Пракуратура Гомельскай вобласці пакарала 21 чалавека за суіцыды асобаў сталага веку


Пракуратура Гомельскай вобласці прааналізавала прычыны выпадкаў суіцыду сярод грамадзянаў сталага веку і ў выніку да адказнасці прыцягнулі 21 чалавека.

Фота мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: bloknot.ru

Аналіз статыстыкі паказаў, што цягам апошніх двух гадоў сярод вонкавых прычынаў смерцяў сталых асобаў пераважалі суіцыды. Іх прычынамі сталі сыход ад актыўнага сацыяльна-культурніцкага жыцця, зніжэнне фізічнай актыўнасці, цяжкія хваробы і самота.

Пракуратура высветліла, што «праца для недапушчэння суіцыду ў Гомельскай вобласці не заўсёды адпавядала патрабаванням, якія да яе выстаўляліся».

«У прыватнасці, суб’екты прафілактыкі не прапаноўвалі грамадзянам сталага веку псіхалагічнай дапамогі. Кампетэнтныя органы не заўсёды імкнуліся выявіць асобаў з групы рызыкі, – распавялі ў пракуратуры. – Нягледзячы на наяўнасць службаў бясплатнай псіхалагічнай падтрымкі, у людзей пенсійнага ўзросту, асабліва ў вясковай мясцовасці, адсутнічала культура зваротаў у такія службы».

Выпадкі неналежнага надання сацыяльных паслуг асобам, якія здзейснілі суіцыд, былі выяўленыя практычна ўва ўсіх раёнах.

Пракуратура таксама лічыць нясвоечасовымі захады для лекавання грамадзянаў сталага веку ад алкагольнай залежнасці і звязаных з ёю псіхатраўмавальных з’яваў.

Пытанні ўзніклі і да якасці надання паліятыўнай дапамогі, бо, паводле высноваў пракуратуры, нярэдка рашэнне пайсці з жыцця прымалі людзі, якія цярпелі ад цяжкіх, у тым ліку анкалагічных хваробаў, якім было патрэбнае медычнае ўмяшанне, псіхалагічная і сацыяльная дапамога.

«Практычна ўва ўсіх раёнах Гомельскай вобласці ў арганізацыях аховы здароўя не праводзілі належнага аналізу прычынаў выпадкаў суіцыду і ацэнкі працы суб’ектаў прафілактыкі», – падсумавалі ў пракуратуры.

У выніку 21 службовую асобу з установаў аховы здароўя і сацыяльнай абароны прыцягнулі да дысцыплінарнай адказнасці.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

 

Стужка навінаў