«Міс Беларусь» і «сяброўка» Колі. Хто гэтыя жанчыны ў атачэнні Аляксандра Лукашэнкі?


На кліматычны саміт з Аляксандрам Лукашэнкам у Аб’яднаныя Арабскія Эміраты з Беларусі накіравалася вялікая дэлегацыя, у складзе якой былі прыкмечаныя дзве маладыя асобы. Адна з іх – дзяўчына, якая ўжо не першы раз суправаджае Аляксандра Лукашэнку на розных мерапрыемствах, другую называюць верагоднай сяброўкай малодшага сына Лукашэнкі Мікалая. У сувязі з гэтым мы вырашылі паглядзець, якія яшчэ жанчыны суправаджалі кіраўніка беларускага рэжыму ў апошнія гады?

«Міс Беларусь – 2021» і «сяброўка» Мікалая

У рукі выдання «Мотолько Help» трапіў даволі ўнушальны спіс удзельнікаў беларускай дэлегацыі, якая адправілася ў ААЭ. Усяго ў ім фігуруе 48 чалавек, але асаблівую ўвагу са спісу прыцягнулі два прозвішчы.

Першае – гэта Уладлена Зайцава, якая ў спісе была пазначана словам «афіцэр». Але на самай справе дзяўчына з’яўляецца фіналісткай конкурсу прыгажосці «Міс Беларусь – 2021». Зайцавай 25 гадоў, паходзіць яна з Магілёва, і яе ўжо не першы раз бачаць побач з Аляксандрам Лукашэнкам.

Паліна Жогла (злева) і Уладлена Зайцава (справа). Калаж з фота: bsu.by / скрыншот з відэа тэлеканала ОНТ

Другое прозвішча – Паліна Жогла, студэнтка юрфаку БДУ, якая ў мінулым годзе атрымала статус дублёра аднаго з моладзевых паслоў Мэтаў устойлівага развіцця. Аўтары «MotolkoHelp» мяркуюць, што яна з’яўляецца дзяўчынай Мікалая Лукашэнкі.

«Мікалай Лукашэнка і Паліна Жогла прыкладна аднаго ўзросту, яны… аднолькава пазначаныя ў спісе ўдзельнікаў. І наогул, што магла забыць на кліматычным саміце ў Дубаі студэнтка юрфака беларускага ўніверсітэту?» – піша выданне.

Тым не менш дакладных доказаў таго, што Паліна з’яўляецца «сяброўкай» Мікалая Лукашэнкі, знайсці пакуль не ўдалося.

Як бы там ні было, але беларусам ужо даўно вядомая апантанасць Аляксандра Лукашэнкі маладымі дзяўчатамі, якіх перыядычна заўважаюць у ягонай кампаніі на разнастайных дзяржаўных і неафіцыйных мерапрыемствах. Колькі гадоў таму на «Белсат» выйшаў асобны матэрыял пра жанчын у атачэнні Лукашэнкі цягам 25 гадоў. Але час ідзе, а ў кампаніі з кіраўніком беларускага рэжыму з’яўляюцца ўсё новыя і новыя жанчыны: хто яны?

Hавiны
Ад лекаркі – да міс Беларусь: жанчыны вакол Лукашэнкі за ўсе 25 гадоў
2019.07.15 07:00

Ад кавуноў да «чырвоных дываноў»

Адным з сельскагаспадарчых рытуалаў у Лукашэнкі з’яўляецца збор кавуноў напрыканцы лета. Менавіта там часцяком можна пабачыць як новыя, так і ўжо знаёмыя твары беларускіх дзяўчат мадэльнай знешнасці, якія пасля нярэдка мільгаюць і на іншых мерапрыемствах з удзелам беларускага кіраўніка.

Дар’я Краўчук на ўборцы кавуноў у Аляксандра Лукашэнкі.
Фота: БелТА

Напрыклад, у 2019 годзе падчас уборкі побач з Лукашэнкам прыкмецілі некалькі прыгажунь. Адна з іх – Дар’я Краўчук, выпускніца журфака БДУ, якая яшчэ на другім курсе ўніверсітэта брала ўдзел у конкурсе прыгажосці «Міс Вясна». У атачэнні беларускага кіраўніка яна з’явілася ў 2018-м: у снежні брала ўдзел у навагоднім балі моладзі ў Палацы Незалежнасці, а на дабрачынннай акцыі «Нашы дзеці» сядзела ўжо побач з ім. Бачылі яе таксама і на хакейных матчах, дзе прысутнічалі Лукашэнкі. Апошнія некалькі гадоў Дар’і не відаць у ягоным атачэнні, яна выйшла замуж, змяніла прозвішча на Марчанка і працуе ў сферы маркетынгу і PR.

Дар’я Краўчук побач з Аляксандрам Лукашэнкам на дабрачынным мерапрыемстве «Нашы дзеці».
Фота: president.gov.by

У «кавуновым дэсанце» Лукашэнкі ўдзельнічала таксама Ганна Іванова з Салігорска, у 2019-м яна яшчэ была навучэнкай факультэта міжнародных адносінаў БДУ. Пазней брала ўдзел у адкрыцці Еўрапейскіх гульняў, але сядзела не на трыбуне побач з Лукашэнкамі, а была непасрэдна на пляцоўцы сярод дэлегацыяў.

Ганна Іванова.
Фота: nn.by

Яшчэ адна ўдзельніца «кавуновых дажынак» – Марыя Багамолава. Гэта першая настаўніца Колі Лукашэнкі, якая раней працавала ў школе Астрашыцкага Гарадка, дзе тады вучыўся малодшы сын беларускага кіраўніка. Марыя таксама брала ўдзел у адкрыцці Еўрапейскіх гульняў і была на трыбуне сярод супрацоўніц службы лукашэнкаўскага пратаколу.

Марыя Багамолава (справа).
Фота: БелТА

Але не кавунамі адзінымі поўніцца каляндар сельскагаспадарчых прац Аляксандра Лукашэнкі. І традыцыйна выконвае ён іх не адзін. Падчас уборкі бульбы ў 2019 годзе побач з ім прыкмецілі яшчэ адну дзяўчыну, нарадзінку Менска і сяброўку Дар’і Краўчук – Марыю Муху. Яна скончыла БНТУ і ў 2017 годзе брала ўдзел ва ўніверсітэцкім конкурсе прыгажосці. Пазней Марыю прыкмячалі на закрыцці Еўрапейскіх гульняў і навагоднім бале з удзелам Лукашэнкі.

Марыя Муха: злева (ў блакітнай сукенцы) падчас фіналу конкурсу «Міс Беларусь – 2018», справа – на навагоднім балі. Калаж з фота: president.gov.by / VK.com

Жарсці па мадэлях

У 2020 годзе падчас святкавання 3 ліпеня шмат хто звярнуў увагу на новую прыгажуню, якая знаходзілася побач з Мікалаем Лукашэнкам. Тады журналістам удалося высветліць, што гэтая дзяўчына – нарадзінка Пінска Кацярына Гумянюк. Летам 2020-га ёй споўнілася 22 гады і яна толькі скончыла Менскі лінгвістычны ўніверсітэт.

Кацярына Гумянюк (у зялёнай сукенцы, другі рад).
Фота: ONT / Facebook

За месяц да Дня незалежнасці Кацярына была ўдзельніцай выпускнога балю ў Палацы Незалежнасці. Дзяўчына мела дачыненне да мадэльнага бізнесу, аб чым расказала выданню citydog.by: паводле ейных словаў, яшчэ са школы ў вольны час яна падпрацоўвала мадэллю цягам пяці гадоў.

Наогул, у атачэнні Лукашэнкі заўсёды з’яўляліся дзяўчаты не проста мадэльнай знешнасці або звязаныя з мадэльным бізнесам, а менавіта фіналісткі ці пераможцы конкурсаў прыгажосці. Сярод іх можна назваць прозвішчы Дар’і Шманай, Аліны Роскач, Паліны Шубы, пра якіх ужо расказваў «Белсат».

Аб тым, што Лукашэнка меў нейкі асаблівы інтарэс да мадэляў, у свой час распавядаў уладальнік мадэльнага агенцтва і арганізатар конкурсу «Супермадэлі Беларусі» Саша Варламаў. Паводле ягоных словаў, менавіта Лукашэнка заўсёды ўказваў, хто павінны перамагчы на конкурсах прыгажосці «Міс Беларусь».

