Шматдзетнай маці прысудзілі 8 гадоў калоніі і галадоўка палітвязня. Рэпрэсіі за 19 верасня


Ужо больш за два гады ў Беларусі штодзень адбываюцца палітычныя затрыманні і суды. «Белсат» вядзе хроніку рэпрэсіяў. Вось што стала вядома за 19 верасня.

Музыка і былы палітвязень Ігар Банцэр выйшаў на волю пасля 45 содняў адміністрацыйнага арышту. Яго тройчы асудзілі за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Як распавялі ягоныя блізкія, цяпер Банцэр «знаходзіцца ў цяжкім маральным і фізічным стане».

Актывістцы «Еўрапейскай Беларусі» і шматдзетнай маці Алене Лазарчык прызначалі тэрмін 8 гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.  Суд зрабілі закрытым, таму падрабязнасці невядомыя. Яе абвінавацілі адразу па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэксу. 22 ліпеня КДБ унёс Алену Лазарчык у «спіс тэрарыстаў».

Палітзняволенага Уладзіміра Гундара зноў змясцілі ў карцар, дзе ён знак пратэсту абвесціў галадоўку. Паводле жонкі палітвязня Алены Гундар, увечары 17 верасня 62-гадовага мужчыну змясцілі ў карцар. Ён адмовіўся жыць у адной камеры з падселенымі да яго двума вязнямі «нізкага сацыяльнага статусу» і за гэта адміністрацыя турмы пакарала яго 10 соднямі ў карцары. Гундар абвесціў галадоўку на ўвесь тэрмін спагнання.

Аналітыка
Як дапамагчы палітвязням, якія выходзяць на волю? Размаўляем з прадстаўніком BYSOL і псіхолагам
2022.09.19 08:30

У Горадні 70-гадовага пенсіянера з Нясвіжа Васіля Дземідовіча прыгаварылі да 6 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму са штрафам у памеры 50 базавых велічыняў. Яго абвінавацілі ў абразах прадстаўніка ўлады, суддзі, Лукашэнкі і арганізацыі масавых беспарадкаў. Таксама з пенсіянера пастанавілі спагнаць маральную кампенсацыю пацярпелым на суму 32 тысячы беларускіх рублёў.

Палітвязня Сяргея Бабко асудзілі да 2 гадоў калоніі. За каментары ў інтэрнэце 50-гадовага мужчыну абвінавацілі па двух артыкулах КК: за абразу Лукашэнкі і абразу прадстаўніка ўлады.

Справу супраць журналіста і сябра Саюзу палякаў у Беларусі Анджэя Пачобута будуць разглядаць у адным з абласных судоў. Але дакладная дата і месца пакуль невядомыя. Пра гэта палітычны вязень напісаў у лісце да жонкі.

Hавiны
Што вядома пра студэнта Мацвея Гранкевіча са «спісу тэрарыстаў»
2022.09.19 16:19

Мазырскага праваабаронцу Уладзіміра Целяпуна зноў асудзілі да арышту. Сёння супраць яго разглядалі адразу тры адміністрацыйныя пратаколы па арт. 19.11 КаАП (Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) за спасылкі на «экстрэмісцкія» публікацыі, пакінутыя ім у сацыяльных сетках у 2021 годзе.

Сёння ў Горадні пачалі судзіць стаматолага-артапеда санітарнай часткі «Гродна Азот» Аляксандра Дураева. Лекара абвінавачваюць у абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК), абразе і паклёпе на Лукашэнку (ч.1 арт. 368 і ч.2 арт. 367 КК), а таксама ў незаконных дзеяннях у дачыненні да агнястрэльнай зброі, баепрыпасаў і выбуховых рэчываў (ч. 2 арт. 295 КК) і незаконных дзеяннях у дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных (ч. 3 арт. 203-1 КК).

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў