«Хутка будуць вытанцоўваць на вачах у сукамернікаў». «Би-2» пагражаюць пасадзіць пасля дэпартацыі ў Расею


Гісторыя з затрыманнем музыкаў «Би-2» у Тайландзе нагадвае сумны прыгодніцкі серыял. Паводле ўладаў каралеўства, гурт парушыў закон, удзельнікаў аштрафавалі і плануюць дэпартаваць. Музыкаў, якія не падтрымалі вайны, ужо чакаюць у Расеі: менавіта туды іх вышлюць, як сцвярджаюць у амбасадзе гэтай краіны ў Бангкоку. Праўда, аднаго артыста – саліста Ягора Бортніка – ужо вызвалілі, дазволіўшы яму паляцець у Ізраіль.

Лідары гурту «Би-2» Ягор Бортнік і Аляксандр Уман падчас выступу ў ЗША ў траўні 2023 года.
Фота: b2band / Telegram

Заснавальнікі «Би-2» – беларусы Ягор Бортнік і Аляксандр Уман, вядомыя як Лёва і Шура.

Першы пасля пачатку вайны мініпратэст музыкі заявілі ў красавіку 2022 года: гурт адмовіўся выступаць у Омску на фоне прапагандысцкага банэра «Zа президента!» Спачатку плакат завесілі чорнай тканінаю, аднак мясцовыя ўлады настойвалі, каб выяву не хавалі. У выніку «Би-2» скасавалі канцэрт за некалькі хвілінаў да пачатку.

Хутка праблемы з выступамі пасыпаліся як з рога дастатку: не адбыліся выступы ў Пецярбурзе, Казані, Уфе, Астрахані, Яраслаўлі ды іншых расейскіх гарадах. Пры гэтым музыкі актыўна гастралявалі па свеце.

У траўні летась саліст Бортнік у каментарах у сваім Instagram напісаў расейскім прыхільнікам, што ў Расею не вернецца, бо «Пуцін і ўся яго разумова-адсталая дрэнь знішчыла вашую краіну»:

«Вы забойцы. Вы перакрэслілі ўсе свае дасягненні. Дый дасягненні былі супольнымі з Украінаю і Еўропаю. Усё, што выклікае цяпер пуцінская Расея, – агіду і брыдлівасць».

24 студзеня ўдзельнікаў «Би-2» затрымалі пасля канцэрту па Пхукеце. Іх абвінавацілі ў працы без неабходных дакументаў. Паводле версіі музыкаў, некаторыя паперы сапраўды былі аформленыя «некарэктна», але адказныя за гэта мясцовыя арганізатары.

Артыстаў аштрафавалі і пастанавілі дэпартаваць. З гэтага моманту і пачаўся сумны серыял.

Саліст «Би-2» Ягор Бортнік (Лёва) на канцэрце ў Кішынэве, Малдова. 26 жніўня 2023 года.
Фота: b2band / Telegram

Як паведамлялі пракрамлёўскія медыі, затрыманне «Би-2» фактычна ініцыявала Расея праз сваіх дыпламатаў у Тайландзе. «Дыпламаты звярнуліся да ўладаў Тайланду з просьбаю ўважліва спраўдзіць дакументы ў Бі-двашнікаў», – напісаў канал «Mash».

Афіцыйны прадстаўнік расейскага МЗС Марыя Захарава ў каментары выданню «Подъём» хаця наўпрост і не прызнала, але дала зразумець, што Расея сапраўды прыклала руку да пераследу музыкаў.

«Будзьце ўпэўненыя: расейскія дыпламаты аператыўна і поўнафарматна даводзяць да краіны перабывання пазіцыю сваёй краіны, усяго народу пра тэму СВА і ўсім звязаным з ёю пытанням».

Даведка
Расейскія ўлады называюць поўнамаштабную вайну ва Украіне «спецыяльнай вайсковай аперацыяй».

27 студзеня генконсул Расеі ў Пхукеце Уладзімір Сасноў заявіў, што пяцёра з сямі ўдзельнікаў «Би-2» – грамадзяне Расеі, а, паводле законаў каралеўства, парушальнікаў-мігрантаў дэпартуюць наўпроставым авіярэйсам у краіну выдачы пашпарта.

Пры гэтым у Telegram-канале гурту паведамлялася, што сярод удзельнікаў – грамадзяне Расеі, Ізраілю і Аўстраліі, аднак салісты – не расейскія грамадзяне.

Hавiны
Гурт «Би-2» лічыць, што іх затрыманне ў Тайландзе звязанае з «ціскам звонку»
2024.01.28 15:42

Як напісала напярэдадні ізраільскае выданне Ynet, у чатырох музыкаў маюцца пашпарты габрэйскай дзяржавы, таму Расеі іх не выдадуць: «Пасля ўмяшання МЗС і амбасады Ізраілю ў Тайландзе чатыры ўдзельнікі гурту будуць дэпартаваныя ў Ізраіль».

Падавалася, што сітуацыя набліжаецца да развязання. Аднак не.

«Напярэдадні было ўхваленая рашэнне аб дэпартацыі ўдзельнікаў гурту ў Ізраіль. Сёння пасля візіту высокапастаўленых дыпламатаў з расейскага консульства прадстаўнікам гурту было абвешчана, што рашэнне аб дэпартацыі ў Ізраіль скасаванае. Удзельнікі гурту адмовіліся размаўляць з расейскім консулам», – паведаміў Telegram-канал «Би-2».

Музыкі ўвесь гэты час былі ў міграцыйным цэнтры «у агульнай камеры на 80 асобаў».

«Натуральна, усе баяцца, што з Масквы тузаюцца ўсе гэтыя нітачкі, ціск з Масквы зыходзіць на тайскія ўлады і што гурт адправяць у Расею. Консул Сасноў усімі сіламі намагаецца прасунуць ідэю аб дэпартацыі ўсіх удзельнікаў гурту ў Расею. Абсалютна дзіўная сітуацыя. Звычайна праз праблемы з дазволам на працу такога ніколі не бывае. Усе абыходзяцца штрафамі і спакойна ўязджаюць», – сказала расейскамоўнай рэдакцыі «Белсату» «Вот Так» музыка, знаёмца ўдзельнікаў «Би-2» Мар’яна Сёмкіна.

Канцэрт гурту «Би-2» у Атланце, ЗША. 25 кастрычніка 2023 года.
Фота: b2band / Telegram

Тым часам перспектыве дэпартацыі артыстаў у Расею ўзрадаваўся дэпутат Дзяржаўнай думы Андрэй Лугавой, якога Вялікая Брытанія падазрае ў забойстве былога афіцэра ФСБ Аляксандра Літвіненкі, атручанага палоніем. Лугавой назваў музыкаў падонкамі і прыгразіў ім турмою:

«Хлопцы няхай рыхтуюцца: хутка граць і спяваць яны будуць на лыжках і на металічных талерках, вытанцоўваючы чачотку на вачах у сукамернікаў. Асабіста я б з вялікім задавальненнем на гэта паглядзеў».

Гэтую радасць, імаверна, азмрочыла відэа з Бортнікам у аэрапорце – гурт пацвердзіў інфармацыю, што саліст чакае вылету ў Ізраіль:

«Астатнім удзельнікам гурту ў раней узгодненым вылеце ў Ізраіль адмоўлена, яны застаюцца ў міграцыйнай турме».

Абноўлена
Частку музыкаў гурта «Бі-2» ужо сёння маглі дэпартаваць у Ізраіль. Але ўмяшалася расейскае консульства
2024.01.30 09:44

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў