Журналісту Ігару Карнею прысудзілі 3 гады калоніі за «ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні»


Журналісту Ігару Карнею агучылі прысуд – тры гады зняволення ў калоніі агульнага рэжыму і штраф 20 тысячаў рублёў за «ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні», паведамляе радыё «Свабода».

Ігар Карней у судзе.
Фота: СТВ

Справу супраць Ігара Карнея з 19 сакавіка разглядаў Менскі гарадскі суд. Працэс вёў Сяргей Кацар. Журналіста абвінавачвалі паводле ч. 3 арт. 361-1 КК РБ («Удзел у экстрэмісцкім фармаванні»). Як стала вядома з прапагандысцкіх СМІ, Карнея пераследавалі за супрацу з Беларускай асацыяцыяй журналістаў.

Вырак журналісту – тры гады калоніі агульнага рэжыму і штраф 20 тысячаў рублёў.

56-гадовага Ігара Карнея затрымалі раніцаю 17 ліпеня 2023 года пасля ператрусу ў ягонай кватэры. Спачатку журналісту прызначылі адміністратыўны арышт, але на волю ён не выйшаў – з Акрэсціна Ігара перавялі ў СІЗА ў межах крымінальнай справы.

Hавiны
Былога журналіста-фрылансера Андрэя Толчына асудзілі на 2,5 года калоніі
2024.03.21 17:50

Ігар Карней – былы карэспандэнт радыё «Свабода», больш за 20 гадоў асвятляў на радыёхвалях і ўэб-сайце жыццё і падзеі ў Беларусі.  Сярод іншага Ігар вядомы як аўтар тэкстаў пра культурна-гістарычную спадчыну Беларусі і трэвэл-блогер.

У першы дзень суда еўрапейскія дыпламаты прыйшлі да будынку, дзе разглядалі справу супраць Ігара Карнея. Пра гэта паведаміла Прадстаўніцтва ЕЗ у Беларусі:

«Дыпламаты ЕЗ, Аўстрыі, Нідэрландаў, Славаччыны, Швецыі, Нямеччыны, Польшчы і Вялікай Брытаніі сёння былі ля будынку суда на знак салідарнасці з Ігарам Карнеем, адным з 34 працаўнікоў медыяў, зняволеных у Беларусі, і ўсімі, каго судзяць з палітычных матываў».

На дзень 22 сакавіка ў Беларусі ў зняволенні застаюцца 34 журналісты і супрацоўнікі медыяў, паводле Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Гісторыі
Вольга Івашына: Трэба вызваляць палітвязняў любымі дасяжнымі сродкамі
2024.03.12 15:00

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў