У Філадэльфіі афіцыйна заснавалі свята ў гонар Дня Волі


Улады гораду Філадэльфія ў ЗША пастанавілі адзначаць 25 сакавіка Дзень беларускай спадчыны, паведаміла суполка «Belarus Freedom – Philadelphia». Прадстаўніку беларускай дыяспары перадалі адпаведны дакумент падчас святкавання Дня Волі каля будынку мэрыі.

Святкаванне беларусамі Дня Волі ў Філадэльфіі, ЗША. 25 сакавіка 2024 года.
Фота: «Belarus Freedom – Philadelphia» / Facebook

25 сакавіка беларусы Філадэльфіі прыйшлі да мэрыі, каб адзначыць Дзень Волі. Там прагучалі гімн «Магутны Божа», «Купалінка» і песні на беларускай мове мясцовага гурта «Zaraz».

Падчас святкавання прадстаўнік Офісу ў справах імігрантаў мэрыі Алан Джойнвіл перадаў кіраўніку суполкі «Belarus Freedom – Philadelphia» Сяржуку Шалігу дэкларацыю аб абвяшчэнні 25 сакавіка Днём беларускай спадчыны ў Філадэльфіі.

У гэтым дакуменце мэр гораду Шэрэл Паркер адзначыла, што суполка выконвае двайную місію: папулярызуе беларускую культуру і гісторыю ды адначасова адстойвае дэмакратычныя рэформы ў Беларусі.

Дакумент аб заснаванні ў Філадэльфіі Дня беларускай спадчыны. 25 сакавіка 2024 года.
Фота: «Belarus Freedom – Philadelphia» / Facebook

Шаліга падзякаваў за ўшанаванне беларускіх традыцыяў і святаў. «Гэта таксама ганаровы акт прызнання дзейнасці беларускай суполкі гарадскімі ўладамі», – сказаў прадстаўнік дыяспары.

Пасля ўрачыстага святкавання актывісты абмеркавалі з прадстаўнікамі Офісу ў справах імігрантаў шляхі супрацы. Сярод прапановаў было запрашэнне беларусаў да ўдзелу ў праграмах святкавання дзён культуры, у гарадскіх сацыяльных праектах. Улады Філадэльфіі адзначылі, што яны адкрытыя да любых прапановаў і гатовыя дапамагаць ува ўсім, што дапаможа беларускай суполцы захоўваць сваю спадчыну.

25 сакавіка адзначаецца дзень абвяшчэння незалежнасці першай беларускай дзяржавы – БНР. Цяперашнія ўлады гэтага свята не прызнаюць. Пры гэтым шмат якія краіны і замежныя палітыкі віншуюць беларусаў з Днём Волі. А мэрыя польскага гораду Элк ужо два гады запар вывешвае ў гэты дзень бел-чырвона-белы сцяг.

Hавiны
«Зробім сотні такіх жа фота ўжо ў Беларусі». Ціханоўская падзякавала за Дзень Волі
2024.03.26 10:39

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў