Журналіста Анджэя Пачобута перавялі ў наваполацкую калонію


Вярхоўны Cуд Беларусі 26 траўня разгледзеў апеляцыйную скаргу Анджэя Пачобута і пакінуў вырак у сіле. 21 чэрвеня стала вядома, што палітвязня перавялі ў наваполацкую калонію № 1, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Анджэй Пачобут на судзе ў Горадні, Беларусь. 16 студзеня 2022 года.
Фота: belta.by

Пачобута затрымалі 25 сакавіка 2021 года ў Горадні пасля ператрусу ў ягоным доме. З таго часу журналіст пабываў у СІЗА Менску, Жодзіна і Горадні. Нягледзячы на сур’ёзныя праблемы са здароўем, яго змяшчалі ў карцар. Таксама яму фактычна блакуюць перапіску, асабліва на польскай мове.

Анджэя Пачобута абвінавацілі паводле арт. 361 («Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь») і арт. 130 КК РБ («Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці»).

У абвінавачанні супраць журналіста гаворыцца, што ў медыях Пачобут назваў агрэсіяй напад СССР на Польшчу ў 1939 годзе. Крымінальнымі таксама палічылі ягоныя заявы ў абарону польскай меншасці ў Беларусі і артыкулы ў выданні «Gazeta Wyborcza» пра беларускія пратэсты ў 2020-м.

Hавiны
Палітвязень Анджэй Пачобут атрымаў залаты лаўр Акадэміі майстроў польскай мовы
2023.06.12 17:36

16 студзеня 2023 года, калі пачаўся суд, МЗС Польшчы распаўсюдзіла заяву, у якой абвінавачанні супраць Пачобута названыя непраўдзівымі ды палітычна матываванымі. У ведамстве адзначылі, што гэты працэс – «чарговы прыклад інструментальнага выкарыстання сістэмы правасуддзя насуперак усім дэмакратычным стандартам, а таксама адзін з элементаў антыпольскай кампаніі».

Судовы працэс праходзіў у Гарадзенскім абласным судзе ў закрытым рэжыме. Вёў яго суддзя Дзмітрый Бубенчык. У лютым 2023 года ён пакараў Пачобута 8 гадамі калоніі.

26 траўня суддзя Вярхоўнага Суда Ігар Любавіцкі разгледзеў апеляцыйную скаргу палітзняволенага журналіста і пакінуў вырак у сіле.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў