БРЦ: «нафтавы гаманец» Лукашэнкі пазбег санкцыяў, схаваўшы сувязь са сваімі кампаніямі


Беларускі расследавальніцкі цэнтр выпусціў матэрыял пра бізнесоўца Анатоля Тарнаўскага, якога называюць «нафтавым гаманцом» Лукашэнкі. «Ён так удала схаваў свае стасункі з уладамі Беларусі, што ягоная імя нават не ўсплывала сярод кандыдатаў на санкцыі апошнія тры гады. Толькі адна Канада ўвяла абмежаванні супраць яго ў 2022 годзе», – гаворыцца ў расследаванні.

Бізнесовец Анатоль Тарнаўскі.
Фота: timecitymagazine.by

Анатоль Тарнаўскі – уладальнік некалькіх буйных беларускіх кампаніяў, аднак пра яго мала што вядома, ён асоба непублічная. «Бізнесовец палічыў за лепшае заставацца інкогніта і ва ўласных кампаніях. Гэта дапамагае яму гадамі ўхіляцца ад санкцыяў і выводзіць за мяжу прыбытак ад гандлю беларускімі нафтапрадуктамі», – гаворыцца ў артыкуле Беларускага расследавальніцкага цэнтру.

Яшчэ ў 2012 годзе Тарнаўскі і ягоная кампанія «Юнівест-М» трапілі ў чорны спіс Еўразвязу праз сувязі з Лукашэнкам. Бізнесовец адначасова і аспрэчваў абмежаванні праз суд, і спрабаваў абысці іх. Праз два з паловай гады, у 2014-м, яго выкраслілі з санкцыйнага спісу.

З тых часоў Тарнаўскі працягнуў зарабляць і ў Беларусі, і ў Еўропе. Бізнесовец пры дапамозе грамадзяніна Швейцарыі Стэфана Брунэра перамяшчаў грошы паміж сваімі кампаніямі. Усё гэта – застаючыся нябачным для заходніх рэгулятараў.

Адзіная фірма ў Беларусі, якой Тарнаўскі валодае наўпрост, а не праз іншыя структуры, – «Рэсурс і Ко». Астатнія кампаніі аформленыя на іншых асобаў. Напрыклад, зарэгістраваная на Кіпры фірма «Medesoil Trading» належыць дачцэ бізнесоўца Наталлі Тарнаўскай. Гэтая структура купляла нафтапрадукты ў «Беларускай нафтавай кампаніі». Фірма існуе дагэтуль, і спадарыня Наталля застаецца яе бенефіцыярам. Як мінімум, у 2020 і 2021 гадах яна атрымала дывідэнды на $540 тысячаў.

Агулам з моманту заснавання ў 2012 годзе па 2021-ы выручка «Medesoil Trading» перавысіла $2 млрд. Чысты прыбытак кампаніі за гэтыя гады – каля $10 млн.

Расследaванні
Нафтавыя схемы Тэрнаўскага: як бізнесоўцы, набліжаныя да Лукашэнкі, выводзяць у афшоры мільёны і абыходзяць санкцыі Еўразвязу?
2021.03.16 12:20

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў