Беларусь зноў хоча павысіць тарыфы за транзіт нафты з Расеі і Казахстану


Як паведамляе газета «Коммерсантъ», Беларусь зноў пачала абмяркоўваць з расейскім бокам пытанне павелічэння тарыфаў на перапампоўку па сваёй тэрыторыі нафты ў Еўропу праз нафтаправод «Дружба». Падобныя прапановы наша краіна вылучала ў пачатку лета, аднак павышэння, якое планавалася, так і не адбылося.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота Yegor Aleyev / TASS / Forum

Выданне сцвярджае, што ў яго распараджэнні аказаўся ліст ААТ «Гомельтранснафта Дружба», які быў накіраваны 17 лістапада ў адрас расейскай нафтаправоднай кампаніі «Транснафта» – у ім змяшчалася прапанова з 1 лютага 2024 года падняць тарыфы на транзіт нафты па тэрыторыі нашай краіны.

Расцэнкі на прапампоўку прапануецца павялічыць для паўночнага адгалінавання «Дружбы» (цяпер праз яе пастаўляюць толькі нафту з Казахстана) адразу на 43,4% да 653,8 расейскага рубля за тону, а для паўднёвай (па ёй ідзе сыравіна з Расеі) – на 14,5% да 195,8 расейскага рубля за тону.

У лісце такі крок тлумачыцца тым, што беларускі бок хоча пазбегнуць перакрыжаванага фінансавання расходаў на транзіт нафты па паўночнай ветцы за кошт транспарціроўкі сыравіны па паўднёвай.

Дакумент таксама змяшчае ўказанні на «непрадбачаныя абставіны», з-за якіх грузаабарот па транзітных напрамках упаў амаль у пяць разоў у параўнанні з 2022 годам (у 17 разоў па паўночнай галінцы) – маюцца на ўвазе санкцыі Польшчы і Нямеччыны ў дачыненні да расейскай нафты.

Як даводзіцца ў лісце, для выхаду ў плюс тарыфы на ўнутраную транспарціроўку нафты на нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы Беларусі ў бягучым годзе павышалі два разы.

У «Транснафты» газеце пацвердзілі факт атрымання ліста, адзначыўшы, што гатовыя абмяркоўваць з беларускім бокам змяненне тарыфаў толькі на паўднёвай ветцы «Дружбы».

«Але калегі хочуць нашага ўзгаднення па павелічэнні тарыфаў па паўночнай галінцы, дзе транзітам прапампоўваецца ў Нямеччыну нафту з Казахстана, а гэта не наша кампетэнцыя, тым больш што там мяркуецца істотны рост», – заявілі «Коммерсанту» у кампаніі.

Нагадаем, Беларусь збіралася з 1 ліпеня падняць тарыф на прапампоўванне нафты па нафтаправодзе «Дружба» на 84%. Наша краіна такім шляхам хацела пакрыць фактычную страту паўночнага напрамку нафтапрапампоўкі з-за адмовы Польшчы і Нямеччыны ад паставак расейскай трубаправоднай сыравіны.

Пазней гэтую інфармацыю пацвердзілі ў ААТ «Гомельтранснафта Дружба»: у напрамку Польшчы і Нямеччыны расцэнкі планавалі павялічыць на 83,5% да $1,67 за 100 км, у напрамку Украіны – на 83,3% да $2,09 за 100 км. Аднак з таго часу тарыфы так і не былі павялічаны.

Hавiны
БРЦ: «нафтавы гаманец» Лукашэнкі пазбег санкцыяў, схаваўшы сувязь са сваімі кампаніямі
2023.11.15 22:25

СП, belsat.eu

Стужка навінаў