Беларусы сталі пазітыўней ацэньваць эканоміку, але не маюць упэўненасці ў заўтрашнім дні


Беларусы сталі нашмат лепш ацэньваць стан беларускай эканомікі, чым вясной 2023 года. Пры гэтым хатнія гаспадаркі не імкнуцца зберагаць сродкі. Такія вынікі апытання BEROC і разлічанага на яго аснове індэкса спажывецкай упэўненасці. Даведаліся, як беларусы адчуваюць сябе на фоне іншых краін і хто пачуваецца горш за іншых.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Аляксандр Побат / 1prof.by

Індэкс спажывецкай упэўненасці – гэта індыкатар, які адлюстроўвае ацэнку людзьмі эканамічнай сітуацыі ў краіне ў цэлым і асабістага матэрыяльнага становішча. Даследаванне падрыхтавана на аснове дадзеных васьмі анлайн-апытанняў гарадскіх жыхароў ва ўзросце 18-64 гады. Выбарка адпавядае структуры гарадскога насельніцтва Беларусі і скарэктаваная па полу, рэгіёне і ўзросце.

Індэкс складаецца з пяці кампанентаў. У сувязі з гэтым людзям задаюць пяць адпаведных пытанняў: «Якая эканамічная сітуацыя ў параўнанні з годам таму?», «Як яна зменіцца праз год?», «Якое матэрыяльнае становішча вашай сям’і за мінулы год»,« Як яно зменіцца ў наступныя 12 месяцаў», «Цяпер добры (дрэнны) час для буйных пакупак для дому?».

Беларусы адчуваюць сябе лепш, чым расейцы і некаторыя еўрапейцы

Беларусы сталі аптымістычней ацэньваць сваё становішча, хоць індэкс і застаецца адмоўным. Калі лічыць яго значэнне па метадалогіі Расстату, то ў лютым 2024 года індэкс склаў -3,6 %. Гэта на 6,35 працэнтных пунктаў больш, чым восенню 2024 года. Калі параўноўваць з Расеяй, то там настроі горшыя. Апошнія даступныя дадзеныя за лістапад 2023 года. Тады індэкс склаў – 13,2 %.

«Пасля прасадкі індэкса ў другім квартале 2022 спажывецкія чаканні і настроі ў Беларусі працягваюць сваё аднаўленне. У Расеі аднаўленне індэкса прыпынілася, значэнне індэкса засталося на ранейшым узроўні», – адзначае BEROC.

Як адчуваюць сябе беларусы і расейцы ў эканамічным плане.
Крыніца: BEROC

Беларусы таксама часта ацэньваюць сваё становішча лепш, чым еўрапейцы. Калі лічыць індэкс па метадалогіі Еўрастату, то ў лютым у Беларусі яго значэнне склала -2,5 % (рост на 6 працэнтных пунктаў).

«У папярэдніх хвалях апытання Беларусь займала 6 – 7 месцы па ўзроўні індэкса спажывецкай упэўненасці сярод краін Еўразвязу. У бягучым квартале значэнне індэкса перамясцілася на пятае месца. Літве і Польшчы ўдалося ўвайсці ў станоўчую зону індэкса, значэння склалі 3,1 % і 1,2 % адпаведна», – працягваюць эксперты.

На эканоміку Беларусі глядзяць пазітыўней

У папярэдніх хвалях апытання, якія праходзяць са снежня 2021 года, беларускія гараджане традыцыйна больш негатыўна ацэньвалі эканамічную сітуацыю ў краіне, чым матэрыяльнае становішча сямʼі. Аднак у першым квартале 2024 года разрыў скараціўся. Пра пагаршэнне эканамічнай сітуацыі ў краіне і ў сямʼі сказалі 33 % і 32 % рэспандэнтаў адпаведна.

«У цэлым назіраецца пазітыўная дынаміка ў ацэнцы эканамічнага стану краіны ў параўнанні з вясной мінулага года. 22 % лічаць, што сітуацыя палепшылася (+9 працэнтных пунктаў), 31 % лічаць, што сітуацыя не змянілася (+9 працэнтных пунктаў), 33 % лічаць, што сітуацыя пагоршылася (-23 працэнтных пунктаў)», – піша BEROC.

Ацэнкі матэрыяльнага становішча сямʼі засталіся прыблізна на ўзроўні восені 2023 года. 22 % апытаных распавялі пра паляпшэнне за мінулы год. Яшчэ 43 % не назіралі зменаў у іх матэрыяльным становішчы, а 32% кажуць пра пагаршэнне матэрыяльнага становішча.

У ацэнках будучыні ў беларусаў шмат нявызначанасці і немагчымасці прагназавання. Цяжка сказаць, што будзе з эканомікай Беларусі адказалі 26% апытаных, а 16% не ведаюць, што будзе з іх матэрыяльным становішчам.

Як беларусы ацэньваюць матэрыяльнае становішча сваёй сям’і і час для буйных пакупак.
Крыніца: BEROC

Эксперты лічаць, што з размеркаваннем свабодных грошай склалася цікавая сітуацыя. Хоць тэмпы спажывецкага крэдытавання не згасаюць, спрыяльным час для буйных пакупак назвалі толькі 16 % рэспандэнтаў. Яшчэ 29 % лічаць, што час хутчэй дрэнны, а 43 % – што плюсаў і мінусаў аднолькава.

Hавiны
Даўгі беларусаў па крэдытах выраслі за год амаль на чвэрць
2024.03.02 09:35

IT-шнікі сярод тых, хто пачуваецца горш за ўсіх

Па ўзросце самыя пазітыўныя чаканні ў людзей ад 18 да 24 гадоў.

