Выйшаў на волю журналіст Сяргей Гардзіевіч


Увечары 8 лютага на волю выйшаў драгічынскі журналіст Сяргей Гардзіевіч. Ён адбываў 15 содняў адміністратыўнага арышту, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Журналіст Сяргей Гардзіевіч.
Фота: 1reg.by

Сяргея Гардзіевіча затрымалі 24 студзеня 2024 года працаўнікі Драгічынскага РАУС. На яго склалі пратакол паводле арт. 19.11 КаАП РБ («Распаўсюд, выраб, захоўванне інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці»).

Да разгляду справы ў судзе журналіста змясцілі за краты. Праз два дні, 26 студзеня, суддзя Драгічынскага раёну Юлія Кукса прызнала Гардзіевіча вінаватым у правапарушэнні і пакарала арыштам.

Сяргея Гардзіевіча абвінавацілі ў распаўсюдзе праз сацыяльныя сеткі ў лістападзе 2023 года «экстрэмісцкай прадукцыі». Гаворка пра рэпост публікацыі, размешчанай на сайце выдання «Ганцавіцкі час». Якая менавіта публікацыя мелася на ўвазе, невядома, але ў пратаколе было пазначана, што зроблена гэта з інтэрнэт-рэсурсу, які прызнаны ў Беларусі «экстрэмісцкім».

Hавiны
На мяжы затрымалі журналіста Сяргея Гардзіевіча. Раней яго ўжо судзілі за «знявагу Лукашэнкі»
2023.09.18 13:50

Гэта не першае затрыманне Сяргея Гардзіевіча. Журналіста затрымлівалі ў канцы 2020 года, а ў жніўні 2021 года засудзілі на 1,5 года зняволення. Яго прызналі вінаватым паводле трох крымінальных артыкулаў: знявага прадстаўнікоў улады (арт. 369 КК), распаўсюд заведама непраўдзівых звестак, якія зневажаюць іншую асобу (арт. 188 КК), публічная знявага Аляксандра Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК). У судзе сваёй віны Гардзіевіч не прызнаў. Летась у кастрычніку журналіст выйшаў з калоніі ў Шклове, цалкам адбыўшы тэрмін. З лістапада 2022 года Сяргей Гардзіевіч застаецца ў так званым спісе «экстрэмістаў».

14 верасня Сяргея Гардзіевіча затрымалі на мяжы пры вяртанні з Польшчы. У яго ўзялі на праверку мабільны тэлефон, склалі пратакол паводле арт. 19.11 КаАП («Распаўсюджванне, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая ўтрымлівае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць»). Тады журналіста арыштавалі на 15 содняў.

Паводле Беларускай асацыяцыі журналістаў, за кратамі ў Беларусі цяпер трымаюць 34 журналістаў і працаўнікоў медыяў.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў