Аляксею Навальнаму вынеслі новы прысуд па справе аб абразе ветэрана


У Бабушкінскам судзе Масквы суддзя Вера Акімава вынесла абвінавачвальны прысуд палітыку Аляксею Навальнаму па справе аб паклёпе на 94-гадовага ветэрана Ігната Арцёменка. Па вынесеным абвінавачанні Навальны павінен заплаціць ветэрану штраф у памеры 850 тысяч расейскіх рублёў за паклёп. Пракурор Кацярына Фралова прасіла штраф у памеры 950 тысяч, – паведамляе з зала суда тэлеканал «Дождь».

Аляксей Навальный ў Бабушкінскам судзе ў Маскве 20 лютага 2021 года.
Фота: прэс-служба суда

Палітык падчас працэсу настойваў, што не паклёпнічаў на ветэрана, а яго словы былі ацэначнымі меркаваннямі і не ўтрымлівалі фактаў. Але нягледзячы на гэта яго віна даказаная, лічыць суддзя.

«Навальны дакладна ведаў, што распаўсюджаныя ім звесткі носяць ілжывы характар, ганьбяць рэпутацыю», – зачытала суддзя.

Сваё апошняе слова Аляксей Навальны зачытваў болей 16 хвілін. Вось чым ён скончыў:

«Я ўключаю тэлевізар і бачу сорамны рэпартаж, дзе паказваюць той эпізод, калі, значыць, ветэран даведаўся, што яго абразіў Навальны і яму стала дрэнна. І так здарылася дзіўным чынам, што ў гэты момант, вядома, дома была здымачная група, якая здымае яго камерай, паказваюць: ляжыць чалавек у майтках на коўдры, побач унук стаіць і ў вачах яго шчасце, ён задаволены, і ў яго на твары напісана «Божа мой, якое шчасце, я нарэшце манетызаваў дзеда. Атрымалася!». Усе шчаслівыя: камеры здымаюць, за камерай, напэўна, стаіць Маргарыта Сіман’ян, якая кажа: «Давай, дзед, ня рыпайся, ляжы».

Вы ўсім гэтым працэсам, мэта якога зразумелая, прынізілі і абразілі вось гэтых усіх ветэранаў у дзесяць разоў горш, чым усё, што вы рабілі да гэтага. Вы прыніжалі годнасць, выкарыстоўвалі чалавека як ляльку. Ён то хоча выступаць, то не хоча, да вы проста адкрыта падпісваецеся за яго. Ён у вашым уяўленні не чалавек, для вас і вашай улады гэта проста механізм, лялька, якую вы хочаце выкарыстоўваць для сябе.

Аляксей Навальный ў Бабушкінскам судзе ў Маскве 20 лютага 2021 года.
Фота: тэлеканал «Дождь»

Я пачаў з гэтага сваё выступленне і працягну: за гэта ўсё вы будзеце гарэць у пекле. Я спадзяюся, вось вы людзі больш-менш маладыя, вы не толькі будзеце ў пекле гарэць, але і адкажаце перад нармальным чалавечым судом. Я разумею, што вы ўсё зладзілі проста для таго, каб вечарам сказаць: «Навальны сядзіць не таму што, значыць, хаваўся ад следства, а таму што абразіў ветэрана». Будзеце далей ездзіць па вушах гледачам.

Нейкую колькасць вашай тэлепублікі вы падманеце, але я ўпэўнены, ваш план не спрацуе. Вялікая колькасць людзей, якая сочыць за працэсам, ім таксама брыдка і агідна як і мне, таму што яны, у адрозненне ад вас, лічаць ветэранаў, пенсіянераў, ды каго заўгодна нармальнымі людзьмі, над якімі нельга здзекавацца, за іх нельга падпісвацца, падрабляць заявы, здымаць у бездапаможным стане. І тое, што вы задумалі, я ўпэўнены, у вас не атрымаецца і так ці інакш права возьме сваё і кожны адкажа па заслугах. Дзякуй», – заканчвае палітык.

Гэта другі суд Навальнага за дзень: у першай палове дня Масгарсуд прызнаў законным рашэнне Сіманаўскага раённага суда, які замяніў палітыку Аляксею Навальнаму ўмоўны тэрмін па справе «Іў Рашэ» на рэальнае пазбаўленне волі. Выязное пасяджэнне праходзіла таксама ў Бабушкінскам судзе Масквы.

Hавiны
Суд замяніў Аляксею Навальнаму ўмоўны тэрмін на рэальны
2021.02.02 20:26

АД belsat.eu

Стужка навінаў