пры тым партыі маюць больш цэнтрысцкія і больш радыкальныя фракцыі. Рэспубліканская мае невялікую перавагу ў Палаце прадстаўнікоў, Дэмакратычная – невялікую перавагу ў Сенаце. У апошнім адзіны пакет дапамогі Украіне і Ізраілю меў 70 % падтрымкі, у тым ліку яго падтрымалі шматлікія рэспубліканцы.

Пасля атакі Ірану на Ізраіль, а таксама на тле цяжкай сітуацыі на фронце ва Украіне, і дэмакраты, і рэспубліканцы ў Сенаце заклікалі Палату прадстаўнікоў прыняць нарэшце пакеты замежнай дапамогі.

Прэзідэнт ЗША, дэмакрат Джо Байдэн ужо выказаў рашучую падтрымку прапанаваных Джонсанам пакетаў і абяцаў падпісаць законы адразу як за іх прагаласуе парламент.

Hавiны
Джо Байдэн: Мы мусім спыніць Пуціна
2024.03.08 14:55

Дэмакраты ў Палаце прадстаўнікоў, імаверна, падтрымаюць пакет па Украіне – спрэчкі ў Дэмакратычнай партыі могуць быць хутчэй вакол падтрымкі Ізраілю і Газы. За пакет па Украіне можа прагаласаваць таксама і пэўная частка рэспубліканцаў, галасоў мае хапіць для ўхвалення.

Супраць дапамогі Украіне выступае скрайне правая частка рэспубліканцаў. Лідарка ўльтраправых у Палаце прадстаўнікоў Марджары Тэйлар Грын пагражала запусціць працэдуру зняцця спікера з пасады, але не падобна, што гэта паспеюць зрабіць да галасавання па пакетах дапамогі, ды і сам Джонсан кажа, што за сваю пасаду не хвалюецца, і адрынае крытыку пакетаў дапамогі з боку найбольш кансерватыўных супартыйцаў.

Праўда, да дапамогі Украіне прывязаная ўмова: трэба вызначыцца са стратэгіяй. Джонсан падкрэсліваў, што пакет патрабуе ад адміністрацыі прэзідэнта прадставіць план і стратэгію па тым, чаго ЗША хочуць дасягнуць дапамогай Украіне. План мае быць прадстаўлены цягам 45 дзён пасля падпісання закону пра дапамогу – калі ён усё ж будзе ўхвалены. Як у Штатах, так і за мяжой даўно гучаць выказванні аб тым, што выканаўчая ўлада ЗША не мае выразнага бачання таго, чаго ж хоча дасягнуць дапамогай Украіне: перамогі, вызвалення акупаваных тэрыторыяў, утрымання цяперашняй лініі фронту ці чагосьці яшчэ.

Аналітыка
Танцаваць ад Стамбулу. Навошта Пуцін кажа пра мірныя перамовы і ў чым роля Лукашэнкі
2024.04.12 18:02

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў