Суд у справе Віктара Бабарыкі. ОНЛАЙН


17 лютага пачалося паседжанне Вярхоўнага Суда ў справе «Белгазпрамбанку». На судовай лаве яго былыя топ-менеджары на чале з Віктарам Бабарыкам.

Галоўны фігурант справы – былы кіраўнік «Белгазпрамбанку» Віктар Бабарыка. Яго вінавацяць у стварэнні з 1 студзеня 2004 года арганізаванай злачыннай групоўкі са сваіх намеснікаў з мэтаю сістэматычнага атрымання хабараў ад камерцыйных арганізацыяў. У справе фігуруе сума амаль $ 15 млн. З 10 лістапада да 27 снежня 2018 года дзеля легалізацыі хабараў Бабарыка быццам набыў у Менску два капітальныя будынкі коштам больш за Br 1 млн.

17:04 Сённяшняе паседжанне ў справе Бабарыкі скончанае. Працяг – заўтра аб 11-й гадзіне.

16:58 Бабарыка папрасіў суддзю дазволіць яму жэстыкуляваць. Суддзя сказаў, што свабодна жэстыкуляваць экс-банкір можа толькі тады, калі дае паказанні. У іншы час – толькі з дазволу суда.

16:52 Адвакаты Віктара Бабарыкі падкрэслілі, што на этапе следства ў дачыненні экс-банкіра неаднаразова парушалася прэзумпцыя невінаватасці. Яны папрасілі далучыць да матэрыялаў справы шэраг рэпартажаў дзяржаўных медыяў, у якіх Бабарыку называлі злачынцам (у тым ліку гэта рабіў асабіста Лукашэнка). Нагадаем: да выраку суда публічна называць кагосьці злачынцам нельга, гэта парушэнне заканадаўства. Суддзя не задаволіў хадайніцтва аб далучэнні рэпартажаў дзяржаўных медыяў да справы.

15:35 На працэсе над Бабарыкам з прадстаўнікоў дзяржаўных медыяў засталіся толькі пяцёра чалавек. Два першыя шэрагі фактычна вольныя. Традыцыйна на паседжанні – вялікая колькасць ціхароў.

15:08 Аказваецца, яшчэ ў ліпені 2020 года КДБ наклаў арышт на кватэру на вуліцы Корш-Сабліна і парковачнае месца на вуліцы Бяды, якія належаць Марыі Ховарт, дачцэ Віктара Бабарыкі. Аргументацыя – «яны былі набытыя на імя Ховарт у перыяд, які належыць да злачыннай дзейнасці Бабарыкі». Адвакаты банкіра хадайнічаюць, каб суддзя Любавіцкі зняў арышт з нерухомасці. Суд адмовіў.

14:00 Адвакат Дзмітрый Лаеўскі распавёў пра стан Бабарыкі.

– Фізічны і маральны стан здавальняючы. Калі абстрагавацца ад таго, што чалавек у клетцы. Віктар Дзмітрыевіч усміхаецца, ён дзіўным чынам захоўвае здольнасць радавацца жыццю і верыць у добрае. Калі ён усміхаецца, гэта відаць нават праз маску. Наладоўвае энергіяй нас усіх.

Адвакат Віктара Бабарыкі Дзмітрый Лаеўскі. Суд над Віктарам Бабарыкам, 17 лютага 2021 года, Менск.
Фота: Белсат.

13:30 У судзе перапынак. Людзі выйшлі з паседжання і расказалі, што Віктар Бабарыка ў добрым настроі і ўсміхаецца.

13:15 Кіраўнік Генеральнай пракуратуры Андрэй Швед выказаўся пра пачатак судовага працэсу ў справе былога кіраўніка «Белгазпрамбанку» Віктара Бабарыкі.

Андрэй Швед адзначыў, што Генпракуратура пільна сачыла за гэтай справаю. Ён лічыць, што следства было аб’ектыўнае, а ніякага палітычнага складніку ў матэрыялах няма.

«Сабраны даволі вялікі масіў пераканаўчых доказаў, якія сведчаць, што гэта абсалютна карупцыйная справа. Гэта чыстай вады крымінальшчына», – мяркуе Швед.

13:07 Адвакат Дзмітрый Лаеўскі хадайнічаў аб змене меры стрымання Бабарыкі на ўтрыманне пад хатнім арыштам, але хадайніцтва было адхіленае. Мера стрымання Віктара Бабарыкі не будзе змененая.

12:23 Віктар Бабарыка перадае прывітанне з клеткі.

12:14 Суд не падтрымаў хадайніцтва абароны Бабарыкі аб адводзе суддзі Ігара Любавіцкага.

12.02 «Наша ніва» піша:

Адвакаты Віктара Бабарыкі заявілі адвод суддзю Ігару Любавіцкаму. Чаму?

Справа ў тым, што ягоная жонка, Аляксандра Любавіцкая, ёсць партнёрам адвакацкага бюро «Агееў і партнёры». Другі партнёр бюро, Максім Агееў, у судзе абараняе абвінавачанага Віктара Кабяка. Паводле закону дамова заключаецца з адвакацкім бюро і сродкі, якія паступілі за аказанне юрыдычнай дапамогі, накіроўваюцца ў тым ліку на выплату ўзнагароджання партнёрам адвакацкага бюро. Атрымліваецца, частка грошай, якія паступаюць у адвакацкае бюро за юрыдычную дапамогу Кабяку, можа накіроўвацца на выплату ўзнагароджання Аляксандры Любавіцкай, партнёру бюро.

Выходзіць, суддзя Любавіцкі аказваецца ў сітуацыі, калі ягоная жонка атрымлівае матэрыяльную выгаду за юрыдычную дапамогу грамадзяніну, чые паказанні і пазіцыю ў справе суддзя павінен ацэньваць у працэсе.

Гэта не першы вядомы выпадак з адводам суддзі Ігара Любавіцкага. У 2019 годзе ён быў вымушаны ўзяць самаадвод у «макавай справе». Падчас працэсу адзін з абвінавачаных заявіў, што раней ужо быў асуджаны за незаконнае абарачэнне наркотыкаў (ч. 3 арт. 328 КК). Пракуратура спрабавала абскардзіць прысуд, настойваючы на ч. 4 арт. 328 КК (распаўсюд наркотыкаў у складзе арганізаванай групы), але Менгарсуд дзяржаўнаму абвінавачанню адмовіў. І ў складзе судовай калегіі тады быў суддзя Ігар Любавіцкі, той самы, якога пазней прызначылі разглядаць «макавую справу». Таму суддзя ўжо падчас працэсу сам заявіў самаадвод, бо высветлілася, што некаторыя абставіны справы яму былі вядомыя яшчэ да пачатку гэтага працэсу.

Суддзём Вярхоўнага Суда Любавіцкі стаў у кастрычніку 2020-га. Ён вядомы з першай справы блогера Эдуарда Пальчыса, таксама быў суддзём у карупцыйнай «справе медыкаў».

11:40 Як выглядае Віктар Бабарыка ў зале суда.

11:30 – Пачынаецца суд Бабарыкі, і мы бачым столькі людзей. Як вы можаце гэта расцаніць? – запытаў наш карэспандэнт у Андрэя Дзмітрыева, экс-кандыдата ў прэзідэнты, які прыйшоў у суд.

– Мне падаецца, што тут адназначная ацэнка – улады паказваюць, што яны цалкам выключаюць грамадства з любой сістэмы, дзе грамадства можа ўплываць. Цяпер ідзе накіраваны ўдар па салідарнасці. Бо зразумела, што ўлада рыхтуецца да вясны, да таго, што будзе далей. І салідарнасць – вельмі важны падмурак для таго, каб грамадства працягвала быць уключаным у палітыку, працягвала ў такіх жорсткіх умовах цікавіцца палітыкай. Улады хочуць зрабіць усе, каб паказаць, што салідарнасці няма, ці яна разбураная. Я лічу, што гэта крокі для выцяснення грамадства з палітыкі і ўдар па салідарнасці.

11:12 Юрый Васкрасенскі таксама наведаў судовае паседжанне.

11:05 На суд над Віктарам Бабарыкам прыйшоў бацька Марыі Калеснікавай, але яго таксама не пусцілі. У ваколіцах суда шмат прыкметных мікрааўтобусаў, адзін вялікі жоўты аўтобус МАЗ і, канечне ж, аўтазак. Міліцыя падыходзіць да людзей і просіць не стаяць каля суда, бо нікога больш не пусцяць. ДАІ не дае спыняцца таксі.

Пачынаецца працэс у справе Віктара Бабарыкі ды супрацоўнікаў «Белгазпрамбанку». Людзі чакаюць ля ўваходу.
Фота: Белсат

10:54 На суд пусцілі толькі сваякоў, адвакатаў і абраных журналістаў. Астатнім адмовілі ў магчымасці прысутнічаць на паседжанні – нібыта мала месца. Каля будынку суда сабралося каля сотні чалавек, яны звяртаюцца да адміністрацыі і падкрэсліваюць, што суд адкрыты і народ хоча ведаць, як адбываецца працэс.

10:45 Людзей усё больш. Ціхары назіраюць за чаргою людзей. Людзі патрабуюць пусціць іх на суд, бо паседжанне адкрытае.

Пачынаецца працэс у справе Віктара Бабарыкі ды супрацоўнікаў «Белгазпрамбанку». Людзі чакаюць ля ўваходу.
Фота: Белсат

Пачынаецца працэс у справе Віктара Бабарыкі ды супрацоўнікаў «Белгазпрамбанку». Людзі чакаюць ля ўваходу. Фота: Белсат

Пачынаецца працэс у справе Віктара Бабарыкі ды супрацоўнікаў «Белгазпрамбанку». Людзі чакаюць ля ўваходу.
Фота: Белсат

10:36 З тэлефонам і планшэтам у залу не пускаюць. Тэхніку трэба здаць на ўваходзе.

10:30 Чарга на суд над Віктарам Бабарыкам ўсё большае, побач шмат міліцыі, за судом мікрааўтобус з АМАПам, перадае наш карэспандэнт.

Пачынаецца працэс у справе Віктара Бабарыкі ды супрацоўнікаў «Белгазпрамбанку». Людзі чакаюць ля ўваходу.
Фота: Белсат

10:12 Віктара Бабарыку даставілі ў суд. Ён у кайданках і за кратамі.

09:25 Да суда Маскоўскага раёну прыехалі сапёры, а транспарт з парковак вывезлі эвакуатарам. Людзей, што прыйшлі падтрымаць Віктара Бабарыку падчас суда, абяцаюць прапускаць з 10-й раніцы.

Як развівалася справа?

Віктара Бабарыку, які пастанавіў узяць удзел у прэзідэнцкіх выбарах 2020 года, затрымалі разам з сынам Эдуардам 18 чэрвеня летась. Экс-банкіра вінавацяць паводле ч. 3 арт. 430 («Атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры») і ч. 2 арт. 235 («Легалізацыя («адмыванне») сродкаў, атрыманых злачынным шляхам») Крымінальнага кодэксу.

На момант арышту Бабарыка лічыўся галоўным апанентам Аляксандра Лукашэнкі на выбарах, ён паставіў рэкорд у колькасці подпісаў, сабраных альтэрнатыўнымі кандыдатамі на прэзідэнцтва за ўсю гісторыю Беларусі. Экс-банкіра прызналі палітычным вязнем.

На судовай лаве і шэсць былых падначаленых Бабарыкі. Іх усіх вінавацяць паводле ўжо згаданага арт. 430. Гэта Кірыл Бадзей, які летась стаў кіраўніком «Белгазпрамбанку» замест Бабарыкі, былыя намеснікі старшыні праўлення Сяргей Дабралёт, Дзмітрый Кузьміч, Сяргей Шабан і Аляксандр Ільясюк, а таксама былы першы намеснік праўлення Аляксей Задойка.

Яшчэ адзін абвінавачваны – генеральны дырэктар «Актыўлізінгу» Віктар Кабяк – праходзіць паводле ч. 2 арт. 431 («Даванне хабару паўторна ці ў буйным памеры»). Паводле следства, ён даў хабар памерам не менш як € 2,5 млн.

Віктар Бабарыка «катэгарычна не згодны з выстаўленым абвінавачаннем», а ягоныя абаронцы настойваюць «на поўнай невінаватасці». Усе іншыя фігуранты сваю віну прызнаюць.

ІК, belsat.eu

Стужка навінаў