«Мне заўсёды казалі, што ўсё роўна каго вы вылучыце, вынік будзе агучваць іншы. Я спытаў: – А хто? – Ну вы ж ведаеце, хто ў нас прэзідэнт. Ясна было, што фіналістак выбірае Лукашэнка», – казаў Варламаў.

Чарговая прыгажуня, якая стала суправаджаць на розных мерапрыемствах Аляксандра Лукашэнку, не была выключэннем з гэтага правіла. У 2023-м, таксама на Дзень Незалежнасці, побач з Лукашэнкам у Вялікім тэатры прыкмецілі Анастасію Казырыцкую. Як высветлілася, упершыню Анастасія з’явілася разам з Лукашэнкам на навагоднім балі, пазней яна пабывала на балі выпускнікоў 23 чэрвеня. Такім чынам, у тэатры на Дзень Незалежнасці быў ужо ейны трэці выхад з беларускім кіраўніком.

Анастасія Казырыцкая ў фінале конкурсу «Міс Беларусь».
Фота: скрыншот з відэа СТБ

Дзяўчына нарадзілася ў Менску і вучылася ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце на бухгалтарку. З падлеткавага ўзросту яна працавала ў Нацыянальнай школе прыгажосці, і ў верасні 2021 годза ёй удалося нават дайсці да фіналу конкурсу «Міс Беларусь».

А ўжо 8 ліпеня на свята Купалля, якое адзначалася ў Александрыі, у атачэнні Лукашэнкі прыкмецілі «Міс Беларусь – 2021» – тую самую «афіцэрку» Уладлену Зайцаву са спісу беларускай дэлегацыі, якая адправілася ў ААЭ.

Дзяўчына скончыла магістратуру Магілёўскага дзяржуніверсітэта імя Аркадзя Куляшова, пасля чаго пайшла працаваць на мытню. Дзяўчына таксама была звязаная з мадэльным бізнесам: ейнай настаўніцай была кіраўніца «Nagorny PODIUM School» Таццяна Палазкова.

Уладлена Зайцава побач з Аляксандрам Лукашэнкам падчас Купалля ў Александрыі ў 2023 годзе.
Фота: скрыншот з тэлеграм-канала «Пул первого»

На Купалле быў не першы выхад Зайцавай у свет побач з Лукашэнкам. У снежні 2021-га яна танцавала з ім на рэспубліканскім балі для моладзі. Яе ж заўважылі ў 2023-м на балі выпускнікоў каля Палацу спорту. І вось нарэшце на кліматычны саміт беларускі кіраўнік узяў менавіта Уладлену.

Некалі Лукашэнка сазнаваўся ў тым, што лічыць дзяўчат, якія ездзяць побач з ім на розныя мерапрыемствы, сваёй «зброяй». Так, ён згадвае, як аднойчы «ягоныя прыгажуні» звярнулі на сябе ўвагу ўсіх прысутных на адным з афіцыйных прыёмаў:

«І цішыня нейкая ў зале, а ўсе шумелі-крычалі, там пад дзве сотні чалавек было, а можа, і болей… Я падымаю галаву: ідуць мае прыгажуні, адна беленькая, другая чорная. І ўсе забыліся пра дакументы! Усе забыліся пра ўсё, рот разявілі і глядзяць на іх. І я зразумеў: сапраўды зброя. Не тое каб я гэтым карыстаюся, але калі ёсць што людзям паказаць ад Беларусі, ну так і паказвай», – сказаў Лукашэнка.

Пры гэтым ён дадаў: «Хаця гэта мне дорага абыходзіцца, бо пачынаюць пасля пісаць у гэтым інтэрнэце, яўна перабольшваючы мае магчымасці», – паспрабаваў пажартаваць беларускі кіраўнік.

Афіцыйна Аляксандр Лукашэнка ў шлюбе з 1975 году, аднак жонка Галіна афіцыйна суправаджала мужа толькі адзін раз, падчас паездкі ў Ізраіль у 1994 годзе.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў