Ці здымуць з Беларусі санкцыі пасля памілавання Пратасевіча і Сапегі?


7 чэрвеня стала вядома пра вызваленне Соф’і Сапегі, памілаванай асабіста Аляксандрам Лукашэнкам. 22 траўня, амаль дакладна ў другую гадавіну прымусовай пасадкі самалёта «Ryanair» у Менску, атрымаў памілаванне і быў вызвалены з-пад хатняга арышту Раман Пратасевіч. Галоўныя фігуранты «справы пасадкі «Боінга» апынуліся на свабодзе. Ці значыць гэта, што ў ёй пастаўленая кропка? Ці будуць знятыя санкцыі з Беларусі, якія ўвялі пасля таго інцыдэнту, а таксама ці паляцяць праз Беларусь самалёты? Мы паспрабавалі ўзнавіць усю карціну і пацікавіліся меркаваннем эксперта.

Экстренная посадка самолета «Ryanair»
Экстраная пасадка самалёту «Ryanair», на якім былі журналіст Раман Пратасевіч і ягоная сяброўка Соф’я Сапега. Менск, Беларусь. 23 траўня 2021 года.
Фота: AFP

Пасадка самалёта

Раніцай 23 траўня 2021 года з’явілася інфармацыя пра тое, што самалёт кампаніі «Ryanair», які выконваў рэйс з Афінаў у Вільню, развярнуўся ў раёне Ліды і накіраваўся ў Нацыянальны аэрапорт «Менск». Сярод прычынаў называлася нібыта закладзеная на борце выбухоўка. Пра тое, што сапраўды нешта адбываецца, сведчыла вялікая колькасць спецтэхнікі МНС і міліцыі, якая была падагнаная да аэрапорту. І неўзабаве па ўсіх каналах маланкай пранеслася: на борце быў Раман Пратасевіч!

Хутка ўсё пацвердзілася. У 12:33 паводле менскага часу, праз тры хвіліны пасля таго, як рэйс з нумарам FR4978 перасек паветраную прастору Беларусі, пілоты самалёта Boeing атрымалі паведамленне ад беларускіх дыспетчараў, што на яго борце бомба. У 12:54 самалёт быў перанакіраваны ў беларускі аэрапорт, нягледзячы на тое, што геаграфічна месціўся бліжэй да Вільні. Дзеля суправаджэння самалёта з зямлі нават быў узняты ў паветра знішчальнік МіГ-29. Пасля пасадкі самалёта стала канчаткова зразумела: сярод 126 пасажыраў сапраўды быў рэдактар тэлеграм-каналу «Беларусь головного мозга» Раман Пратасевіч. Акрамя таго, разам з ім была і ягоная сяброўка Соф’я Сапега. Маладых людзей затрымалі.

Плакаты з выявамі палітзняволеных Рамана Пратасевіча і Соф’і Сапегі.
Фота: «Настоящее время»

Пасля праверак пасажыраў, багажу і самога лайнера інфармацыя пра бомбу не пацвердзілася. Астатніх пасажыраў рэйсу пратрымалі ў аэрапорце яшчэ шэсць з паловай гадзінаў, пасля чаго самалёт адправіўся з тэрыторыі Беларусі ў Вільню. Цікава, што, паводле заявы генеральнага дырэктара авіякампаніі «Ryanair» Майкла О’Ліры, у самалёт пасля прызямлення заходзілі некалькі невядомых з камерамі ў руках, якія спрабавалі прымусіць экіпаж пацвердзіць, што пасадка ў Менску была добраахвотнай, на што чальцы экіпажу не пагадзіліся. Таксама пасля адлёту самалёту ў Вільню высветлілася, што два грамадзяніны Беларусі і адзін грамадзянін Грэцыі не падняліся на борт дзеля далейшага следавання.

Супрацоўнікі КДБ у дыспетчарскай

Падчас расследавання інцыдэнту высветлілася, што за Раманам Пратасевічам і Соф’яй Сапегай сачылі яшчэ ў афінскім аэрапорце. Гэта пацвердзіў сам Пратасевіч, які перад пасадкай расказваў пра чалавека, што спрабаваў сфатаграфаваць яго і ягоныя дакументы. Пазней пацвярджэнні факту сачэння з’явіліся ад супрацоўніка грэцкага Міністэрства ўнутраных справаў.

Яшчэ адным доказам таго, што ўлады Беларусі наўмысна здзейснілі пасадку самалёта, сталі паказанні беларускага авіядыспетчара Алега Галегава, які запісаў на дыктафон усе размовы, што вяліся ў дыспетчарскай менскага аэрапорту падчас інцыдэнту. Паводле ягоных сведчанняў, апублікаваных у выданні «Politico», у дыспетчарскую праз паўгадзіны пасля пачатку змены ўвайшлі двое мужчынаў – дырэктар «Белаэранавігацыі» Леанід Чуро і супрацоўнік КДБ. Пазней яны давалі ўказанні, што дыспетчар мусіў казаць пілотам.

Нягледзячы на тое, што ўлады Беларусі з дапамогаю СМІ спрабавалі апраўдацца і даказаць, што пілоты самі прынялі рашэнне саджаць самалёт у Менску, станавілася ўсё больш відавочна, што яны маніпулююць фактамі, а часам і наўмысна іх скажаюць.

Уласнае расследаванне інцыдэнту пачала Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі (ICAO). У сваёй справаздачы, апублікаванай на падставе вынікаў расследавання 19 ліпеня 2022 года, яна адзначыла, што «пагроза бомбы ў дачыненні рэйсу FR4978 «Ryanair» была наўмысна непраўдзівая і паставіла пад пагрозу яго бяспеку, а таксама, што пагроза была даведзеная да ведама лётнага экіпажу паводле даручэння высокапастаўленых урадавых чыноўнікаў Беларусі». Рада ICAO асудзіла «здзяйсненне акту незаконнага ўмяшання» ўрадам Беларусі.

Дзяржаўнае пірацтва

Навіна пра прымусовую пасадку самалёта вельмі ўсхвалявала міжнародную супольнасць. Побач са звыклымі выказваннямі занепакоенасці ад палітыкаў і міжнародных арганізацыяў усё мацней гучалі словы пра тое, што за зроблены ўчынак на беларускі рэжым неабходна накласці сур’ёзныя санкцыі.

Генеральны дырэктар «Ryanair» Майкл О’Ліры накіраваў у Дэпартамент авіяцыі Беларусі ліст, у якім назваў інцыдэнт з рэйсам Афіны – Вільня «наўмысным і незаконным угонам». Пазней ён жа ахарактарызаваў гэты выпадак «падтрыманым дзяржавай пірацтвам».

У сенаце ЗША супольна з шэрагам заканадаўцаў з Вялікай Брытаніі, Ірландыі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Чэхіі і Нямеччыны заклікалі Міжнародную арганізацыю грамадзянскай авіяцыі [ICAO] «правесці неадкладнае расследаванне гэтага відавочнага парушэння вольнага міжнароднага паветранага транзіту і пагрозаў для авіяцыі. Да правядзення расследавання мы заклікаем адхіліць Беларусь ад арганізацыі і ўвесці забарону на ўсе палёты над Беларуссю, уключаючы палёты ў краіну і з яе», – гаварылася ў іхнай супольнай заяве ўжо на наступны дзень пасля інцыдэнту. У ёй жа гучаў заклік да НАТО і ЕЗ увесці санкцыі супраць беларускага рэжыму і «прыпыніць яго магчымасці выкарыстоўваць Інтэрпол і іншыя міжнародныя арганізацыі для далейшых нападаў на дэмакратыю ў Еўропе».

Ужо на наступны дзень пасля інцыдэнту Літва зрабіла заяву аб закрыцці паветранай прасторы для Беларусі і забараніла пралятаць над нашай краінай усім самалётам, якія прылятаюць у Літву ці вылятаюць з яе. 25 траўня, пакуль яшчэ чакалася ўхваленне рашэння Саміту Еўразвязу аб забароне беларускім авіякампаніям палётаў у Еўразвяз, стала вядома, што Францыя і Вялікая Брытанія забаранілі палёты «Белавіі» ў свае краіны, спыніла авіязлучэнне і Украіна. Пазней да забаронаў далучыліся Польшча, Латвія, Літва, Славаччына, Фінляндыя, Чэхія і Швецыя і іншыя краіны.

З 5 чэрвеня 2021 года Еўразвяз забараніў усім дзяржаўным беларускім авіяперавозчыкам палёты над яго тэрыторыяй.

