Праваабаронцам «Вясны» толькі цяпер стала вядома, што падставаю для крымінальнай справы супраць палітвязня Алеся Пушкіна, які загінуў у турме, сталі не толькі ягоныя карціны на выставе ў Горадні, але і перформанс у Кіеве, які мастак зладзіў да затрымання.
Палітвязень, мастак Алесь Пушкін памёр ноччу 11 ліпеня ў больніцы, куды яго даставілі з гарадзенскай турмы. Мастаку не дапамаглі своечасова. З дыягназам прабадная язва палітвязня прывезлі ў непрытомным стане, на аперацыйным стале ў яго спынілася сэрца.
Мастака акрамя ягонай карціны на выставе ў Горадні судзілі таксама за перформанс у Кіеве. У сталіцы Украіны Алесь Пушкін паўтарыў сваю акцыю «Гной для прэзідэнта». На партрэт Лукашэнкі ён выліў чырвоную фарбу, якая сімвалізавала кроў. У выніку мастака судзілі яшчэ і паводле арт. 370 КК («Глумленне з дзяржаўных сімвалаў»).
Суд над Алесем Пушкіным быў закрытым. Суддзя Алена Шылько прызначыла мастаку ў выніку 5 гадоў зняволення ў калоніі строгага рэжыму.
Праваабаронцам вядома, што мастак адмаўляўся ісці ў суд. Сілавікі заносілі яго ў будынак. За кратамі падчас паседжанняў палітвязень ляжаў на лаве і не падымаўся.
25 сакавіка Алесь Пушкін на судзе парэзаў сабе жывот на знак пратэсту супраць свайго арышту і 5000 палітычных крымінальных справаў у Беларусі. 30 сакавіка мастак распрануўся, каб прысутныя ў залі пабачылі драпіны на жываце ў форме крыжа, і запатрабаваў вызвалення ўсіх палітвязняў. Апошняе слова мастак напісаў на 23 старонках, але грамадскасці яно невядомае.
Алена Аляксандрава belsat.eu