Шмат судоў, затрыманне вакаліста «Закону Гука» і рэйд на «АэраБелСэрвіс». Рэпрэсіі за 26 кастрычніка


Больш за два гады ў Беларусі не спыняюцца палітычныя рэпрэсіі: штодзень – затрыманні і суды. Вось што стала вядома за адзін толькі дзень 26 кастрычніка.

Сяргей Сацук.
Фота: nashaniva.com

Галоўнага рэдактара «Ежедневника» Сяргея Сацука асудзілі на 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, прызначылі вялікі штраф і грашовую кампенсацыю. Палітвязень прызнаны вінаватым у «атрыманні хабару, здзейсненага ў буйным памеры, перавышэнні службовых паўнамоцтваў, распальванні варожасці і разладу паводле прыкметы сацыяльнай прыналежнасці».

29-гадовы старшыня прафсаюзнай арганізацыі «Свабоднага саюзу металістаў» на МАЗе Арцём Жэрнак і 20-гадовы Данііл Чэўнакоў былі асуджаныя ў Менску яшчэ 13 кастрычніка, але пра гэта стала вядома толькі цяпер, расказвае праваабарончы цэнтр «Вясна». Справу разглядалі ў закрытым рэжыме, вінавацілі ў «Закліках да санкцыяў», «Дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» і «Удзеле ў экстрэмісцкім фармаванні». Жэрнаку прысудзілі 4 гады калоніі агульнага рэжыму, Чэўнакову – 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Абодва прызнаныя палітвязнямі.

Палітзняволеную Анастасію Ганчарэвіч асудзілі чатыры з паловай гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Спачатку яе вінавацілі толькі ў «Дзеяннях, якія груба парушаюць парадак», але прызналі вінаватай таксама ў «Абразе Лукашэнкі» і «Спрыянні экстрэмісцкай дзейнасці». Справу разглядалі ў закрытым рэжыме. Жанчына ў няволі з 1 лютага, удома яе чакаюць двое дзяцей.

48-гадовага індывідуальнага прадпрымальніка з Берасця Алега Дутчыка 24 кастрычніка асудзілі на 3 гады калоніі агульнага рэжыму і штраф у 3200 рублёў за «Дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь» і «абразу Лукашэнкі», піша «Вясна». Ягоная віна – каментар пра гібель супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка падчас штурму кватэры Андрэя Зэльцара. Ён віны не прызнаў.

Палітзняволеную пару Рамана Багрыю і Вікторыю Ждановіч асудзілі за «Грубыя парушэнні парадку» праз удзел у маршах пратэсту. Багрыю інкрымінавалі адзін эпізод і асудзілі на два з паловай гады «хатняй хіміі» (абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову), Ждановіч закідалі пяць эпізодаў, асудзілі на год калоніі агульнага рэжыму. Абодвух затрымалі 3 жніўня, але спачатку пасадзілі на «содні», а толькі потым распачалі крымінальную справу.

 

Hавiны
Палітзняволеную грамадзянку Расеі з перадавіцы «Камсамолкі» дэпартавалі з Беларусі на радзіму
2022.10.26 16:56

Прызначылі дату суду над палітвязнем Мікітам Старажэнкам: справу пачнуць разглядаць 15 лістапада ў Менскім гарадскім судзе. Палітвязня і былога следчага, які звольніўся пасля выбараў-2020 на знак пратэсту, вінавацяць у «Распальванні варожасці» і «Незаконным зборы інфармацыі аб прыватным жыцці». Старажэнку брутальна затрымалі 1 лютага ў гандлёвым цэнтры ў Менску.

На былога супрацоўніка АНТ і ўдзельніка «прэзідэнцкага пула» Дзмітрыя Семчанку завялі крымінальную справу за «Распальванне варожасці», вынікае з праўладных Telegram-каналаў. Спачатку яго кінулі пад арышт за «Дробнае хуліганства», потым яшчэ раз за «Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў», а ўрэшце распачалі крымінальную справу.

Былы палітвязень, лідар панк-гурту «Mister X» Ігар Банцэр з’ехаў у Польшчу, піша «Most Media». У Беларусі ён адбыў пакаранне за тое, што станчыў перад міліцэйскай машынай у стрынгах. Ён правёў у няволі больш за год, трымаў сухую галадоўку больш за два тыдні. Па сканчэнні пакарання застаўся ў Беларусі, але ў жніўні 2022 года яго зноў затрымалі за «Экстрэмісцкія матэрыялы» і кінулі пад арышт на паўтара месяца. Як адпусцілі, вырашыў пакінуць Беларусь.

Hавiны
Новае пра прымусовую пасадку самалёта «Ryanair» у Менску: дыспечарам кіраваў супрацоўнік КДБ
2022.10.26 12:36

Байцы ГУБАЗіК прыйшлі ў чарговую арганізацыю: турфірму «АэраБелСэрвіс», схапілі дырэктара і некалькіх супрацоўнікаў. На «пакаянных відэа» два супрацоўнікі «прызнаюцца» ва ўдзеле ў акцыях пратэсту, яшчэ адзін – у тым, што хацеў дапамагчы затрыманаму калегу і праз камп’ютар адключыў ягоны тэлефон ад Telegram. Але «Вясна» піша, што затрыманых у фірме нават больш.

Праўладныя каналы паведамілі аб затрыманні начальніка аднаго з аддзелаў мабільнага аператара МТС, які нібыта «зліваў» тэлеграм-каналам асабістыя звесткі абанентаў (пераважна − сілавікоў і высокапасадоўцаў) у «Чорную кнігу Беларусі». Паводле звестак «Нашай нівы», затрыманы – Аляксей (Лёкса) Кузьмін, вакаліст рок-гурту «Закон Гука». Гурт паўтара месяца таму выдаў новую песню «Праўда».

Малюнак Аляксея Гароха, які сілавікі расцанілі як «радасць ад тэракту».
Фота: brestspring.org

У Берасці затрымалі 19-гадовага студэнта Аляесея Гароха. Паводле сілавікоў, ягоная віна ў тым, што ён падтрымліваў Украіну, перасылаў паведамленні пра расейскія войскі і «асуджаў гэта», «перасылаў свастыку» сацсетцы «УКантакце», нечым абразіў Аляксандра Лукашэнку, а таксама маляваў на занятках выбух на Крымскім мосце – паводле сілавікоў, «радаваўся тэракту». Пакуль на яго склалі пратаколы за «Распаўсюд нацысцкай сімволікі» і «Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў», але могуць распачаць крымінальную справу за «Абразу Лукашэнкі».

У Гомелі ГУБАЗіК затрымаў 64-гадовага пенсіянера Аляксандра Румко. Яго падазраюць у «рэабілітацыі нацызму» і «распальванні сацыяльнай варожасці» у «Аднакласніках».

У Менску затрымалі дзяўчыну, якая ноччу сарвала чырвона-зялёны сцяг на менскай вуліцы Зыбіцкай. Гэта трапіла на камеру відэаназірання. Супраць яе распачалі крымінальную справу.

У Горадні, мяркуючы па «пакаянных відэа», затрымалі чатырох студэнтаў ГрДМУ – аднагрупнікаў затрыманага раней медыка Артура Хлуса. Сілавікі вінавацяць студэнтаў у тым, што яны танчылі на фоне бел-чырвона-белага сцяга. Відэа з гэтым сілавікі знайшлі пасля затрымання Хлуса.

Hавiны
«Вясна» і Беларускі ПЭН трапілі ў шорт-ліст нідэрландскай прэміі «Цюльпан правоў чалавека»
2022.10.26 12:20

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў