У Польшчы прайшла серыя ператрусаў супраць прарасейскай шпіёнскай сеткі


27 сакавіка працаўнікі Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы (ABW) правялі ператрусы ў Варшаве і Тыхах у рамках расследавання раскрытай шпіёнскай дзейнасці на карысць Расейскай Федэрацыі, скіраванай супраць дзяржаваў і органаў Еўрапейскага Звязу.

Працаўнікі Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы.
Фота: abw.gov.pl

У выніку была задакументаваная дзейнасць, скіраваная на арганізацыю прарасейскіх ініцыятываў і медыйных кампаніяў у краінах ЕЗ, мэта якіх – рэалізацыя замежнай палітыкі Крамля, у тым ліку паслабленне пазіцыяў Польшчы на міжнароднай арэне, дыскрэдытацыя Украіны і іміджу органаў Еўразвязу. Для гэтага, у прыватнасці, быў запушчаны інтэрнэт-партал voice-of-europe.eu, на якім публікуюцца прарасейскія артыкулы, заявы, каментары і інтэрв’ю пра міжнародную сітуацыю. Службы выявілі спосаб фінансавання апісанай працэдуры. Былі канфіскаваныя 48,5 тысяч еўраў і 36 тысяч долараў, шэраг электронных носьбітаў, у тым ліку мабільныя тэлефоны.

Захады Агенцтва ўнутранай бяспекі таксама сталіся вынікам завершанага 19 студзеня расследавання супраць грамадзяніна Польшчы, падазраванага ў шпіянажы на карысць расейскіх спецслужбаў. Ён быў укаранёны ў супольнасці польскіх і еўрапейскіх парламентарыяў і выконваў заданні на замову і пры фінансаванні расейскіх спецслужбаў. Заданні ўключалі, сярод іншага, прапаганду, дэзынфармацыю і палітычныя правакацыі з мэтай пабудовы расейскай сферы ўплыву ў Еўропе.

Усяго за 7 гадоў (2016–2023) Агенцтва ўнутранай бяспекі і Служба вайсковай контрвыведкі Польшчы затрымалі 46 асобаў, падазраваных у супрацы з выведкамі Расеі ці Беларусі.

9 студзеня 2024 года працаўнікі Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы затрымалі грамадзянку Беларусі, якая працавала на КДБ Беларусі. Ёй аказалася былая актывістка «Гавары праўду» Дар’я Астапенка. Яна таксама спрабавала сябе ў ролі порнаакторкі.

Каментар
«BELPOL»: У Беларусі і за яе межамі дзеюць агенты рэжыму. Праца будзе актывізоўвацца
2024.01.11 16:52

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў