Ці збяднеюць беларусы ў 2021 годзе?


Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця прагназуе спад валавога ўнутранага прадукту сёлета ажно на 3,5 % і чарговую дэвальвацыю беларускага рубля. Паводле іншых прагнозаў, рост будзе, але найменшы сярод усіх нашых суседзяў. Пад пагрозаю дэфолту – найперш ІТ-сектар, які апошнія гады дапінгаваў эканоміку Беларусі. Як на сітуацыю паўплываюць эканамічныя санкцыі? Ці ёсць у Аляксандра Лукашэнкі план паляпшэння становішча ў эканоміцы? А можа, ён ёсць у камандаў Святланы Ціханоўскай ды Паўла Латушкі? Каментуюць эканамісты Яраслаў Раманчук і Леў Марголін.

Эксперты звяртаюць увагу на пагаршэнне бізнес клімату ў Беларусі праз масавыя пратэсты пасля выбараў летась.

Каментуе эканаміст Яраслаў Раманчук, кіраўнік Цэнтру Мізэса:

«У нас знішчаны давер да права. Тое, што было мадэлям дзярж-планам, сёння ператварылася ў мадэль ОМОНа эканомікі. А гэта шлях Паўночнай Карэі, а не шлях сучаснай еўрапейскай дзяржавы».

Еўрапейскі банк бачыць у гэтым пагрозу для беларускага ІТ-сектара, які заставаўся галоўным рухавіком эканамічнага росту ў першай палове 2020 года. Толькі ІТ-сектар кампенсаваў сітуацыю ў гаспадарцы, якая не даатрымлівала ад перапрацоўчай прамысловасці праз пандэмію.

Гаворыць эканаміст Леў Марголін:

«Скарацілася ўжыванне карысных выкапняў, як калійныя ўгнаенні, знізіліся кошты на гэтую прадукцыю на паліва, на калійныя ўгнаенні, таму гэта адразу адлюстравалася на падзенні ВУП».

Паводле афіцыйных звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэту Рэспублікі Беларусі валавы ўнутраны прадукт летась зменшыўся на 0,9%. У красавіку 2020 г. Еўразійскі банк развіцця прагназаваў спад на 3,3%. Міжнародны валютны фонд у кастрычніку ў сваім прагнозе назваў лічбу 3%.

Эканоміка з Чалым
Крызіс на БМЗ, банкі наступныя? Эканоміка з Чалым
2021.02.11 19:30

Паводле прагнозаў на 2021 г. рост ВУП Беларусі ў параўнанні з усімі суседнімі краінамі выглядае найменшым. Паводле МВФ ён складзе 2,2%.

Прэм’ер міністр Беларусі Раман Галоўчанка напрыканцы мінулага году падаваў куды больш сціплыя прагнозы росту ВУП на ўзроўні 1,9%. Чаму летась беларускі ВУП прасеў ці гэтыя праблемы звязаныя толькі з пандэміяй і палітычным крызісам?

Эканаміст Леў Марголін:

«Першая прычына адсутнасць інвестыцыяў. Пагадзіцеся наўрад ці хто з прадпрымальнікаў, якія сябе паважае, пагодзіцца ўкладваць грошы ў краіну, якой няма ні судовай сістэмы, ні праваахоўнай, па-другое, эканоміка Беларусі завязаная на Расею, а супраць Расеі ўведзены санкцыі».

Што цікава Раман Галоўчанка пасаду прэм’ера займае крыху больш за паўгода, а пры ім рубель патанеў на 5,7 %, інфляцыя плюс 7,2 адсотка, а дзяржаўны доўг вырас аж но на 8 адсоткаў, золатавалютныя рэзервы мінус 1,4 мільярда долараў. Плюс з дэпазітаў беларусы знялі чатыры з паловай мільярда рублёў.

Hавiны
Беларусы знялі з банкаўскіх рахункаў і схавалі ў «кубышкі» амаль 1,5 млрд долараў
2020.10.14 11:36

Леў Марголін, эканаміст:

«Ёсць яшчэ адна акалічнасць. Банкі ж не маюць сваіх грошай. Яны карыстаюцца грошамі прадпрыемстваў і людзей, калі людзі баяцца несці свае грошы ў банкі, то банкі павіны падвышаць адсоткі па ўкладах. Калі яны падвышаюць стаўкі па дэпазітах, то вымушаны павышаць стаўкі і па крэдытах».

У такой сітуацыі могуць дапамагчы замежныя крэдыты, але тая ж Расея праз санкцыі асабліва не мае магчымасці працягваць дэмпінгаваць беларускую эканоміку проста так.

Яраслаў Раманчук, эканаміст:

«Тое што беларусы стануць бяднейшымі гэта факт, на 99%, калі Расея не дадасць 5 мільярдаў долараў. Калі не будзе інвестыцыйнай лініі ад Кітаю. Інвестыцыйны патэнцыял у Беларусі вельмі скукожаны: інвестараў выганяюць, прадпрымальнікаў душаць. Таму за палітычны хайп у 2020 годзе, Лукашэнку прыйдзецца заплаціць у 2021».

Тым часам Еўразвяз працягвае разглядаць чарговыя варыянты пакетаў санкцыяў супраць рэжыму ад status quo да поўнага замарожвання адносінаў з Беларуссю. Ці спрацуюць?

Яраслаў Раманчук, эканаміст:

«Санкцыі супраць беларускіх вытворцаў, як і супраць канкрэтных асобаў не тычыцца львінай долі таго чым гандлюе і на чым зарабляе Беларусь. Таму санкцыі з’яўляюцца больш псіхалагічнай, палітычнай з’явай, на нафту, на сыравіну і ўгнаення яны не аказваюць ніякага ўплыву».

Наяўнасць заходніх санкцыяў, лічыць эксперт, рэжым скарыстае на сваю карысць: будзе тлумачыць выбарніку – чаму падаюць пенсіі, заробкі, чаму няма інвестыцыяў. У такім выпадку варта было б пачуць уцямны не толькі палітычны, але і эканамічны план зменаў ад штабу Святланы Ціханоўскай і Нацыянальнага Антыкрызіснага Кіравання Паўла Латушкі.

Яраслаў Раманчук, эканаміст:

«Сур’ёзных дакументаў ад Ціханоўскай і Латушкі я не бачыў, таму гэта застаецца вялікім знакам пытання. Я ведаю, што павінны мы рабіць, але ці яны з гэтым пагаджаюцца я не ведаю. Таму гэта адна са значных хібаў. Ёсць канцэнтрацыя на чым заўгодна акрамя таго, каб людзі ведалі чаго спадзявацца ад ураду новага прэзідэнта, якіх рэформаў».

Тым больш, што праз перыяд трансфармацыі прайшло шмат краінаў, акурат Беларусь магла б скарыстацца іх досведам ці, прынамсі, не паўтараць некаторых памылак: як да прыкладу ўзяць матрыцу Міжнароднага валютнага фонду і пачаць яе выкарыстоўваць. Але пакуль без рэформаў, а з бліжэйшых прагнозаў – з Беларусі будзе працягвацца не толькі ўцёкі мазгоў, але працоўных рук і капіталу.

Калаж з фота: Kremlin Pool / Russian Look / Forum

Сюжэт паказалі ў праграме «ПраСвет» 11 лютага 2021 г.

 

 

Стужка навінаў