Санкцыі ў адказ

Рэакцыя Еўразвязу не прымусіла сябе чакаць. Пытанне тэрміновага прыняцця чацвёртага пакету санкцыяў выйшла на парадак дня ў Еўразвязе адразу ж пасля інцыдэнту з самалётам. Хаця да гэтага яго зацвярджэнне некалькі разоў адкладалася. І гэта нягледзячы на тое, што ў краіне, пачынаючы з выбараў 2020 года, былі сотні палітзняволеных, што 18 траўня 2021 года, за некалькі дзён да інцыдэнту, у Беларусі заблакавалі найбуйнейшы медыяпартал TUT.by, а ў засценках турмы 21 траўня 2021 года загінуў Вітольд Ашурак.

21 чэрвеня чацвёрты пакет быў урэшце зацверджаны, у санкцыйнай Радзе Еўразвязу брала ўдзел і Святлана Ціханоўская. У спіс, у прыватнасці, трапілі сын Аляксандра Лукашэнкі Дзмітрый і расейскі бізнесовец Міхаіл Гуцэрыеў. Агулам у спісе было 78 прозвішчаў і 8 арганізацыяў. Былі ў ім таксама такія прадпрыемствы, як МАЗ, БелАЗ, «Новая нафтавая кампанія» (адзіная, якая мела права на экспарт нафтапрадуктаў з Беларусі і пастаўкі нафты ў краіну) і «Белаэранавігацыя».

Праз тры дні, 24 чэрвеня 2021 года, Еўразвяз упершыню ўвёў сектаральныя санкцыі супраць рэжыму ў Беларусі. У яго ўваходзілі абмежаванні на гандаль нафтапрадуктамі, калійнымі ўгнаеннямі і сыравінай для тытунёвай прамысловасці; забарона на пастаўкі ў краіну прадукцыі падвойнага прызначэння, тэхналогіяў, абсталявання і праграмнага забеспячэння для перахопу камунікацыяў; фінансавыя абмежаванні, у тым ліку закрыццё доступу да еўрапейскіх рынкаў капіталу, забарона на страхаванне ўраду Беларусі і дзяржаўных органаў і іншыя.

Міністр замежных справаў Люксембургу Жан Асэльборн адзначыў, што гэтыя санкцыі будуць «настолькі балючыя, каб паставіць рэжым на калені. Мы ўдарым па сямі грашовых галінах Лукашэнкі, у тым ліку цыгарэтах, калійных угнаеннях, нафтаперапрацоўцы і фінансавым сектары. Прыйшоў час для Еўразвязу паказаць, што дзяржаўнаму тэрору няма месца ў ХХІ стагоддзі».

Гэты пакет санкцыяў сапраўды выразна адрозніваўся ад папярэдніх трох, уведзеных пасля выбараў 2020 года. «Еўразвяз на працягу дзесяці месяцаў трываў у Беларусі рэпрэсіі і наяўнасць у краіне вялікай колькасці палітычных зняволеных, але ў Еўропе не маглі не адрэагаваць на акцыю з пасадкай рэйсу, які накіроўваецца з адной краіны аб’яднання ў іншую, – гэта проста не адпавядала б амбіцыям ЕЗ як сурʼёзнага рэгіянальнага і міжнароднага гульца», – трапна ахарактарызаваў увядзенне 4-га пакету санкцыяў эксперт Фінскага інстытуту міжнародных дачыненняў Аркадзь Мошас.

3 чэрвеня 2021 года Злучаныя Штаты ў адказ на інцыдэнт узнавілі раней прыпыненыя санкцыі супраць нафтахімічных прадпрыемстваў Беларусі, а таксама ўвялі персанальныя санкцыі ў дачыненні прадстаўнікоў беларускага рэжыму.

Пратасевіч – ахвяра пірацтва

Адразу пасля інцыдэнту на Захадзе сталі гучаць рэзкія патрабаванні і заклікі, каб улады Беларусі тэрмінова вызвалілі Рамана Пратасевіча. З такімі заявамі выступалі як розныя праваабарончыя арганізацыі, так і шматлікія палітыкі.

Фота Рамана Пратасевіча ў французскім аэрапорце Шарль дэ Голь.
Фота: censor.net

«ЗША рашуча асуджаюць вымушанае перанакіраванне рэйса паміж дзвюма дзяржавамі – чальцамі ЕЗ і наступнае зняцце з борта і арышт журналіста Рамана Пратасевіча ў Менску. Мы патрабуем ягонага неадкладнага вызвалення», – гаворыцца ў заяве дзяржсакратара ЗША Энтані Блінкена.

«Затрыманне [Рамана Пратасевіча] ёсць грубым парушэннем абавязацельстваў АБСЕ ў свабодзе выказвання меркавання і свабоды СМІ», – выступіла прадстаўніца АБСЕ ў пытаннях свабоды СМІ Тэрэза Рыбэйра.

Афіцыйны прадстаўнік ураду Нямеччыны Штэфан Зайбэрт асудзіў відэа з Пратасевічам, паказанае на беларускіх каналах, і адзначыў, што гэта «агідны прыём уладаў Беларусі – прадстаўляць грамадскасці сваіх палонных, якія нібыта робяць прызнанні, з загрымаванымі слядамі збіцця і жорсткага абыходжання».

Фота Рамана з’явілася ў некаторых аэрапортах, міжнародная супольнасць стала патрабаваць яго вызваліць.

Памілаванне = зняцце санкцыяў?

І вось праз два гады пасля таго, як Раман Пратасевіч з’явіўся ў шмат якіх прапагандысцкіх праграмах, адбылося тое, чаго патрабавала міжнародная супольнасць. Яго выпускаюць пасля памілавання, падпісанага Аляксандрам Лукашэнкам. Такое ж памілаванне атрымлівае і Соф’я Сапега. Абодва на камеры прапагандысцкіх СМІ дзякуюць кіраўніку Беларусі за магчымасць «пачаць жыццё наноў». Вось, здаецца, патрабаванне Захаду выкананае – ці можна чакаць зняцця санкцыяў, як мінімум для кампаніі «Белавія», і ці паляцяць зараз праз Беларусь самалёты? Адказы на гэтыя пытанні мы паспрабавалі знайсці разам з каардынатарам беларускай экспертнай сеткі «Наше мнение» Вадзімам Мажэйкам.

«Самалёты не паляцяць», – лічыць эксперт. Бо, на ягоную думку, справа не ў тым, што адбыўся захоп людзей, якіх праз некаторы час выпусцілі, праблема ў тым, што ўлады Беларусі ў прынцыпе захопліваюць самалёты.

«Санкцыі тут звязаныя не з лёсам Сапегі і Пратасевіча, а з самім прыкладам таго, што нейкі дыктатар на сваёй авіяцыйнай прасторы лічыць магчымым, пагражаючы знішчальнікамі, захопліваць грамадзянскія самалёты, у якіх ляцяць грамадзяне розных краінаў. Таму санкцыі мусілі быць прыкладам для ўсіх іншых краінаў, што так рабіць немагчыма і за пірацтва будзе пакаранне», – адзначыў эксперт і дадаў, што вызваленне Пратасевіча і Сапегі ў гэтым кантэксце нічога не зменіць.

Што датычыць санкцыяў, лічыць Вадзім Мажэйка, то ў прынцыпе сітуацыя значна пагоршылася, бо праблема ўжо далёка не толькі ў сфальсіфікаваных выбарах, у гвалце пасля іх або колькасці палітвязняў ці захопе самалёта, а ў тым, што Беларусь зрабілася суагрэсарам у вайне, што на яе тэрыторыі размяшчаецца ядравая зброя.

Вельмі падобна, адзначае эксперт, што Менск спрабуе выйсці з-пад санкцыяў і дамагацца паляпшэння стасункаў з Захадам праз іншыя шляхі, спалучаючы кулуарныя перамовы і ціск. Так, напрыклад, як гэта робіцца з касцёлам: з аднаго боку касцёлы ў краіне закрываюць, ксяндзоў рэпрэсуюць, а з іншага – праз Ватыкан вядуць перамовы. Яшчэ адзін шлях – спроба дамовіцца наконт харчовага крызісу ў свеце і лабіяваць зняцце санкцыяў з «Беларуськалію», прадукцыя якога патрэбная для сельскай гаспадаркі, каб карміць людзей.

Што ж датычыць саміх памілаванняў, то, на думку Вадзіма Мажэйкі, гэта выглядае досыць лагічна, асабліва ў выпадку Пратасевіча. «Бо ён фактычна пайшоў на максімальную супрацу з рэжымам – пэўна, рэжым бы і марыў, каб кожны палітвязень паводзіў сябе, як Пратасевіч», – адзначыў эксперт. Таму калі б такая супраца «ўзнагароджвалася» пакараннем на вялікі тэрмін, то гэта было б дзіўна, а ўзнагародзіць памілаваннем – значна больш лагічна, падсумаваў Вадзім Мажэйка.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў