Што пісалі пра Украіну ў «злівах з Пентагону» – і што ўжо не спраўдзілася


У пачатку красавіка медыі звярнулі ўвагу на сакрэтныя дакументы Пентагону, якія распаўсюджваліся ў сеціве. Паходжанне дакументаў было дзіўным: іх злілі на форум пра відэагульні. Многія падазравалі наўмысную дэзынфармацыю. «Белсат» згадвае, што было ў тых дакументах пра вайну ва Украіне.

Пентагон – штаб-кватэра Міністэрства абароны ЗША.
Фота: The U.S. National Archives

Як адзначаў украінскі дэпутат Аляксей Ганчарэнка, такія ўцечкі нават карысныя Украіне: яны падкрэсліваюць тыя праблемы, аб якіх Украіна і так кажа публічна, і могуць падштурхнуць саюзнікаў больш актыўна надаваць неабходную Украіне дапамогу. У Злучаных Штатах падкрэслівалі, што злітыя дакументы «статычныя» і даюць карціну на пэўны адрэзак часу ў мінулым, а ЗША і Украіна могуць мяняць сваю тактыку і падыход да вырашэння праблемаў, ды і ва ўцечках шмат таго, што казалі публічна.

Злітыя дакументы амерыканскіх вайскоўцаў і выведнікаў былі састарэлымі яшчэ тады, калі з закрытага форуму выцеклі ў «вялікі інтэрнэт»: яны тычыліся яшчэ зімы. Але ў іх былі не толькі звесткі пра стан вайны на люты, але і прагнозы на будучыню. І гэтыя прагнозы пачынаюць зняпраўджвацца.

Аналітыка
Уцечка ці дэзынфармацыя? Што трэба ведаць пра публікацыю сакрэтных дакументаў ЗША
2023.04.10 19:58

Ва Украіны не скончыліся ракеты

Найбольш у медыях звярталі ўвагу на звесткі пра праблемы Украіны з ракетамі супрацьпаветранай абароны. Ва ўцеклых дакументах сцвярджалася, што неба Украіны абароненае савецкімі сістэмамі «Бук» і С-300 – і што ракеты для іх скончацца адпаведна да 13 красавіка і 3 траўня, а заходнія саюзнікі не могуць пастаўляць Украіне ракеты пад савецкія комплексы.

Як бачна на 4 траўня, ракеты не скончыліся. Супрацьпаветраная абарона Украіны дагэтуль працуе, і калі верыць заявам украінскага боку, даволі паспяхова: збіваюць па-ранейшаму большую частку ракет і значную частку дронаў, якія запускае Расея.

Але збіваюць не ўсё. Напрыклад, у ноч на 4 траўня Расея запусціла па ўкраінскіх гарадах 24 дроны-камікадзэ «Shahed-131/136», з іх былі знішчаныя 18. За 1 траўня Расея запусціла па Украіне 18 крылатых ракетаў «X-101/555», з іх збілі.

Кожная нязбітая ракета можа прывесці да трагедыі: расейскія войскі абстрэльваюць мірныя ўкраінскія гарады, нярэдка трапляюць у жылыя дамы ці гандлёвыя цэнтры, а страляюць у тым ліку ракетамі, прызначанымі для знішчэння авіяносных груповак. Так, 3 траўня пад расейскі абстрэл трапіў гіпермаркет у Херсоне – загінуў 21 чалавек, параненыя яшчэ паўсотні. Страляюць і па гарадах у сотнях кіламетраў ад фронту – так, 30 красавіка ад удару па шматпавярховым доме ва Умані загінулі 23 чалавекі, у тым ліку шасцёра дзяцей.

Аднак не падобна, каб украінская супрацьпаветраная абарона адключылася праз адсутнасць ракет. І нават самыя прасунутыя сістэмы, як ізраільскі «Жалезны купал», маюць не стоадсоткавую эфектыўнасць.

Фота
Ва Умані развіталіся з забітымі ў выніку ракетнага ўдару дзецьмі
2023.05.01 17:44

У Расеі бабахае, але Растоў-на-Доне – не цэнтр «бавоўны»

Больш за тое, праблемы з супрацьпаветранай абаронай, падобна, цяпер нават большыя ў Расеі: важныя вайсковыя аб’екты на расейскай і акупаванай украінскай тэрыторыі гараць зноў і зноў.

Хтосьці нават скіраваў дроны на маскоўскі Крэмль у ноч на 3 траўня. Украіна сцвярджае, што гэта не яна (і наогул не прызнае ўдараў па тэрыторыі Расеі, толькі жартуе пра «бавоўну»), а ваяры і заходнія аналітыкі падазраюць, што гэта можа быць правакацыяй Расеі (прынамсі аднойчы Расея прызнала, што сама бамбіла свой горад). Так ці іначай, выбух над рэзідэнцыяй Уладзіміра Пуціна дае падставы сумнявацца ў расейскай супрацьпаветранай абароне.

У злітых дакументах сцвярджалася, што прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пераконваў вайскоўцаў атакаваць цэлі ў Растоўскай вобласці Расеі беспілотнікамі ў адсутнасць дальнабойных ракет. Але менавіта Растоўская вобласць не стала нейкай асаблівай цэллю Украіны: хоць бабахае і там, шмат падазроных выбухаў здараецца ў іншых рэгіёнах Расеі – улады Белгародскай вобласці раз на некалькі дзён заяўляюць аб украінскіх абстрэлах.

Каментар
Вайсковы эксперт Каваленка: Расейская СПА ў Крыме не змагла абараніць стратэгічны абʼект
2023.04.29 17:20

Кітай не падтрымаў Расею, а Паўднёвая Карэя падтрымала Украіну

У адным з уцеклых дакументаў сцвярджалася, што Кітай «імаверна, выкарыстае атакі Украіны па тэрыторыі Расеі як нагоду выставіць NATO агрэсарам і павялічыць падтрымку Расеі». Дапускалі, што Кітай можа нават пачаць пастаўкі Расеі лятальнай зброі.

Ды Кітай не пачаў заўважнай падтрымкі Расеі, а кіраўнік Кітаю Сі Цзінь Пін пазней патэлефанаваў Зяленскаму ўпершыню з пачатку поўнамаштабнай вайны і запэўніў у прыхільнасці да «ўрэгулявання крызісу». Кітай нават прагаласаваў на Генеральнай асамблеі ААН за рэзалюцыю, у якой Расею называлі агрэсарам і жорстка крытыкавалі, а таксама заклікалі скампенсаваць шкоду ахвярам агрэсіі. Выглядае, што Кітай «дрэйфуе» ад Расеі – і магчыма, прычынай гэтаму сталі дзеянні самой Расеі, як то заява аб размяшчэнні ядравай зброі ў Беларусі.

Таксама ва ўцечках расказвалі аб спрэчках у Паўднёвай Карэі наконт паставак зброі ва Украіну – але ўжо ў красавіку прэзідэнт Паўднёвай Карэі сказаў, што пастаўкі зброі могуць пачацца. Са звесткамі пра Сербію адваротная сітуацыя: ва ўцечках сцвярджалася, што тая пагадзілася пастаўляць зброю Украіне, але Сербія адмаўляе гэта.

Каментар
Расея адштурхнула ад сябе Кітай і Казахстан рашэннем пра ядравую зброю ў Беларусі, – палітолаг Турарбекава
2023.05.03 14:35

Бахмут стаіць

Найбольш актыўныя баявыя дзеянні як зімой, так і цяпер ідуць у горадзе Бахмут Данецкай вобласці. Злітыя дакументы паказвалі жудасны характар гэтых баёў і пагрозу атачэння ўкраінскай групоўцы ў Бахмуце.

Ды, як любіць паўтараць Зяленскі, «Бахмут стаіць». За дзесяць месяцаў баёў расейскія войскі (пераважна – баевікі «групы Вагнэра») здолелі захапіць частку гораду, але цаной гіганцкіх стратаў, дзясяткаў тысяч забітых. Вялізныя страты прызнае нават лідар баевікоў Яўгеній Прыгожын. Больш за тое, украінцы перайшлі ў наступ і цяпер адбіваюць пазіцыі ў Бахмуце.

Аналітыка
У рэжыме чакання. Што вядома пра будучы контрнаступ ЗСУ
2023.05.02 10:00

Пра контрнаступ больш не сумняюцца

З зімы ідзе шмат размоваў пра будучы ўкраінскі контрнаступ. У злітых дакументах сцвярджалася, што ЗША сумняюцца ў эфектыўнасці контрнаступу і чакаюць ад яго толькі невялікіх зменаў лініі фронту. У дакументах расказвалі пра стварэнне 12 «баяздольных» брыгадаў з усяго толькі 253 танкамі і блізу 1500 бронемашынамі, дэфіцытам сілаў і забеспячэння.

Ды цяпер Штаты выказваюць упэўненасць у тым, што ўкраінскі наступ не будзе стрыманы бракам узбраення і паставак: на канец красавіка Украіне паставілі 98 % абяцаных баявых машынаў.

Не падобна, каб і самі ўкраінцы сумняваліся: хоць прызнавалі, што звесткі са зліву выглядаюць кепска, але падкрэслівалі, што ўкраінскія войскі «разумеюць стаўкі» і будуць спрабаваць адбіць як мага больш тэрыторыі.

Колькі тэрыторыі здолее адбіць Украіна, невядома: контрнаступ на момант публікацыі яшчэ не пачаўся, хоць лідар баевікоў «Вагнэра» кажа аб адваротным.

Каментар
Чаго полк Каліноўскага і ўлады Беларусі чакаюць ад украінскага контрнаступу. Расказвае Кабанчук
2023.05.03 14:35

Буйных скандалаў са шпіянажам не было

Як сцвярджалася ва ўцечках, амерыканскія спецслужбы праслухоўвалі размовы Зяленскага і нават шпіёнілі за «надта мяккім да Расеі» Генеральным сакратаром Арганізацыі аб’яднаных нацыяў, а таксама за чыноўнікамі з Іярданіі, Калумбіі, Кот-д’Івуару, Турэччыны і іншых дзяржаваў.

За кім сапраўды шпіёнілі, невядома. Але калі мінулы зліў пра шпіянаж 10 гадоў таму выклікаў абурэнне і пратэсты, цяперашнія ўцечкі, як пішуць, «выклікалі пацісканне плячыма». Шэраг дзяржаваў назваў звесткі з уцечак пра іх сфабрыкаванымі, а са Штатамі праз звесткі аб шпіянажы не сварыліся, хоць саюзнікі Штатаў і выказвалі занепакоенасць.

Разбор
«Мачулішчы атакавала СБУ, а не беларусы» – адкуль узялася гэтая версія і што было ў першакрыніцы
2023.04.13 15:33

Не падобна, каб уцечкі паўплывалі на Расею і ЗША

Уцечкі чарговы раз паказалі, што ЗША шмат ведаюць пра Расею, і ў Штатах хваляваліся, што Расея будзе шукаць і ліквідаваць інфарматараў, а таксама мяняць тактыку ў сувязі са злівамі. Але прыкметаў такога не назіралі.

У Штатах таксама не было нейкіх заўважных наступстваў буйнога зліву сакрэтных дакументаў: высокапастаўленых чыноўнікаў не звальнялі, сістэму доступу да сакрэтаў не збіраюцца мяняць, а могуць мяніць хіба сістэму сачэння за ўцечкамі ў інтэрнэце.

Парады
Тэлефон шмат ведае пра вас. Ці здасць ён вас КДБ?
2021.05.04 12:56

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў