Ліз Трас аб’явіла, што сыходзіць у адстаўку з пасадаў лідаркі Кансерватыўнай партыі і прэмʼер-міністра Вялікай Брытаніі. Пра гэта паведамляе Бі-Бі-Сі. Палітык прыняла такое рашэнне праз шэсць тыдняў працы на пасадзе.
Ліз Трас ужо паведаміла аб сваёй адстаўцы каралю Чарлзу III.
Кансерватыўная партыя правядзе новыя выбары лідара, які і ўзначаліць урад. Ліз Трас будзе займаць пасаду прэмʼер-міністра, пакуль не будзе абраны пераемнік. Выбары новага брытанскага прэмʼера пройдуць на наступным тыдні, адзначыла яна.
Прэмʼер-міністарку крытыкавалі за свае падатковыя ініцыятывы. Ёй давялося памяняць міністра фінансаў і адмовіцца ад заяўленых бюджэтных планаў. Папулярнасць кансерватараў за апошнія тыдні ўпала да рэкордна нізкіх значэнняў за ўсю гісторыю сацыялагічных даследаванняў у Брытаніі.
Ліз Трас застаецца ва ўладзе ўсяго 45 дзён, гэта самы кароткі тэрмін перабывання на пасадзе прэм’ер-міністра Вялікай Брытаніі да заявы аб адстаўцы. Да яе прэмʼер-міністрам з самым кароткім тэрмінам службы быў Джордж Кэнінг (George Canning), які праслужыў на гэтай пасадзе 119 дзён да сваёй смерці ў 1827 годзе.
Алена Рувіна belsat.eu