Затрыманне ксяндза ў Берасці, хапун у Гомлі і два гады калоніі за відэа ў TikTok: хроніка рэпрэсіяў


«Белсат» працягвае штодзённы агляд рэпрэсій – сабралі факты за 22 лістапада.

Вячаслаў Пялінак. Крыніца: brestkrest / facebook

У Берасці затрыманы ксёндз Вячаслаў Пялінак, паведамляе тг-канал «Хрысціянская візія».

Па словах вернікаў парафіі, дзе служыць ксёндз Вячаслаў, яго затрымалі пасля ранішняга набажэнства. Сілавікі забралі ягоныя тэлефон і ноўтбук. Прычыны затрымання невядомыя.

Ксяндзу 48 гадоў, у святарстве 21 год. Ён з’яўляецца святаром Віцебскай дыяцэзіі, але цяпер служыць у парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Берасці. Вячаслаў Пялінак быў першым асабістым сакратаром апостальскага нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці.

Яшчэ ў Берасці затрымалі мужчыну за інтэрнэт-каментары. На відэа, знятым сілавікамі, ён прадстаўляецца Сяргеем Васільевічам. Мужчына кажа, што быў падпісаны на «экстрэмісцкія» рэсурсы, а таксама пакінуў у тэлеграме больш за 1000 каментароў, пішуць праваабаронцы. Яго змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання.

Hавiны
У Валожыне за «здраду дзяржаве» затрыманы каталіцкі святар – «Хрысціянская візія»
2023.11.18 22:23

У Гомлі сілавікі зладзілі чарговы хапун. У блізкім да іх тг-канале з’явілася відэа з пяццю затрыманымі.

Адзін з затрыманых кажа, што адпраўляў «каментары ў негатыўным ключы аб прэзідэнце і ўладзе». Іншыя гавораць, што былі падпісаныя на так званыя «экстрэмісцкія рэсурсы» і пакідалі каментары ў розных сацсетках.

Беларуса затрымалі на мяжы з РФ і асудзілі на паўтара года калоніі агульнага рэжыму. 28-гадовага Руслана Казакевіча прызналі вінаватым у «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Яго справу яшчэ ў верасні разглядаў суд Добруша і Добрушскага раёну (суддзя – Святлана Лук’янава), паведамляюць праваабаронцы.

Казакевіча судзілі за каментар у тг-канале, які нібыта схіляў людзей да ўдзелу ў вулічных маршах. Мужчына прызнаў віну. Ён распавёў, што сапраўды размясціў каментар «пад уплывам эмоцый», бо чытаў каментары іншых карыстальнікаў на тг-канале. Таксама ён адзначыў, што аднойчы сам выходзіў на акцыю пратэсту.

Вядома, што Руслан Казакевіч быў затрыманы на мяжы з Расеяй. Але калі гэта адбылося і абставіны затрымання пакуль невядомыя. Да затрымання мужчына працаваў тэхнікам-механікам.

Разбор
«Канцлагер з рабсілай». Што адбываецца ўнутры ЛПП і навошта яны дзяржаве?
2023.11.21 07:39

Сёння стала вядома, што экс-палітзняволеную з Паставаў арыштавалі на сем сутак за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». 17 лістапада ў судзе Пастаўскага раёну над былой палітзняволенай з Паставаў Ірынай Палянінай адбыўся суд паводле арт. 19.11 КаАП.

Ірыну 8 лістапада выклікалі па позве ў мясцовы РАУС, пасля чаго на волю яна так і не выйшла. 13 лістапада ў судзе Пастаўскага раёну суддзя Наталля Жукава разглядзела справу былой палітзняволенай аб падаўжэнні прэвентыўнага нагляду. Вынікам стала працягненне яго на два гады.

Ірына – жыхарка Паставаў, якую асудзілі да двух гадоў калоніі. Тэрмін Паляніна адбывала ў жаночай калоніі № 24 і ў мінулым лістападзе выйшла на волю, нагадвае «Вясна».

У Магілёве за відэа ў TikTok асудзілі да двух гадоў калоніі 48-гадовага аўтамеханіка Дзмітрыя Пашына. Суд Ленінскага раёну Магілёва адбыўся яшчэ 1 лістапада, піша Mayday team. Суддзя Наталля Панасенка прызнала яго вінаватым у «абразе Аляксандра Лукашэнкі» паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэксу. Прычынай пераследу стаў відэаролік у тыктоку ў сакавіку 2023 года ў падтрымку Украіны, у якім у рэзкай форме таксама быў раскрытыкаваны Лукашэнка.

Як адзначаюць магілёўскія праваабаронцы, на гэты момант відэаролік недаступны. Дзмітрыя Пашына затрымалі ў жніўні 2023 года.

Рэпартаж
Паказаць твары беларускіх палітвязняў. Кранальная выстава ў Варшаве
2023.11.16 10:38

22 лістапада беларускія праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ 13 чалавек. Гэта – Андрэй Міндубаеў, Алег Волкаў, Вадзім Барысаў, Алег Сіліч, Герман Лебядзеў, Яўген Гоманаў, Канстанцін Саламіюк, Аляксандр Брэзін, Валерый Яроцкі, Сцяпан Задойка, Анатоль Зелепуга, Вольга Казлоўская і Ірына Сапрыгіна. Праваабаронцы лічаць іх справы палітычна матываванымі і патрабуюць вызвалення.

Новыя палітвязні ў сваёй бальшыні асуджаны ці змешчаны пад варту за «паклёп» ці «абразу» Аляксандра Лукашэнкі.

У Беларусі на сённяшні дзень налічваецца 1454 палітзняволеных.

На гэтым фоне вылучаецца адносна добрая навіна: Вярхоўны Суд вызваліў палітзняволеную Таццяну Пыцько з-за кратаў, а яе мужу зменшыў тэрмін пакарання.

Hавiны
Вярхоўны Суд вызваліў палітзняволеную Таццяну Пыцько з-за кратаў, а яе мужу зменшыў тэрмін пакарання
2023.11.22 17:29

СП, belsat.eu

Стужка навінаў