Журналіста Ігара Карнея неўзабаве пачнуць судзіць за ўдзел у «экстрэмісцкім фармаванні», а ўраджэнца Жабінкі Рамана Галузу, які пасля вяртання з Польшчы знік і знайшоўся ў СІЗА КДБ – за здраду дзяржаве. Хроніка пераследу ў Беларусі ў суботу, 2 сакавіка 2024 года – у нашым аглядзе.
У Гомлі асудзілі галоўнага інжынера «Мілкавіты» 47-гадовага Аляксандра Стругальскага за фінансаванне «экстрэмісцкай» дзейнасці. Справу з 25 студзеня разглядаў суддзя Сяргей Багінскі.
Паводле праўладных тэлеграм-каналаў, Стругальскі «спрабаваў сарваць правядзенне рэспубліканскага рэферэндуму» у лютым 2022 года, а таксама дасылаў грошы ў фонд BYSOL. Мужчыну пакаралі абмежаваннем волі тэрмінам на тры гады без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія»).
Былы палітвязень Андрэй Кудзік не выйшаў на волю пасля 15 содняў арышту. Актывіст з Вілейкі перастаў выходзіць на сувязь 15 лютага. Пазней стала вядома, што Кудзік знаходзіцца ў мясцовым ІЧУ, дзе адбывае 15 содняў адміністрацыйнага арышту. Днямі ён павінен быў выйсці на волю.
У лютым 2022 году Андрэю прысудзілі 2 гады калоніі паводле «народнага» арт. 342 КК РБ («Арганізацыя ці ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). 18 ліпеня 2023 году палітвязень выйшаў на волю, цалкам адбыўшы тэрмін.
У Менскім гарадскім судзе 21 сакавіка пачнецца разгляд справы супраць 29-гадовага ўраджэнца Жабінкі Рамана Галузы. Яго абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 356 КК («Здрада дзяржаве»). Падрабязнасці справы невядомыя. Справу будзе разглядаць Алена Шылько.
Вядома, што 19 ліпеня 2022 года Раман прыехаў у Беларусь і знік: пра яго месцазнаходжанне нічога не было вядома, а пошукава-выратавальны атрад «Паўднёвы Захад» абвясціў яго пошукі. Пазней стала вядома, што Галуза жывы і яго месцазнаходжанне ўстаноўлена – без якіх-небудзь падрабязнасцяў. Але знаёмы Рамана ў сацсетках пісаў, што той знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Цяпер яму пагражае да 15 гадоў калоніі.
56-гадовага журналіста Ігара Карнея будуць судзіць за «удзел у экстрэмісцкім фармаванні». Яго затрымалі раніцай 17 ліпеня 2023 года пасля ператрусу ў ягонай кватэры. Спачатку яму прызначылі адміністрацыйны арышт, але на волю ён не выйшаў – з Акрэсціна Ігара перавялі ў СІЗА ў межах крымінальнай справы.
Менскі гарадскі суд 19 сакавіка пачне разгляд справы журналіста. Працэс будзе весці суддзя Сяргей Кацар. Ігара абвінавачваюць паводле ч. 3 арт. 361-1 КК («Удзел у экстрэмісцкім фармаванні»).
Марыя Міхалевіч belsat.eu