«Падобная сітуацыя назіраецца ў многіх краінах, бо моладзь выходзіць на рынак працы і плануе павялічваць свае даходы», – піша BEROC.

Найбольш песімістычныя людзі старэйшыя за 55 гадоў.

«У залежнасці ад даходаў горш за ўсё сябе адчуваюць, чакана, людзі з нізкім узроўнем даходу (да 500 рублёў). Яны ж і зʼяўляюцца галоўнымі песімістамі адносна будучыні. Беларусы з вышэйшай адукацыяй традыцыйна горш ацэньваюць як кампанент будучыні, так і бягучы індэкс спажывецкай упэўненасці», – адзначаюць эксперты.

Хоць у цэлым індэкс палепшыўся, асабліва негатыўна ацэньваюць становішча краіны і ўласнае работнікі IT і супрацоўнікі прыватных прадпрыемстваў.

Траціна кажа пра змяншэнне даходаў

Доля людзей, якія ў лютым 2024 года распавялі аб зніжэнні даходаў за апошні месяц, склала 31,6 %.

«Калі выключыць тых, хто спасылаецца толькі на змяненне курсу як прычыну зніжэння даходаў, то доля зніжаецца да 29 %, а калі выключыць і рост коштаў – да 23 %», – працягвае BEROC.

Як з часам мяняюцца адказы беларусаў аб стане іх даходаў.
Крыніца: BEROC

Калі адкінуць уплыў курсу і росту коштаў, то аб зніжэнні даходаў часцей за ўсё казалі людзі з першапачаткова нізкім прыбыткам, самазанятыя і прадпрымальнікі, а таксама прадстаўнікі IT-сферы.

Асноўнымі прычынамі падзення даходаў у лютым былі рост коштаў, зніжэнне колькасці заказаў або кліентаў, змяненне валютнага курсу, а таксама пазбаўленне прэміі і страта падпрацоўкі.

З 31,6 % апытаных, якія адчулі зніжэнне даходаў, больш за траціну сталі эканоміць на ежы. А 20 % адзначылі, што сталі выкарыстоўваць свае зберажэнні або перасталі зберагаць зусім – гэта самы высокі працэнт за ўвесь час даследаванняў, то бок з канца 2021 года. Тады 17 % апытаных распавялі аб падобным становішчы спраў.

Зберагаць больш не сталі

Беларуская статыстыка кажа пра рост заробкаў, аднак хатнія гаспадаркі не сталі зберагаць больш. Напрыклад, у чэрвені 2023 года 41 % апытаных распавялі, што сталі выдаткоўваць больш, а ў лютым 2024 года такі ж адказ далі ўжо 50 %.

Адказы аб зберажэннях у параўнанні з летам 2020 года не моцна змяніліся. Па-ранейшаму 30% не зберагаюць зусім. А не робяць назапашванняў 41 % (у чэрвені 2023 года – 38 %).

На пытанне, куды б людзі аддалі перавагу ўкласці грошы, калі яны ёсць, то рэспандэнты выбіраюць замежную валюту (41 %) і нерухомасць у Беларусі (34 %).

Куды беларусы гатовыя ўкладаць грошы.
Крыніца: BEROC

А як з працай?

«На рынку працы доўгі час захоўвалася парадаксальная сітуацыя: з аднога боку, доля тых, хто страціў працу, знаходзілася ў сярэднім на ўзроўні 3,8 %, пры гэтым узровень страты працы сярод сяброў і знаёмых – 19,7 % – быў дастаткова высокі. У кастрычніку 2023 абодва паказнікі дасягнулі свайго мінімальнага значэнне. Доля тых, хто страціў працу, склала 2 %, а тых, у каго звольнілі кагосьці са знаёмых – знізілася да 11 %. Дадзеныя за люты 2024 пацвярджаюць, што намецілася тэндэнцыя на скарачэнне колькасці звольненых», – распавядае BEROC.

Рэгуляванне коштаў падтрымліваюць менш

Яшчэ адно пытанне, якое задавалі эксперты – як людзі ставяцца да рэгулявання коштаў. У кастрычніку 2022 года ў Беларусі была прынятая пастанова №713, якая ўвяла жорсткае рэгуляванне.

«У лістападзе 2022 большасць беларускіх хатніх гаспадарак падтрымалі такое рашэнне: 29% рэспандэнтаў выказаліся, што рашэнне дакладна правільнае, а 34 % – за тое, што рашэнне хутчэй правільнае. Доля тых, хто сумняваецца, была невялікая і склала 14 % апытаных. У лютым 2024, доля тых, хто падтрымлівае засталася ранейшай, аднак змянілася прапорцыя. Доля  «заўзятых прыхільнікаў» скарацілася на 13 працэнтных пунктаў і склала 16 %. Аб тым, што рашэнне хутчэй правільнае,  паведамілі 45 % рэспандэнтаў. Доля тых, хто не вызначыўся з адказам некалькі вырасла і склала 19 %», – адзначаюць эксперты.

Пры гэтым чаканні гарадскіх беларусаў ад рэгулявання коштаў пессімістычныя.

«Аб тым, што тавараў на прылаўках стала менш у лютым 2024 паведаміла толькі 15 % рэспандэнтаў. Пры ўмове захавання або ўзмацнення жорсткасці коштавага кантролю такога выніку чакаюць 31 % апытаных. Таксама ў два разы вырасла доля тых, хто чакае пагаршэння якасці тавараў (30% рэспандэнтаў)», – заключае BEROC.

Каментар
Дарагая лагістыка. Кошты на імпартныя тавары зноў пайшлі ў рост
2023.02.23 19:20

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў