Рамана Пратасевіча выдалілі са «спісу экстрэмістаў»


Праваабарончы цэнтр «Вясна» звярнуў увагу на тое, што ў новай рэдакцыі «Пераліку грамадзянаў Беларусі, замежных грамадзянаў або асобаў без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці» Рамана Пратасевіча няма.

Раман Пратасевіч пасля памілавання. Скрыншот з відэа: belta_telegramm / Telegram

У так званым спісе экстрэмістаў, які вядзе МУС Беларусі, Пратасевіч прабыў усяго 2 месяцы – яго ўнеслі туды 1 снежня.

Пратасевіч трапіў у спіс разам са Сцяпанам Пуцілам і Янам Рудзікам, якіх судзілі завочна на адным працэсе. У траўні 2023 году суддзя Вячаслаў Тулейка прысудзіў Сцяпану – 20 гадоў, Яну – 19 гадоў, Раману – 8 гадоў. Неўзабаве Пратасевіч быў памілаваны Лукашэнкам.

Цяпер Пратасевіча ў «спісе экстрэмістаў» няма, а Пуціла і Рудзік у ім засталіся.

Нагадаем, летам 2020 года Пратасевіч быў рэдактарам сеткі каналаў «Nexta», потым пайшоў адтуль, каб працаваць з каналамі «Беларусь головного мозга». Калі Пратасевіч ужо быў за межамі Беларусі, улады абвясцілі яго «тэрарыстам» і нават накіравалі Польшчы запыт на экстрадыцыю. 23 траўня 2021 года ён ляцеў з Грэцыі ў Літву, самалёт кампаніі «Ryanair» мінаў паветраную прастору Беларусі. Праз фальшывае паведамленне пра бомбу беларускія спецслужбы фактычна захапілі самалёт, затрымалі Пратасевіча і ягоную сяброўку Соф’ю Сапегу.

Неўзабаве пасля затрымання Пратасевіч стаў з’яўляцца ў эфіры дзяржаўных медыяў, на «пакаянных» відэа і прапагандысцкіх прэс-канферэнцыях. У чэрвені 2021 года Пратасевіча перавялі пад хатні арышт, у дзяржаўных медыях яго паказвалі як вольнага чалавека, ад ягонага імя нават спрабавалі запусціць новае выданне.

Hавiны
Маці Рамана Пратасевіча вярнулася ў Беларусь
2023.07.14 14:08

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў